Гервяцкі турнір па валейболе

16:20 / 03.12.2010

У мінулую нядзелю ў спартыўнай зале Рымдзюнскай СШ адбыўся турнір па валейболе на прыз СВК “Гервяты”.


У спаборніцтве ўдзельнічалі шэсць каманд, якія былі падзелены на дзве падгрупы. У першай гулялі каманды СВК “Гудагай”, горада Ашмяны і СВК “Гервяты”, а ў другой – ФСК “Астравец”, СВК імя Гашкевіча і каманда Мядзельскага раёна.
Больш цікава і напружана праходзілі гульні ў першай падгрупе. Спачатку каманда СВК “Гудагай” нечакана выйграла ў фаварытаў турніру – СВК “Гервяты” з лікам 2:0. З такім жа лікам гервятцы перамаглі ашмянцаў. І самае цікавае – каманда з Ашмян з тым жа лікам 2:0 выйграла ў гудагайцаў. У выніку ў фінал выйшла каманда СВК “Гервяты”.
А вось у другой падгрупе такой інтрыгуючай барацьбы не атрымалася. Мядзельцы ўпэўнена выйгралі дзве гульні з аднолькавым лікам 2:0, такім чынам занялі першую пазіцыю і выйшлі ў фінал. Другое месца ў падгрупе дасталося ФСК, трэцяе – у СВК імя Гашкевіча.
У выніку ў сустрэчы за трэцяе месца каманда з Астраўца без праблем перамагла гудагайцаў. А ў фінале зборная Мядзельскага раёна з тым жа лікам 2:0 выйграла ў гервятцаў і заваявала галоўны прыз – кубак СВК “Гервяты”.
Таксама ўсе прызёры турніру атрымалі медалі і прызы ад СВК “Гервяты”. Спадзяёмся, што падобныя турніры ў нашым раёне стануць традыцыйнымі.


Казімір БАБІЧ.