Красавіцкія медалі астравецкіх баксёраў

18:49 / 09.05.2011
Юныя аматары скураных пальчатак вярнуліся з красавіцкіх спаборніцтваў – і астравецкая скарбонка ўзнагарод зноў папоўнілася.

Кандыдат у майстры спорту, колішні выхаванец Астравецкай ДзЮСШ, а зараз навучэнец рэспубліканскага вучылішча алімпійскага рэзерву Дзіма Лабэцкі ў канцы красавіка ў складзе мінскай каманды ўдзельнічаў у міжнародным турніры па боксе, які праходзіў у Пскове. Там юнак бліскуча правёў два баі і пакінуў рынг з залатым медалём. Зараз кандыдатура Дзімы разглядаецца ў спісе прэтэндэнтаў на ўдзел у Балтыйскіх гульнях.
З 12 па 14 красавіка ў Слоніме прайшла спартакіяда па боксе сярод школьнікаў вобласці 1997-98 гадоў нараджэння. Свае сілы на спаборніцтве паспрабавалі і 14 юных спартсменаў Астравеччыны. У выніку ў вагавой катэгорыі 38,5 кілаграма перамог усіх сапернікаў Арцём Рагавенка, а “сярэбраным” прызёрам стаў  Саша Грынчук. Таксама пераможцамі сталі Марк Маргуж (вагавая катэгорыя 43 кілаграмы), Дзіма Юцкевіч (44,5 кілаграма) і Артур Гайдуль (62 кілаграмы).
Як заўсёды, даў адзнаку спаборніцтву і трэнер па боксе А.З. Маргуж:
–Усе рабяты выступілі добра. Прыемна, што годна праявілі сябе і юныя выхаванцы нашага маладога трэнера Яўгена Іваніцкага – вучні Гудагайскай СШ Дзіма Кісель і Жэня Грачоў. Усе ўдзельнікі спартакіяды будуць удзельнічаць у зборы па падрыхтоўцы на спартакіяду сярод школьнікаў Беларусі.


Марына МАЦКЕВІЧ.