"Зарница" собрала активных и спортивных школьников Островеччины

16:08 / 23.05.2012

Кожны год яна збірае актыўных і спартыўных школьнікаў раёна. Каб не на словах, а на справе праверыць, на што здатна падрастаючае пакаленне ў экстрэмальных сітуацыях,  вызначыць іх трапнасць, кемлівасць і хуткасць, уменне выступаць камандай і знаходзіць выйсце ў заблытаным становішчы. Кожны год яны дэманструюць усё гэта на ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца”, якая традыцыйна праводзіцца ў маі.


Сёлета “Зарніца” змяніла ранейшае месца дыслакацыі і з дзіцячага летніка “Ластаўка” перамясцілася на гарадскі стадыён Астраўца. Гэта і не дзіўна – за некалькі гадоў старое месца крыху “прыелася”, юныя ўдзельнікі ўжо вывучылі ўсе таямнічыя схованкі бліжэйшага лесу – а значыць, трэба азадачыць іх новым месцам і няпростымі заданнямі гульні. Што і вырашылі зрабіць творчыя натхняльнікі і арганізатары “Зарніцы”: аддзел па справах моладзі і аддзел адукацыі райвыканкама, Астравецкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі і аддзел пагранічнай службы “Гудагай”. Пачэснымі гасцямі на гульню былі запрошаны начальнік прызыву ваенкамата Д. Багуслаўскі і супрацоўніца РК БРСМ Л. Чусаўлянкіна.

Ды толькі рабяты хітрых планаў і заданняў “Зарніцы” не спалохаліся. Паўдзельнічаць у ваенна-патрыятычнай гульні прыехалі дзевяць каманд з Гервяцкай, Гудагайскай, Альхоўскай сярэдніх школ, Варнянскага НПК, Спондаўскай СШ, гімназіі, СШ№1, Міхалішкаўскай СШ і Кямелішкаўскага НПК.

Урачыстае пастраенне каманд перад пачаткам “Зарніцы” ля помніка загінуўшым воінам было вельмі сімвалічным – падрастаючае пакаленне памятае і шануе подзвіг тых, хто не вярнуўся з вайны. Хвіліна маўчання ў іх гонар, аб’яўленне праграмы гульні, прывітальныя словы С.А. Савіцкага і Д.З. Багуслаўскага – і раённая “Зарніца” распачала свой адлік.

Прыгожая выпраўка, уменне адчуваць локаць сябра і сінхронна маршыраваць на пляцы, слухаць і імгненна выконваць загады свайго камандзіра, ну і, вядома ж, веданне ваенна-патрыятычных песень – усё гэта рабяты маглі прадэманстраваць падчас першага конкурсу “Агляд строю і песні”. Хто думае, што гэтае заданне няцяжкае, вельмі памыляецца. Бо на справе памаршыраваць у такт, не пераблытаць “налева”, “направа”, “кругом” і пры гэтым трымаць дыханне і песню спяваць – гэта вам не з боку стаяць і за ўсім назіраць. Тут патрэбна старанная трэніроўка. Падобна, што найбольш плённа гэтым займаліся гімназісты, вучні з СШ№1 і Гудагайскай сярэдняй школы, якія і былі адзначаны журы як лепшыя.

Не паспелі рабяты прамаршыраваць, як ужо заклікала чарговае і, па-мойму, самае відовішчнае выпрабаванне “Зарніцы” – эстафета. Тут удзельнікам прыйшлося пабываць урозных ролях. Спачатку яны, як сапраўдныя вайскоўцы на адказным заданні, надзявалі процівагазы. Затым што ёсць сілы беглі да вызначанага месца. І апыналіся на адказным экзамене ў медыцынскую ўстанову, дзе трэба было адказаць на няпростае пытанне. Імгненне – і рабяты на полі бою, дзе побач “паранены” сябар – яму неабходна хутка аказаць першую дапамогу, пакласці на насілкі і даставіць у шпіталь. Справіўшыся і з гэтым, удзельнікі зноў траплялі на бегавую дарожку, дзе задача адна – хутчэй дабегчы да фінішу. Пры гэтым вынік залічваўся па апошняму чалавеку з каманды. Такія нежартоўныя выпрабаванні чакалі школьнікаў на эстафеце. Лепшыя вынікі тут прадэманстравалі каманды з гімназіі, Кямелішак і Альхоўкі.

Пакуль адны праходзілі эстафету, іх таварышы прыступілі да не менш важнага і адказнага задання. Які юнак, ды і не толькі юнак, не марыць хоць раз выстраліць з сапраўднага пісталета? А калі пашанцуе – то і пусціць чаргу з “калаша”? Канешне, трэба будучым байцам умець і страляць – аднак ці не “слабо” перад гэтым хуткаі правільна зброю разабраць? Менавіта гэта і прапаноўвалася рабятам зрабіць у чарговым конкурсе – разборка і зборка пісталета і аўтамата. Не ўсім адразу і бездакорна скарылася грозная зброя, але ў выніку, хоць і з розным поспехам, з заданнем справіліся ўсе. А найлепш і хутчэй за астатніх гэта атрымалася ва ўдзельнікаў з гімназіі, Кямелішкаўскага НПК і СШ№1.

Уменне абыходзіцца са зброяй рабяты даказалі – а значыць, надышоў час і пастраляць. Праўда, пакуль з пнеўматычнай вінтоўкі. У ролі “снайпераў” з кожнай каманды маглі паспрабаваць сябе двое ўдзельнікаў – хлопец і дзяўчына. Самымі трапнымі аказаліся стралкі з Альхоўскай СШ, гімназіі і Кямелішкаўскага НПК.

Ды толькі сапраўдным байцам недастаткова ўмець толькі са зброяй абыходзіцца. Часам прыходзіцца змяніць іх на аловак і паперу і пераўтварыцца ў ваенных карэспандэнтаў. Тым больш, што чарговы выпуск “Баявога лістка” літаральна зрываецца па тэхнічных прычынах. Аднак удзельнікі “Зарніцы” гэтага не дапусцілі, заяўленую тэму “90 гадоў піянерскаму руху” на старонках выдання належным чынам раскрылі – і ў патрэбны час дзевяць свежых нумароў “Баявога лістка” ляжалі на стале галоўных рэдактараў – членаў журы. Па іх меркаванню, найлепш з гэтым заданнем справіліся юныя карэспандэнты з Гервяцкай СШ, СШ№1 і гімназіі.

На гэтым, здаецца, усе ваенна-патрыятычныя здольнасці рабяты прадэманстравалі. А як жа разведка?! Уменне заўважаць і шукаць дробязі, супастаўляць іх у адно цэлае і рабіць адпаведныя вынікі? Тым больш, што дзесьці непадалёк у лесе хаваюцца двое ўмоўных дыверсантаў… І ўжо крыху стомленыя рабяты кінуліся на іх пошукі.

Сёлета, у адрозненні ад мінулых гадоў, “дыверсанта” каманды шукалі не ўсе разам, а кожная паасобку. Самымі лепшымі следапытамі і разведчыкамі сталі ўдзельнікі з Кямелішкаўскага НПК – яны знайшлі дыверсантаў за 2 хвіліны 44 секунды. На другім месцы – Гудагайская СШ (4,39), на трэцім – Альхоўская СШ (5,48).

На гэтым заданні “Зарніцы” вельмі дарэчы скончыліся. Бо рабяты ўжо не толькі прытаміліся, але і прагаладаліся. Тым больш, што нос ужо даўно казытаў водар сапраўднай салдацкай кашы. І хутка ля палявой кухні выстраілася чарга. Пакуль школьнікі грымелі лыжкамі і талеркамі, да падліку вынікаў спаборніцтваў прыступілі члены журы.

Нарэшце настае доўгачаканы і адказны момант – аб’яўленне лепшых. Трэцяе месца ў ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца” заняла каманда Альхоўскай СШ. На другім – удзельнікі з Гудагайскай СШ. Пераможца – каманда гімназіі, якая будзе прадстаўляць Астравеччыну на абласных спаборніцтвах.

Усе каманды-ўдзельніцы атрымалі граматы, а прызёры і пераможцы – каштоўныя прызы.
Марына МАЦКЕВІЧ.