Турнір імя Пукшты

16:19 / 23.04.2010
2
Упершыню па ініцыятыве начальніка аддзела фізкультуры, спорту і турызму С.В. Шэіна і пры падтрымцы індывідуальных прадпрымальнікаў В.З. Шырынскага, Ч.С. Лабачэўскага, І-А.І. Раўдановіча, а таксама ветэранаў спорту, у Рымдзюнскай СШ адбылося спаборніцтва па баскетболу сярод мужчын на прыз таленавітага настаўніка і трэнера Л.І. Пукшты, які працаваў ў Гервяцкай школе.
Паміж сабой сустрэліся каманды са Смаргоні, Астраўца, Гервят, Рымдзюн, Спондаў і Міхалішак. Гульні праводзіліся па кругавой сістэме. Яўным фаварытам адразу стала зборная са Смаргонскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву. Яна і выйшла ў фінал, дзе за права першынства змагалася з баскетбалістамі з Гервят. І першую палову сустрэчы трэнерам смаргонцаў прыйшлося пахвалявацца – іх выхаванцы прылажылі максімум намаганняў, каб перамагчы. Матч скончыўся з лікам 66:34 на карысць гасцей.
За трэцяе і чацвёртае месцы спаборнічалі каманды з Рымдзюн і Астраўца. Большую волю да перамогі праявілі гаспадары і перамаглі астраўчан з лікам 30:21. Наступныя месцы занялі Міхалішкі і Спонды.
Камандзе-пераможцы былі ўручаны пераходны кубак, дыпломы і каштоўныя прызы. “Сярэбраныя” і “бронзавыя” прызёры таксама не засталіся без падарункаў. Заслужаныя трафеі ўручалі жонка і брат Л.І. Пукшты.
Спадзяёмся, што гэты турнір з кожным годам будзе пашырацца і набываць новыя маштабы.

В. БЛАХІН.