Откройте для себя свой собственный Мир!

12:00 / 18.06.2013




Зараз па тэлебачанні ваўсю рэкламуюць традыцыйныя канцэрты пад адкрытым небам у Мірскім замку. Нехта ж, пэўна, збіраецца… І мне міжволі ўзгадаліся нашы шматлікія наведванні Міра, у тым ліку і паездкі на канцэрты – але не толькі. Захацелася падзяліцца ўражаннямі. Магчыма, некаму, хто ў гэтыя выхадныя ці крыху пазней збіраецца наведаць Мір – турыстычны ж сезон у самым разгары, а Мір – адзін з найбольш папулярных турыстычных аб’ектаў Беларусі, і цікавасць да яго існуе не толькі ў чэрвені, падчас канцэртаў на адкрытым паветры, – мае нататкі дапамогуць у фарміраванні плана паездкі. Бо, скажу па сакрэту, Мір – гэта не толькі Мірскі замак. Больш таго: з маёй уласнай (вядома ж, суб’ектыўнай кропкі гледжання) палац у Міры – не самае цікавае. А што яшчэ? Зараз раскажу…

КАНЦЭРТЫ


Ну, раз пачалі з канцэртаў, то імі і прадоўжым…
На канцэрты ў Мірскім замку мы ездзілі двойчы. Як правіла, канцэрты вянчалі даволі насыча¬ную папярэднюю экскурсійную паездку па спадарожных “гарадах і весях”. Але ехаць у Мір толькі дзеля канцэрта, нават калі там выступае ваша любімая група ці артыст, я ўсё роўна не раіла б. Як па мне, дык для падарожжа з Астраўца ў Мір адных гэтых уражанняў малавата будзе. Тым больш, што яшчэ пытанне, якімі акажуцца тыя ўражанні…
Калі вы, як мы ў сваю першую паездку, мяркуеце, што, прыехаўшы ў Мір, між іншым у чаканні канцэрта паблукаеце па замку і паслухаеце экскурсавода, прыбіўшыся да якой групы, то папярэджваю: не мыльцеся, мыцца не давядзецца. Палац падчас канцэртаў для наведванняў закрыты.
Чаго будзе ў дастатку, дык гэта розных лавак і латкоў з усялякай непатрэбшчынай “на памяць”, атракцыёнаў для аматараў адрэналіну незалежна ад ўзросту, ўсялякіх там поп-корнаў, цукровых ват і колы – словам, гэткі ўніверсальны пыласос для вашых кашалькоў.






Не разлічвайце таксама, што, патрапіўшы на канцэрт, вы чынна ўсядзецеся ў мяккім крэсле (ці нават на мулкай лаўцы) – і, заплюшчыўшы вочы і выцягнуўшы стомленыя ногі, будзеце адпачываць ад насычанага дня і атрымліваць асалоду ад канцэрта. Для таго, каб слухаць зорак сусветнай ці рэспубліканскай велічыні, седзячы ў партэры, трэба быць сусветнай ці хоць рэспубліканскай “vip”-персонай – напрыклад, Валянцінам Юдашкіным, якога мы выпадкова сустрэлі ў натоўпе падчас першай паездкі на канцэрт у Мірскі замак (ну не памятаю я, у якім годзе гэта было! Здаецца, у 2007-м. А можа, памыляюся…) А ўсе астатнія гледачы, не vip, тусуюцца за агароджай. І бачаць зорак на вялікіх тэлеэкранах. У першую паездку яны былі ўстаноўлены па перыметру агароджы, і можна было сядзець з адносным камфортам на лужку, падпяваць “Зямлянам” “И снится нам не рокот космодрома…”, а пры жаданні – нават падтанцоўваць. На канцэрце “Машыны часу” Андрэя Макарэвіча ўбачыць можна было таксама з вялізнага тэлеэкрана – але толькі пры ўмове, што вы прашчаміліся да самай агароджы, бо экраны былі ўстаноўлены толькі на сцэне. Пра сядзенне на добра вытаптанай да таго часу траўцы не было чаго і марыць: ваша адваяванае непасільнымі намаганнямі “vip-месца” тут жа зоймецца іншымі. Так што выбірайце, што лепш: падглядваць ў паўвока, што ж там робіць на сцэне артыст ці даць спачын нагам… Гук, праўда, быў цудоўны, так што апошні варыянт – не з горшых.
Нехта скажа: а што вы хацелі – за бясплатна ў партэры сядзець? І будзе мець рацыю. Так што выбірайце: калі вам такі канцэрт даспадобы – імчыце ў Мір, пакуль не позна, білеты замаўляць не абавязкова.
Для тых, хто дачакаецца заканчэння абодвух канцэртаў – дадатковы бонус: шыкоўны (на самой справе!) феерверк. Пасля якога на нейкі момант уся стомленасць знікае. Але ў такім выпадку дахаты вы даберацеся пад раніцу – і стома вам гарантавана на ўвесь наступны дзень: праверана на сабе…

ПАЛАЦ


Але ў большасці Мір асацыіруецца ўсё ж з палацам, і я проста вымушана расказаць вам пра свае ўражанні ад яго шматлікіх наведванняў. Зараней прашу прабачэння, калі расчарую вас, ці мае ўражанні не супадуць з вашымі…
Прызнаюся шчыра: мне Мірскі палац не падабаецца. Так, велічны, так, прыгожы, так, пампезны, так, старадаўні… Але, як па мне, дык нейкі несапраўдны, бутафорскі – нібы зроблены з дзіцячага канструктара “лега”. І музейная экспазіцыя беднаватая – асабліва тая, што была на першым часе. І ўсе гэтыя расповеды экскурсаводаў пра Радзівіла Рыбаньку і катанне на санях па солі ўжо набілі аскому – асабліва калі ў адзін дзень пабываеш у Нясвіжы і Міры – што бывае найчасцей, і пачуеш у абодвух месцах адно і тое ж – нібы больш няма пра што расказваць!
Што там сапраўднае і дае адчуванне знаходжання ў палацы 18 стагоддзя – дык гэта крутая (у сэнсе – стромкая, з высачэннымі прыступкамі, а не супер-дарагая) лесвіца, якая вядзе праз вузкія і цесныя, як труна, сутарэнні, на самы высокі паверх, з якога адкрываецца цудоўны від на неабсяжныя ваколмірскія далягляды… Пасля такога бясплатнага “фітнесу” ногі баляць яшчэ дзень, і цяжка даўмецца: як жа па гэтых прыступках лазілі стражнікі ў поўнай амуніцыі, ды яшчэ са сваімі дзідамі, лукамі і стрэламі? Ці жанчыны ў тагачасных сукнях да пят?
Нядаўна пасля рэканструкцыі адкрылася яшчэ адно крыло Мірскага замка. Там музейная экспазіцыя шмат багацейшая. Уражваюць старадаўнія (хоць і не з гэтага палаца) шпалеры (мы б сёння сказалі – дываны), рэканструяваныя памяшканні – гаспадарчыя і “панскія”. І ўсё ж, блукаючы па велічных залах, адзначаеш для сябе, што гэтыя вось пампезныя люстры “пад даўніну” зроблены на Лідскім заводзе “Каскад” – падчас аднаго з журналісцкіх семінараў нам паказвалі ўвесь працэс… А посуд прывезены аднекуль – як і сервант, у якім ён стаіць… І калі ёсць у гэтым замку працэнтаў дзесяць сапраўдных рарытэтаў, то гэта проста цудоўна. А ўсё астатняе – чыясьці фантазія, і добра яшчэ, калі абгрунтаваная гістарычнымі звесткамі. А нядаўна адкрытыя, абсталяваныя па апошнім “піску” канферэнц-зала, ліфт і супер-сучасныя туалеты ў сутарэннях замка мяне “дабілі”: зручна, вядома, – але ж у сярэднявечным палацы!!!
(Злавіла сябе на думцы, што той жа мікс старадаўнасці і сучаснасці, які так раздражняе мяне ў Міры, мінулай восенню мы бачылі ў цудоўным, прызнаным лепшым у Еўропе гатэлі ў Лідзбарку Вармінскім у Польшчы – і гэта выклікала ўсеагульнае захапленне. Чамусьці там гэта выглядала натуральна і арганічна, а ў Міры – штучна і недарэчна.)
Зрэшты, зноў жа – гэта маё меркаванне. Вы можаце наведаць Мір, калі не былі там раней (зрабіць гэта, я лічу, проста абавязаны кожны, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі) – і займець сваё ўласнае.



ПРЫВАТНЫ МУЗЕЙ


Пабываць у Міры варта хоць бы таму, што гэта сапраўды цікавае гістарычнае месца, і звязана яно не толькі з імем уплывовых магнатаў Радзівілаў, для якіх Мірскі замак быў нечым накшталт лецішча, дзе яны “адпачывалі” – гэта калі ў сваёй рэзідэнцыі ў Нясвіжы “перапрацоўваліся”, ладзячы балі ды вечарынкі, канцэрты ды прыёмы, і ў пошуках разнастайнасці выязджалі ў Мір.
Я б параіла ў Міры абавязкова пабываць у храмах – у касцёле і царкве. Там кожны камень дыхае мінуўшчынай, і адчуць подых стагоддзяў мне ўдалося менавіта там, а не ў палацы.
А каб даведацца, што такое Мір, хто тут жыў і чым займаўся – бо, паўтаруся, жылі тут не толькі і не столькі Радзівілы, было нямала не менш цікавых, хоць і непараўнальна бяднейшых і не такіх знакамітых людзей – я б параіла вам наведаць малавядомы прыватны музей, размешчаны амаль што ў цэнтры пасёлка – нам паказалі яго падчас аднаго з журналісцкіх семінараў (нездарма ж кажуць, што семінары – рухавік прагрэсу!)






Музей гэты невялікі, месціцца ў аднапавярховым дамку, і стварыў яго па ўласнай ініцыятыве і на ўласныя сродкі былы работнік гандлю. Як і ўсюды, дзе справа робіцца не за загаду “зверху” і не ў адпаведнасці са шматлікімі інструкцыямі, якія часам выключаюць адна другую, а па ўласнай ініцыятыве, не “дзякуючы”, а “насуперак”, у гэтым музеі ёсць галоўнае, што павінна тут быць, – ДУША (прабачце мне гэтую крамольную думку, але ў палацы, у рэстаўрацыю якога ўкладзены мільярды і мільярды, я яе не адчула). Колькі там экспанатаў! Яны ледзь змяшчаюцца на невялікай плошчы музея. І якія разнастайныя: мэбля, рэчы, кнігі, старадаўнія фотаздымкі, дакументы – усё, заўважце, сапраўднае, арыгінальнае, а не расфарбаваныя прыгожанькія муляжы ці фотакопіі. Яны лепш любога экскурсавода расказваюць пра колішніх жыхароў пасёлка Мір, пра іх лёсы, справы, дасягненні, перамогі і трагедыі… І гэта, мне здаецца, самае цікавае, што ёсць у гісторыі. Бо гісторыя – гэта перш за ўсё людзі, якія яе стваралі…
У тым музеі ёсць нават старадаўні драўляны ложак з разной спінкай – кажуць, што мае цудадзейную сілу, асабліва для мужчын. Але нашы жанчыны таксама палічылі не лішнім на ім пасядзець: калі не дапаможа, то пэўна ж, не зашкодзіць...
А гаспадар музея да таго ж – яшчэ і цікавы расказчык (яшчэ б: кожны экспанат прайшоў праз яго рукі ў літаральным сэнсе слова, у кожнага – свая ўласная гісторыя). Ён столькі ведае пра сваё мястэчка, умее так цікава і з такой любоўю распавядаць пра яго колішніх уладальнікаў і жыхароў, што не закахацца ў Мір проста немагчыма. Не буду вам пераказваць яго расповеды (тым больш, што нешта ўжо і прызабылася, памяць жа дзявочая) – проста параю усім (і сабе таксама) пабываць у гэтым музеі.

Спадзяюся, я сваёй буркатнёй не адбіла ў вас жадання наведаць Мір? Гэтага б хацелася менш за ўсё. Бо мясціна сапраўды прыгожая, цікавая, гістарычна багатая. І пры жаданні вы тое невычэрпнае духоўнае багацце набудзеце і незабыўныя ўражанні атрымаеце. У любым выпадку пабачыць усё на свае вочы – нашмат лепш, чым рабіць выснову выключна з расповедаў, у тым ліку і маіх. Так што збірайцеся – і ў дарогу! Адкрываць для сябе свой уласны Мір!
Ну і іншыя гарады і вёскі Беларусі, вядома…


---------------------------------------------------------------------
Аматарка блізкіх і далёкіх вандровак Ніна РЫБІК.