Астравецкія медыкі вярнуліся з "бронзай" з абласной спартакіяды

16:00 / 01.06.2011

Кубак за трэцяе агульнакаманднае месца прывезлі супрацоўнікі Астравецкай ЦРБ з абласной спартакіяды работнікаў аховы здароўя.


Гэтыя спартыўныя спаборніцтвы ўжо сталі традыцыйнымі. Аднак ніколі да гэтага часу, астравецкія ўрачы не займалі ў іх прызавога месца. Заўсёды спыняліся на самым крыўдным чацвёртым, у адным кроку ад п’едэсталу.
У гэтым годзе на спартыўных пляцоўках Гродна медыкі спаборнічалі ў валейболе, плаванні, падняцці гіры, дартсе, настольным тэнісе, легкаатлетычнай эстафеце і перацягванні канату.
Жаночая валейбольная каманда нашай ЦРБ на чале з капітанам Ірынай Багушэвіч не пакінула саперніцам ніводнага шансу: упэўненая перамога ва ўсіх гульнях.
А ў спаборніцтвах па падняццю гіры Дзмітрый Лаздзін падняў снарад вагой 24 кілаграмы ажно 150 разоў! Абсалютны рэкорд спаборніцтваў!
Другое месца ў гэтым жа відзе таксама за нашым Аляксандрам Касіла. І як вынік – першае месца ў спаборніцтве “гіравікоў”!
Другое месца ў настольным тэнісе – за Генадзем Хаменка.
Паспяхова выступілі нашы ўрачы і ў іншых відах праграмы. Як вынік – справядліва заваяваны кубак! Першы! Упэўнены, што не апошні!


Эдуард Свірыд.