Гарады, дзе пабывала, па якіх засумавала...

09:33 / 30.04.2010

З узростам у чалавека не толькі назапашваецца пэўны жыццёвы вопыт, але і ўзнікаюць своеасаблівыя задворкі памяці, куды адсылаюцца да лепшай пары або завальваюцца самі па сабе нявыкарыстаныя, неасэнсаваныя, неапісаныя згадкі – пра гарады, падзеі, сустрэчы. Найчасцей гэтыя завалы так і застаюцца неразабранымі, аб чым потым шкадуем – нешта зацёрлася, страціла яркасць, нешта ўвогуле знікла ...
“Города, где я бывал, по которым тосковал, мне знакомы от стен и до крыш”... Не, гарады маіх сноў – не Масква, і не Парыж — у першым была праездам, другі пабачыць так і не пашчасціла. Але аднойчы каротка пазнаёміўшыся, я па сваіх сумую.


Ніда
Восенню 1989-га выпала мне ў складзе дэлегацыі журналістаў Гродзеншчыны пабываць у Калінінградзе. Не толькі ў самім горадзе, але і ў адметных курортных мясцінах вобласці. На Куршскай касе, да прыкладу, на абласной базе адпачынку працаўнікоў пяра і фотаапарата. А яшчэ калегі арганізавалі нам кароткачасовую экскурсію ў закрыты – бо прыгранічны – літоўскі гарадок Ніду. Пажартавалі: маўляў, убачыце, як жыве сучасная буржуазія. Сапраўды, тут знаходзіліся шыкоўныя асабнякі саноўнікаў самага высокага рангу – членаў урада, знакамітых дзеячаў культуры і мастацтва, элітныя санаторыі і ўсё, што трэба для змястоўнага і ва ўсіх сэнсах карыснага адпачынку – клубы, музеі, кінатэатры. І, вядома, рэстараны, безліч утульных кавярняў ды бараў.
Стаяў пурпурова-залаты кастрычнік, а тут радавалі вока ізумрудныя дагледжаныя газоны з сакавітай маладой траўкай, на арыгінальных кветніках цешылі вока кусты хрызантэм розных вышыні, колераў і адценняў, рассаджаныя такім чынам, што клумбы нагадвалі ўзорыстыя персідскія кілімы. Нябачанага хараства ліхтары на літых металічных “нагах” стаялі паабапал чысцюткіх брукаваных вуліц, нібыта ганаровая варта. Стваралася ўражанне, што ноччу яны клапатліва перадаюць адзін другому аматараў позніх прагулак – каб не заблудзіліся і не спалохаліся цемры. Уражвалі нязвыклыя для горада цішыня і чыстае паветра – дзеля яго “буржуі” і ўцякалі на Балтыйскае ўзбярэжжа з буйных шумных, задымленых гарадоў.
Як хацелася застацца назаўсёды сярод гэтай раскошы, цішыні, хараства!..
У краіне буяла перабудова, набіралі моц цэнтрабежныя працэсы, прыбалтыйскія рэспублікі рыхтаваліся “на выхад” з СССР. Літва пачала аберагаць свой рынак ад “чужынцаў”, таму купіць што-небудзь на памяць аб Нідзе не выпадала. Ды і пакупніцкая здольнасць рубля імкліва зніжалася, а горад, па водгуках, быў з дарагіх. Вырашыўшы “шыкануць” у кавярні, заказала філіжанку натуральнай кавы і малюсенькае пірожнае (іншых там не было), заплаціла нешта каля васьмі рублёў. Кава была цудоўная, пірожнае – незямной смакаты, але цана заказу падмяшала гаркаты — дома на такую суму далі б і кубачак большы, і пірожнае таўсцейшае, яшчэ і крэманку марожанага з варэннем ў прыдачу. Не, не даў Бог нарадзіцца буржуйкай, то і прыкідвацца няма чаго!
А гарадок, незабыўны сваёй тонкай вышуканасцю і арыстакратычнай непадступнасцю, не-не, ды і прысніцца ў яркім каляровым сне, дзе мне так лёгка і хораша, што і прачынацца неахвота.

Несэбр
Невялікі старажытны горад у Балгарыі, на ўзбярэжжы Чорнага мора. Экскурсію туды арганізавала нам, групе савецкіх журналістаў, наша гід з Міжнароднага дома журналістаў у Варне – абаяльная Весна. “Вы павінны ўбачыць гэты горад, каб хоць краем вока зазірнуць у гісторыю Балгарыі”, — шчыра запэўнівала яна. Зазірнулі нашмат глыбей – у антычнасць. Уявіце сабе: там захаваліся рэшткі старажытнагрэчаскага гарадзішча! Некалі падчас раскопак вызваленыя з-пад напластаванняў пазнейшых культур, закансерваваныя, гэтыя руіны многімі пакаленнямі гараджан – не адных толькі вучоных – захоўваюцца ў ідэальным парадку. Ніякіх табе “новаробаў” (прынамсі, тады, у 1988 годзе), проста старанна вымеценыя абрысы вулачак, рэшткі муроў, брукаваны кавалачак гарадской плошчы... Ад гэтых сівых аскепкаў антычнасці веяла сапраўднай элінскай веліччу! А варта было адысціся на некалькі крокаў, як мозг прасвідравала прыкрая думка: чаму мы, на сваёй вялікай тады яшчэ радзіме не ўмеем так берагчы і шанаваць мінулае, бясцэнныя матэрыяльныя сведчанні даўніны глыбокай?...
Несэбр – невялікі гарадок, заблудзіцца там немагчыма, таму пасля экскурсіі Весна адпусціла нас пагуляць. Разам з сынам калегі – чатырнаццацігадовым разумнікам і эрудытам Сашкам мы вярнуліся да руін і яшчэ хвілін пятнаццаць убіралі дух антычнасці. А потым зайшлі ў кнігарню і накупілі ...кніг савецкіх выдавецтваў. На рускай мове. Тых, што нават за макулатуру дома было не дастаць.
Турыстычны аўтобус чакаў нас на спецыяльнай стаянцы – транспарт па гістарычным цэнтры Несэбра не пускалі ўвогуле, каб сваімі ядавітымі выхлапамі не псаваў чысцюткае, напоўненае пахамі вечнасці паветра, на старажытных мурах не асядала розная хімічная брыдота. Вялікую стаянку абсталявалі на самым уездзе. Прадпрымальныя людзі паадкрывалі тут свае шапікі з сувенірамі і рознымі прысмакамі. Наша гід параіла пакаштаваць смажанай рыбкі-бычкоў. Узялі па невялікаму пакеціку, але рассмакаваўшыся, адразу пабеглі па другі, а хто і тры ўхапіў. Кухар-турак ззяў залатазубай усмешкай, як сонейка. Балгарыя, як вядома, некалькі стагоддзяў была пад прыгнётам Асманскай імперыі, таму сярод насельніцтва краіны доля туркаў даволі значная. Асноўны занятак большасці з іх – гандаль, рамесніцтва, сфера паслуг. Таму ў турыстычным сервісе яны асвоіліся даволі паспяхова.

Брацк
Горад, апеты Пахмутавай (И с тех пор я тебя, мой палаточный Братск, самой первой любовью люблю) уяўляўся мне сучасным, прыгожым: высокія дамы ў суседстве з гонкімі кедрамі ды елкамі... У сне, які некалькі разоў паўтараўся падрабязна, у дэталях. А ў сапраўднасці аказаўся падобным і непадобным адначасова. Мікрараён пад назвай Падун – пачатак, выток вялікага горада Брацка, збольшага аднапавярховы.
Другі, Гідрабудаўнік, здаецца, застыў на мяжы 60-70-х гадоў. Дарога да яго вядзе па плаціне славутай Брацкай ГЭС. З-за моцнага шуму вады, што магутным вадаспадам абрушваецца па жолабах уніз, размаўляць немагчыма. Ды і слоў няма, адны воклічы здзіўлення ўперамешку са спалохам: такая веліч, такая моц! Далей напор вады паступова спадае, белыя пенныя буруны нібы раствараюцца ў бяскрайнім люстэрку славутага Брацкага мора...
Дзіўна, але ў мікрараёне Гідрабудаўнік многае здавалася знаёмым: такія трохпавярхоўкі з двума архітэктурнымі выступамі па фасаду сустракаюцца ў нашых гарадах – у тым жа Гродне, да прыкладу. Праўда, вельмі не хапала ўздоўж вуліц родных клёнаў і кветнікаў. Але для клёнаў занадта суровыя сібірскія зімы, а кветкі за кароткія леты, мусіць, не паспявалі вырасці з насення, набрацца сілы і расцвісці. Купкі соснаў і елак нечаму не цешылі вока. Хіба ж зраўняецца суровая сібірская прырода з нашай, беларускай – маляўнічай, пяшчотнай, душагрэйнай?
Ды куток радзімы я там ўсё ж пабачыла. Брацк будаваўся сіламі саюзных рэспублік. Таму ў новай частцы горада ўзвышаліся дамы-высоткі ўкраінскага, прыбалтыйскага ўзору. А беларускі мікрараён выглядаў нібыта перанесены нейкім цудам кавалачак Мінска.
Уражанні з разраду прыкрых: забруджанае выкідамі БЛПК – Брацкага лесаперапрацоўчага комплексу — і алюмініевага завода паветра, даўжэзныя чэргі за малаком, якое прадавалася проста з цыстэрнаў — як квас ці піва. Мноства рознага роду асацыяльных асоб на вуліцах...Звыклая для пачатку 90-х карціна. Але дзіўна: яна не разбурыла навеяны рамантычнымі гімнамі і створаны маімі ўласнымі летуценнямі вобраз блакітнага горада з такой сяброўскай, сардэчнай назвай: Брацк.

Таіса СЯМЁНАВА, фота аўтара.