Бліскучая гульня юных футбалістаў Астравеччыны

08:02 / 22.08.2011

Працягваюць радаваць вынікамі сябе, трэнера і балельшчыкаў астравецкія юныя футбалісты. Вось і нядаўна яны вярнуліся з абласнога спаборніцтва па міні-футболу “Скураны мяч” сярод удзельнікаў 1999-2000 гадоў нараджэння.


На спаборніцтва прыехалі 17 каманд. Астраўчане трапілі ў групу Б, дзе іх сапернікамі сталі юныя футбалісты з Смаргонскага, Карэліцкага і Іўеўскага раёнаў.
Першымі на поле выйшлі каманды са Смаргоні і Іўя. Іх сустрэча скончылася нічыёй – 1:1.
Наступны матч быў паміж зборнымі Астравецкага і Карэліцкага раёнаў. Перавага была на баку то адной, то другой каманды. Але пасля ў ход гульні ўмяшалася надвор’е – пачаўся моцны лівень. Душ з неба, мокры газон, слізкія буцы – гуляць у такіх умовах, канешне ж, стала цяжка. Асабліва не пашанцавала нашай камандзе – адзін з астраўчан выпадкова забіў аўтагол у свае вароты. Акрыленыя такім поспехам, карэлічане праз некаторы час забілі яшчэ адзін. Астравецкім футбалістам да канца матча ўдалося забіць толькі адзін мяч. У выніку 2:1 – перамога Карэліцкага раёна.
Наступнымі супраць нашай каманды гулялі спартсмены з Іўя. Спачатку гульня ішла роўна. А пасля фартуна ўсміхнулася астраўчаніну Аляксандру Герасіму – ён дакладным ударам адправіў мяч у сетку варот праціўніка. 1:0 – сустрэча скончылася на карысць астраўчан.
Другі дзень спаборніцтва для астравецкай каманды распачаўся складаным і напружаным матчам з самым моцным сапернікам – зборнай Смаргонскага раёна. Тут інтрыгі не атрымалася – 6:0 на карысць смаргонцаў.
У выніку астравецкая каманда заняла трэцяе месца ў сваёй групе і атрымала права пазмагацца за 9-12 месца. Першымі сапернікамі тут сталі футбалісты Ленінскага раёна Гродна. Нагадаем, што ў мінулым годзе астраўчане таксама сустракаліся з гэтай камандай і прайгралі. Таму сёлета нашы рабяты вельмі хацелі ўзяць рэванш. І гэта ўдалося! Бліскучая гульня – 3:1 на карысць астраўчан. А вось на наступную гульню ў нашых футбалістаў сіл, напэўна, ужо не хапіла – яны прайгралі зборнай Слонімскага раёна 4:0.
Такім чынам, каманда Астравецкага раёна заняла 10 месца сярод 17 каманд-удзельніц. А нашы суседзі, футбалісты са Смаргоні, упэўнена выйгралі ўсе матчы і сталі пераможцамі спаборніцтва.
–Я задаволены гульнёй нашай каманды, – каменціруе вынікі спаборніцтва трэнер Вадзім Лебядзевіч. –Там гулялі моцныя сапернікі, сярод якіх мы выглядалі дастойна. Я лічу, што астравецкая каманда заняла прыстойнае месца. І наогул усе рабяты – малайцы!


Марына МАЦКЕВІЧ.