Лясгас – лепшы ў шматбор’і

16:08 / 27.07.2011
У Лідзе на базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Алімпія” адбылася летняя абласная спартакіяда работнікаў лесу. Высокі ўзровень спартыўнай падрыхтоўкі прадэманстравалі работнікі Астравецкага лясгаса.

Спаборніцтвы праводзіліся па розных відах спорту – міні-футболе, валейболе, настольным тэнісе. Найбольш цікавым было летняе шматбор’е “Здароўе”, роўных у якім не было камандзе Астравецкага лясгаса. Жанчыны спаборнічалі ў бегу на 60 і 500  метраў, скачках з месца і адцісканні, мужчыны – у бегу на 100 метраў і 1 кіламетр, скачках з месца і падцягванні. У выніку ў індывідуальным заліку ва ўзроставай катэгорыі ад 20 да 30 гадоў “серабро” атрымалі майстар лесу Міхалішкаўскага лясніцтва Дар’я Лабкова і станочнік дрэваапрацоўчага цэха Сяргей Пашкевіч, у катэгорыі ад 30 да 40 гадоў роўных не было інспектару па кадрах лясгаса Аксане Сацура, якая заняла 1 месца. У ляснічага Варнянскага лясніцтва Анатолія Карнэліка таксама добры вынік – 4 месца.  Соф’я Савіцкая і Віктар Бабіч, якія выступалі ва ўзроставай катэгорыі ад 40 да 50 гадоў, занялі чацвёртыя месцы. Майстар лесу Кемелішкаўскага лясніцтва Міхаіл Буланаў узняўся на другую прыступку п’едэстала, а пенсіянерка, былы галоўны бухгалтар лясгаса Тарэса Валэйка на дастойным чацвёртым месцы – яны спаборнічалі са спартсменамі, якім больш за 50 гадоў.


У камандным заліку Астравецкі лясгас атрымаў “золата” і стаў лепшым у вобласці па шматбор’і. Падчас правядзення цырымоніі ўзнагароджання ўсім прызёрам былі ўручаны граматы і грашовыя прэміі, а камандзе лясгаса – кубак. Віншуем!


Вольга ШОЎКУН.