Дмитрий Лабецкий из Островца стал чемпионом первенства республики по боксу

08:59 / 15.05.2012

Дзмітрый Лабецкі з Астраўца стаў чэмпіёнам першынства Рэспублікі Беларусь сярод юніёраў 1996-1997 гадоў нараджэння.


У спаборніцтвах, якія праходзілі з 23 па 28 красавіка ў Віцебску, у складзе зборнай вобласці ўдзельнічалі і два выхаванцы Астравецкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы – Дзіма Юцкевіч і Дзіма Лабэцкі.


Дзіма Юцкевіч (вагавая катэгорыя да 50 кілаграмаў) першы бой выйграў, а ў другім саступіў саперніку, які ў выніку і стаў чэмпіёнам. У астраўчаніна – чацвёртае месца.


Яго таварыш і цёзка – кандыдат у майстры спорту Дзіма Лабэцкі (вагавая катэгорыя да 57 кілаграмаў) правёў добрыя баі і ў выніку ў паўфінале рынг звёў яго з майстрам спорту, пераможцам першынства рэспублікі і бронзавым прызёрам першынства Еўропы сярод школьнікаў, баксёрам з Гомеля. Ды толькі наш Дзіма – не з баязлівых. Ці трэба казаць, што паядынак чакаўся сур’ёзны і напружаны? Інтрыга захоўвалася да апошняга і прымусіла пахвалявацца і трэнераў, і гледачоў, і ўдзельнікаў. Пасля першага раўнда лік быў 1:1, пасля другога – 2:2, пасля трэцяга і апошняга 3:3. Але па падліках “брудных удараў” паядынак завяршыўся з лікам 27:16 на карысць астраўчаніна.


А наперадзе нашага ўдзельніка чакаў нялёгкі бой з сур’ёзным сапернікам, пераможцам першынства Беларусі, удзельнікам еўрапейскіх турніраў, спартсменам з Мінска. Шэраг удараў і прыёмаў – у выніку Дзіма Лабэцкі становіцца чэмпіёнам першынства. Больш таго – юнак трапіў у склад нацыянальнай зборнай Беларусі і паедзе на першынство Еўропы, якое адбудзецца летам у Сафіі. Малайчына!


Аднак расслабляцца астравецкім  баксёрам няма калі. Хутка адбудзецца першынство вобласці, а пасля – і рэспублікі сярод юніёраў 1998-1999 гадоў нараджэння, пераможцы якога таксама атрымаюць пуцёўкі на ўдзел у першынстве Еўропы. Такім чынам, чакаем ад нашых рабят новых перамог.



Марына МАЦКЕВІЧ.