Праект "Вандруем без білета". Лінія Сталіна

13:00 / 28.06.2013
Дзень усенароднай памяці і смутку, які адзначаецца ў нашай краіне 22 чэрвеня, дзень пачатку самай страшнай і кровапралітнай вайны, – адна з нагод узгадаць падзеі Вялікай Айчыннай. Распытаць людзей, што яшчэ памятаюць тыя гады, пачытаць праўдзівую кніжку ці паглядзець кіно.
Ці наведаць, калі надарыцца такая магчымасць, гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”, што непадалёк ад Мінска, на маладзечанскай шашы…

Словазлучэнне “Лінія Сталіна” ў большасці маладзейшых беларусаў (як ні дзіўна, але ў гэтым сэнсе я таксама магу аднесці сябе да іх ліку) зараз асацыіруецца менавіта з назвай гэтага гісторыка-культурнага комплексу, прасцей – маштабнага ваеннага музея пад адкрытым небам, пабудаваным па ініцыятыве дабрачыннага фонду “Памяць Афгана” і пры падтрымцы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь метадам “народнай будоўлі” і адкрытым да 60-й гадавіны Вялікай Перамогі.
І толькі тыя, хто добра ведае гісторыю (сябе, на жаль, да іх ліку аднесці не магу), могуць расказаць, што ўмоўную назву «Лінія Сталіна» атрымаў ланцужок абаронных умацаванняў уздоўж дзяржаўнай граніцы СССР ад Карэльскага перашыйка да ўзбярэжжа Чорнага мора. Будавалася гэтая “Лінія Сталіна” – па аналогіі з “Лініяй Мажыно” ці “Лініяй Манэргейма” – з 1928 года да восені 1939 года і ўяўляла сабой 23 умацаваныя раёны, у якія ўваходзілі больш як 400 доўгатэрміновых агнявых кропак, у рускай абрэвіятуры – дотаў. Чатыры такія ўмацавальныя раёны – Полацкі, Мінскі, Слуцкі і Мазырскі – былі пабудаваны на тэрыторыі Беларусі. (Усё гэта і многае іншае мне “дзядзька гугл” расказаў, хочаце даведацца больш пра “Лінію Сталіна” – звяртайцеся да яго).
Магутная жалезабетонная заслона даўжынёй 1200 кіламетраў павінна была абараніць Краіну Саветаў ад усялякай агрэсіі з захаду. Чаму гэта не атрымалася – тэма зусім іншай размовы, у якой рэй павінны весці гісторыкі і ваенныя, а не вечныя дылетанты журналісты. Я чужы хлеб адбіраць не буду, а паспрабую у чарговы раз “сесці на свайго канька” і расказаць пра асабістыя ўражанні ад наведвання культурна-гістарычнага комплексу “Лінія Сталіна”.
Па праўдзе кажучы, прапанову падчас апошняй рэдакцыйнай вандроўкі наведаць, акрамя купалаўскай Вязынкі, яшчэ і “Лінію Сталіна”, я ўспрыняла без асаблівага энтузіязму – не вельмі люблю ваенныя музеі. Чаму – аб гэтым неяк “вуснамі дзіцяці” вельмі пераканаўча растлумачыў мой шасцігадовы пляменнік, якога я “цвічыла” за “экспрапрыіраваны” ў дзеда і прыхаваны ў таемным месцы, але своечасова выяўлены мною порах: “Ну чаму вы на нас сварыцеся? – рэзонна заўважыў тады Вадзім. – Мы ж – хлопчыкі, і павінны гуляць з нечым небяспеч¬ным. Былі б дзяўчынкамі – гулялі б з лялькамі”. Дык вось, мне, як вечнай “дзяўчынцы”, таксама больш даспадобы… Ну, не зусім “лялькі” – вырасла я ўжо з таго ўзросту. Але мяне найбольш цікавяць мясціны, якія найперш звязаны з лёсамі людзей – такіх у Беларусі нямала. Але калектыў аднадушна сказаў: “Едзем на “Лінію Сталіна”!” – і я падпарадкавалася. Аб чым – скажу, забягаючы наперад, – ніколькі не пашкадавала. Бо неаднойчы ўпэўнівалася: каб мець аб нечым уласнае ўяўленне – няважна, добрае ці дрэннае – трэба кіравацца сваім, а не чужым вопытам, уласнымі ўражаннямі, а не стэрэатыпамі.
На “Лінію Сталіна” мы выбраліся ў суботу і, хоць замаўлялі экскурсію загадзя, экскурсавода нам не хапіла: ці то экскурсантаў шмат, ці то экскурсаводаў мала. Шкада: экскурсавод, маладзенькі хлопчык у форме чырвона-армейца ўзору 1941 года, у палінялай гімнасцёрцы з белым падкаўнерыкам і ў пілотцы набакір так маляўніча нешта расказваў суседняй групе… А нам звесткі потым даводзілася “здабываць” выключна з таблічак каля рознай ваеннай тэхнікі, а пазней – ад “дзядзькі гугла”.
Але з-за адсутнасці экскурсавода наша вандроўка па “Лініі Сталіна” (даволі расцягнутая, скажу я вам – і ў часе, і ў прасторы, таму ў чарговы раз нагадваю тым, хто збіраецца ў падарожжа: думайце не пра прыгажосць і моду, а пра зручнасць – гэта значыць, пра абутак) была, можа, і менш інфармацыйна насычанай – але затое больш вольнай у адносінах да часу і наведаных аб’ектаў. І нашы дзяўчаты і хлопцы маглі колькі заўгодна ўяўляць сябе кулямётчыкамі, зенітчыцамі, наводчыкамі і стралкамі гармат, танкістамі – і прымяраць на сябе іншыя віды ўзбраення, не забываючыся, вядома, усё гэта фіксаваць на фотакамеру.
Лётчыцамі вось толькі, на жаль, нам не дазволілі сябе адчуць – у самалёт, і нават не ў магутную “сушку”, але і сціплую “аннушку” пільныя наглядальнікі залезці не дазволілі… Не кажучы ўжо пра ракету – прататып той, што вывела на арбіту першы касмічны карабель з чалавекам на борце, ці ў супрацьракетны комплекс. Ну і не трэба, а мы і не хацелі! Нам хапіла і таго, куды пускалі.
Спытаецеся: а якое дачыненне маюць супрацьракетныя комплексы да “Лініі Сталіна”? Дык я ж і кажу: аб усім трэба мець уласнае ўяўленне. Я таксама думала, едучы на экскурсію, што пабачу толькі ўзбраенне часоў Вялікай Айчыннай вайны. Так, гэтага там у дастатку. У музеі адноўлены артылерыйскі капанір (ці паўкапанір? Прабачце, мужчыны, цяжка мне з гэтым – з лялькамі прасцей…) Кулямётныя доты. Траншэі. Акопы. Бліндажы. Надаўбы. Там нават сабрана ўнікальная экспазіцыя расійскіх, нямецкіх і польскіх бронекаўпакоў, якія захаваліся яшчэ з першай Сусветнай вайны (аб тым, што экспазіцыя ўнікальная, мне зноў жа інтэрнэт падказаў, і я, як любая жанчына, паверыла гэтаму разумнаму і, што самае галоўнае, пераканаўчаму мужчыну на слова). Там стаяць франтавыя “палутаркі” і “трыццацьчацвёркі”. Словам, калі каго цікавіць, якой зброяй і на якой тэхніцы ваявалі ў Вялікую Айчынную вайну, – вам абавязкова трэба пабываць на “Лініі Сталіна”.
Аднак у гістрыка-культурным комплексе створана салідная экспазіцыя і сучаснай ваеннай тэхнікі – самалётаў, ракет, супрацьпаветраных комплексаў – вядома, дэманструюцца тыя з іх, якія ўжо не з’яўляюцца дзяржаўнай таямніцай. Але ўсё роўна цікава. Музейныя работнікі сцвярджаюць, што на “Лініі Сталіна” сабрана найбольш поўная ў Беларусі экспазіцыя ўсёй ваеннай тэхнікі, артылерыі, танкаў, авіяцыі, стралковай зброі, якая знаходзілася на ўзбраенні савецкіх войскаў, пачынаючы з часоў вайны. Паверым і ім на слова – першы раз, ці што? А калі можаце абвергнуць гэтае сцвярджэнне, то паспрабуйце.
Дарэчы сказаць, на “Лініі Сталіна” можна не толькі ўсё (ці амаль усё) кратаць рукамі, залазіць, круціць і бясконца фатаграфавацца – што з задавальненнем і робяць экскурсанты, асабліва хлопчыкі, якім цікава ўсё, што звязана з тэхнікай, а тым больш – з ваеннай. (І мужчыны, вядома, якія ў душы – таксама хлопчыкі, ніяк не нагуляюцца “ў вайнушку”). За дадатковую плату там можна нават пастраляць з сапраўднай зброі часоў Вялікай Айчыннай вайны: вінтоўкі Мосіна, аўтамата ППШ, знакамітага кулямёта “Максім”, “таварыша “Маўзера” ці нават з супрацьтанкавага ружжа (15 тысяч рублёў – і вы аўтаматчык, 100 тысяч – і “варожы танк” палае, а вашы спадарожнікі стаць з закладзенымі вушамі і мараць, каб больш ні ў каго не ўзнікла жадання з такім грукатам выпусціць у паветра заробленую непасільнай працай сотню). А калі 10 чалавек скінецца па 100 тысяч рублёў, то можна нават пакатацца на сапраўдным танку (на БТРы – дзешавей). Нас ці то “жаба прыдушыла”, ці то не дадумаліся спачатку наладзіць такі “танкавы тур”, але пасля шкадавалі: ото б здымкі былі!
Пра гістарычную дакладнасць усяго гэтага ваеннага начыння гістарычна-культурнага комплексу мне меркаваць цяжка: ну не спецыяліст я – ні ў ваеннай справе, ні ў гісторыі… Але тыя расповеды, што чула ў свой час ад ветэранаў, сапраўдных удзельнікаў вайны – прымушаюць (даруйце, стваральнікі комплексу, я шчыра захапляюся той вялікай і карыснай справай, што вы зрабілі – і ўсё ж…) сумнявацца ў тым, што такія вось бліндажы, траншэі і акопы, якія мы пабачылі на “Лініі Сталіна”, на самой справе былі падчас вайны – выкапаныя, бы пад шнурочак (пэўна ж, экскаватарам…), умацаваныя бярвёнамі – сапраўдная “добраўпарадкаваная кватэра з усімі выгодамі” па ваенных мерках… Ну, калі такія і “пабудавалі” – інакш не скажаш, то толькі падчас працяглай “перадышкі” на перадавой… Франтавікі ж расказвалі, што ў час баёў добра, калі ўдавалася на штык-другі лапаты ў зямлю “закапацца”, каб хоць якім узгорачкам ад кулі-дурніцы схавацца… Хоць, зрэшты, на “Лініі Сталіна” дэманструецца ж не франтавая перадавая, а спецыяльна пабудаваны ўмацаваны раён – так што, можа, і дарэмна я сумняваюся…
Але нам, сучасным, і гэты “камфорт” падаўся жудасным… Ну як можна на жалезным крэсле, і нават без спінкі – гэта пасля недастаткова мяккага сучаснага офіснага! – цэлы дзень “круціцца” ля зеніткі? Ды не проста круціцца, а сачыць, дзе там самалёт, прыцэліцца, збіць яго – бо інакш можаш загінуць сам ці твае таварышы... А ў гэтым акопе, дзе ледзь праціснешся – як тут бегчы з кулямётам ці аўтаматам, як прыцэльвацца, страляць? І ўвогуле – жыць тут: есці, спаць?.. А рукі перад ядой дзе памыць?
Напэўна, для гэтага і патрэбны падобныя музеі, каб хоць у такім, адносна набліжаным да сапраўднага, выглядзе, паказаць сучасным дзецям камфорту і цывілізацыі, у якіх умовах і якой цаной заваёўвалася перамога, каб яны хоць на хвілінку, хоць гуляючыся, адчулі сябе абаронцамі Айчыны…
А потым, можа, нешта зварухнецца ў душы – сапраўднае, не з камп’ютарнай “вайнушкі”. І задумаецца нехта: а некалі ж і мой дзед (прадзед, прапрадзед…) вось так, у акопе, пад кулямі….


--------------------------------------
Аматарка блізкіх і далёкіх вандровак Ніна РЫБІК.