Вынікі спартыўнага жыцця Астравеччыны

10:43 / 23.03.2011

Што адбылося за мінулы год у спартыўным жыцці раёна, якімі дасягненнямі можна пахваліцца, якія праблемы і цяжкасці ўзніклі, што атрымалася, а што не і чаму, якія меры будуць прымацца ў сувязі з гэтым і што плануецца на 2011 год – гэтыя і іншыя пытанні і задачы вырашаліся пры падвядзенні вынікаў фізкультурyа-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы за 2010 год, якое адбылося нядаўна.


Распачаў пасяджэнне намеснік старшыні райвыканкама В.З. Свіла. Ад імя раённай улады ён падзякаваў супрацоўнікам спартыўнай сферы за плённую працу і дасягненні за мінулы год. Былі ўзгаданы і “залаты дубль” юных хакеістаў, і перамогі лёгкаатлетаў, і медалі баксёраў, і іншыя ўзнагароды. Віктар Збігневіч выказаў спадзяванне, што ў гэтым годзе спорт у нашым раёне працягне развівацца, а райвыканкам у гэтым акажа магчымую дапамогу.
Планамі на будучыню падзяліўся і начальнік аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама С.В. Шэін. Ужо пачалася рэканструкцыя старога будынка на вуліцы Камсамольскай, дзе калісьці размяшчаўся аддзел унутраных спраў, а зараз плануецца зрабіць спартыўны цэнтр. У далейшых задумах – добраўпарадкаванне гарадскога стадыёна. Ну і, канешне ж, плануецца і далей развіваць і ўдасканальваць турызм.
А пасля надышла чарга канкрэтнага аналізу праведзенай работы. Гэта паспрабаваў зрабіць дырэктар фізкультурна-спартыўнага клуба Л.С. Даўляш. Па агульных выніках спартыўна-масавых мерапрыемстваў Астравецкі раён з шостага месца ў 2009 годзе летась апусціўся на адну прыступку ўніз і аказаўся на сёмым. Пэўныя цяжкасці ўзніклі ў  дзіцячых конкурсах “Абаронца Айчыны” і “Снежны снайпер”. Было прапанавана ў сувязі з гэтым выбраць некалькі апорных школ і там весці падрыхтоўку вучняў, пасля правесці раённае спаборніцтва і толькі затым пасылаць лепшых на абласныя спаборніцтвы.
Яшчэ адна істотная праблема – адсутнасць у Астраўцы спецыяліста па шахматах і шашках. Ёсць таксама недапрацоўкі ў футболе, стрытболе, валейболе і іншых відах спорту, што і абумоўлівае не вельмі паспяховыя вынікі.
Затое ў астраўчан добрыя паказчыкі па хакею, лёгкай атлетыцы, лыжах, а таксама ў такіх масавых спаборніцтвах, як спартакіяды сярод спартыўных сем’яў і сельскіх жыхароў.
Такім чынам, праблемныя пытанні былі разгледжаны і прапанаваны варыянты іх ухілення і павышэння спартыўных вынікаў.
Затым слова было прадастаўлена дырэктару дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы А.І. Шаўчэнку, які расказаў пра асноўныя накірункі і вынікі работы ДзЮСШ. Ён адзначыў, што пераход у мінулым годзе ў падпарадкаванне аддзела па фізкультуры, спорту і турызму пайшоў толькі на карысць спартыўнай школе. А сярод асноўных  задач Анатоль Іванавіч адзначыў якасць набору ў спартыўныя групы – і гэта ў першую чаргу тычыцца гімназіі: з 600 вучняў секцыі наведваюць толькі 39 дзяцей. Яшчэ адна важкая праблема – паляпшэнне матэрыяльнай базы. Усе ведаюць, што трэнер ДзЮСШ А.З. Маргуж рыхтуе баксёраў высокага ўзроўню. Толькі вось займацца з дзецьмі належным чынам яму па-ранейшаму няма дзе – адпаведнай спартыўнай залы няма.
Аб спартыўных справах ва ўстановах адукацыі паведаміла метадыст па фізкультуры метадычнага кабінета аддзела адукацыі М.І. Сінкевіч. Пра ўзаемадзеянне моладзі і спорту расказаў начальнік аддзела па справах моладзі А.У. Трамбовіч, а пра развіццё турызму – намеснік начальніка аддзела фізкультуры, спорту і турызму У.Б. Карпей.
Падвёў выніковую рысу начальнік упраўлення фізкультуры, спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама В.У. Шніпко, які коратка акрэсліў плюсы і мінусы спартыўна-масавай работы Астравецкага раёна, паабяцаў разабрацца ў найбольш актуальных пытаннях і пажадаў плённай працы і новых дасягненнях на гэты год.
Затым надышла чарга ўзнагарод – В.У. Шніпко ўрачыста ўручыў кубак за трэцяе месца на абласным аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю фізкультура-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы, які заняў Астравецкі раён. Таксама былі ўзнагароджаны кубкамі і ганаровымі граматамі Астравецкага адзела фізкультуры, спорту і турызму лепшыя спартыўныя арганізацыі, сельгаскааператывы, установы адукацыі, настаўнікі і трэнеры нашага раёна.


Марына МАЦКЕВІЧ.