Путешествие в Браслав подарил Дед Мороз журналисту "Астравецкай праўды"

16:00 / 21.01.2014
І калі стала ясна, што калядна-навагоднія падарункі закончыліся, Дзед Мароз раптам зрабіў самы шыкоўны з сёлетніх прэзентаў: падарыў мне  падарожжа.
Хаця дзеля аб’ектыўнасці адзначым, дзед ён – для сваіх унукаў, а для ўсіх іншых людзей – Іосіф Антонавіч Мароз, рыбак, паляўнічы, чалавек многіх талентаў, галоўны з якіх – гатоўнасць дапамагаць людзям.
Побач з Дзедам у поўнай адпаведнасці з навагоднім “пратаколам” прысутнічала Снягурачка – унучка Яначка. А яшчэ (біяграфія казачнага персанажа,  здаецца, нарэшце пачала набываць больш дэталёвыя абрысы!) – яго жонка Тарэса Мацвееўна.
Хаця, калі сур’ёзна, то ініцыятарам вандроўкі была, канешне ж, Тарэса Мацвееўна. Гэта яна патэлефанавала мне напярэдадні вечарам і сказала  кароткае: “Далучайся!” Ну, нам, прывычным, сабрацца – хіба што падперазацца…
Едзем!

Першы прыпынак – касцёл святога Міхаіла ў Міхалішках.


Ля галоўнай брамы стаіць прыгожы аўтобус – мяркуючы па прымацаванай таблічцы, наведаць нашы храмы вырашылі курортнікі з Нарачы. Што ж, яны – да нас, мы – да іх…
“Стаенка” – ды што там! – сапраўдная стайня, вакол якой сабраліся і пастушкі, і “тры каралі”, (усе – у натуральную велічыню) чакае нас у  касцельным двары. У цэнтры кампазіцыі, канешне ж, Святое Сямейства.
Яшчэ адна “шопка” зроблена ўнутры касцёла. Але мітусня турыстаў, якія спяшаюцца задаволіць адразу ўсе вандроўніцкія патрэбы: палюбавацца  нязвыклым багаццем унутранага аздаблення храма, шчоўкнуць пару кадраў, памаліцца, набыць сувеніры – мяшае засяродзіцца, таму мы выходзім з  касцёла даволі хутка.
…Едзем далей. За вокнамі – шэрань, вільгаць і пранізваючы вецер. У салоне машыны цёпла, утульна і смачна пахне бутэрбродамі, якія Яначка ўжо  пачала выцягваць са свайго рукзачка. Ехаць бы і ехаць, і няхай дарога не заканчваецца, каб не патрапіць з цяпла ў золкую надварыну лістападаўскага студзеня.



Паставы. Касцёл святога Антонія Падуанскага,


таго самага святога Антонія, да якога мы молімся, калі нешта згубім. Пабудаваны з чырвонай цэглы ў неагатычным стылі. Асвечаны ў 1904 годзе.
Нагадвае чымсьці наш касцёл у Гервятах. Наш, вядомая справа, прыгажэйшы. Ужо хоць бы таму, што ён – наш.
Уваходныя дзверы зачынены. І мы вырашаем абысці вакол храма. З правага боку касцёла – доўгі двухпавярховы будынак, які яўна належыць касцёлу.
Чытаем шыльды: “Дом моладзі”, “Жалобная зала для развітання з памерлымі”, “Нядзельная школка”… Да бакавых дзвярэй прымацавана яшчэ адна, з  надпісам: “Касцельны музей”.
Нават па шыльдах можна меркаваць аб дзейнасці парафіі і яе святароў…
Падыходжу да машыны, бяруся за ручку дзверцы – і ў гэты самы момант наваколле накрывае глухі магутны рокат. Звон? Недаўменна пераглядваемся з  Тарэсай – можа, памёр хто ў парафіі і звон абвяшчае свету сумную навіну?
– На гадзіннік гляньце, – падказвае наш “дзед” Мароз.
Мы паслухмяна паварочваем галовы ўслед за яго рукой. Сапраўды, стрэлкі на вялізным касцельным гадзінніку сышліся на лічбе 12. І гадзіннік  нагадвае аб гэтым ударамі свайго маятніка.
Ад’язджаем пад музыку – да ўдараў “прышпілена” яшчэ і музычная застаўка…



Відзы. Касцёл Святой Тройцы (парафія Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі).


Так, той самы, што крыху збівае наш астравецкі ганарок, прымушаючы нас, калі мы расказваем пра беларускі “Нотр-Дам” – Гервяцкі касцёл,  агаворвацца: другі па вышыні ў краіне. Касцёл у Відзах – самы высокі ў Беларусі: толькі яго больш як 70-мятровыя вежы пераўзыходзяць 61-мятровы шпіль Гервяцкага касцёла.
Дарэчы, вышыня храма падчас вайны саслужыла яму кепскую службу – артылерысты актыўна выкарыстоўвалі яго для так званай “прыстрэлкі”. І сёння  цагляныя сцены касцёла ў шматлікіх выбоінах ад куляў і снарадаў…
Каб даведацца год пабудовы храма, не трэба ўглядацца на шыльду – над уваходам вісяць дзве лічбы “1914” і “2014”, значыць, сёлета парафія будзе  святкаваць стогадовы юбілей сваёй святыні.
Касцёл самы вялікі, а парафія, можа, самая маленькая ў краіне (па чутках, крыху больш за 100 чалавек). Але храм дагледжаны. А “шопка” на вуліцы наогул уражвае сваёй “густанаселенасцю” – якіх толькі біблейскіх, казачных, лясных персанажаў ні завітала да Маленькага!
На касцельнай тэрыторыі ўсталяваны арэлі – мясцовай дзятве падабаецца на іх гушкацца. Побач, пад вокнамі былой бальніцы, зроблена Крыжовая  дарога. Плябанія непрывычна невялікая, пазбаўленая раскошы, затое крытая чымсьці жоўтым, і колер даху настолькі яркі, што ўзнікае ілюзія  прысутнасці сонца…



Опса. Касцёл святога Яна Хрысціцеля


Ён болей падобны на сярэднявечную крэпасць. Асабліва яго камена-цагляная агароджа з прастрэламі, як з байніцамі. Глянеш скрозь адну з іх, а ўнізе – возера. З завіткамі пажоўклай травы па берагах. Неба – шарэй за восень – спрабуе адбіцца ў гэткага ж колеру азёрных водах – не атрымліваецца…
Вулічная “шопка” – справа ад цэнтральных дзвярэй. У адрозненне ад усіх раней бачаных, у ёй прысутнічае жывая істота: ля ясляў з Божым Дзіцем скруціўся абаранкам маленькі чорны сабачка. Паглядвае на нас жывымі разумнымі вочкамі, відавочна пабойваецца, але – ні з месца. Абараняе,  відаць, Немаўля.
– Як вам удалося прывучыць шчанючка? – пытаюся ў мужчыны ў спартыўных штанах, які, убачыўшы цікаўных ля храма, далучыўся да нашай кампаніі. У  ходзе размовы высвятляецца, што гэта – мясцовы пробашч.
– Якога шчанюка? – не разуме святар.
Падыходзіць да “шопкі”, разглядае, спрабуе прагнаць няпрошанага вартаўніка. Сабачка трасецца ад страху, але добраахвотны пост не пакідае –  дзеці і жывёла нутром адчуваюць, дзе жыве ісціна…
Пробашч запрашае нас у храм. Цікавы роспіс на хорах. Па-святочнаму ўбраная ёлачка абапіраецца на прыгожы звон. Надпіс па-страславянску  расчытаць няпроста, але год ліцця адразу кідаецца ў вочы: 1888-ы.
– Перад прыходам саветаў, – гаворыць святар, – парафіяне вырашылі схаваць звон і закапалі яго ў зямлю. Ды так надзейна, што самі забыліся дзе.  Пакуль пару гадоў таму калгасны трактар, пераворваючы поле, не натыкнуўся на яго. Бачыце, плугам вырваны кавалак звона? Мы яго прыварылі, але спяваць звону не суджана. Дэкарацыя – не больш…
На пакалечаны звон балюча глядзець. Уражанне такое, што ён і сам не разумее, што адбылося: спяваў – радаваў свет, у добрым і ў кепскім быў  разам з людзьмі. А потым яго раптам пазбавілі паветра – закапалі ў зямлю. А затым наогул разбілі. І колькі цяпер ляжаць безгалосым? І галоўнае
– навошта?..
– Цяпер паедзем ДА МЯДЗВЕДЗЯ, – сказаў дзед Мароз. – Яначка, пакінь лясному жыхару хоць адзін бутэрброд.
Дзяўчынка з гатоўнасцю складвае недаедзеную каўбасу ў празрысты пакет. Мы з Тарэсай пераглядваемся і паблажліва ўсміхаемся – дарослыя цёткі,  мы выдатна ведаем, што “мядзведзь” будзе драўляным. Ці, на крайні выпадак, каменным.
Перад браслаўскімі могілкамі Іосіф паварочвае ўправа – і неўзабаве мы спыняемся ля… жывога мядзведзя. У клетцы, канешне, але звярына яшчэ тая  – добрых паўтоны вагой. І кіпцюрышчы – куды тым модніцам з іх наклеенымі!..
Тут жа – загон ваўка. І дзікага кабана. І цэлага гурту аленяў.
Аказваецца, гэта вальерная гаспадарка Браслаўскага лясгаса. Кошт уваходнага білета – 10 тысяч рублёў. Нягледзячы на холад і дождж, ля клетак  людна.
Аглядваючыся, каб не нарвацца на водпаведзь даглядчыка, падкормліваем усіх па чарзе. Фатаграфуем і фатаграфуемся. Назіраем, як кампанія  маладых расіян перакідвае мядзведзю “паўтарачку” піва, – той прыціскае падарунак да бярвенчатай падлогі, зубамі спрытна адкусвае корак і, націснуўшы нагой на бутэльку, робіць невялікі піўны фантанчык, які трапляе яму проста ў горла.
– За 18 гадоў жыцця ў вальеры, – уздыхае падышоўшы дзяжурны ляснік, – Міша ўсур’ёз прыстрасціўся да піва. Прывучылі турысты. Хаця… Можа, гэта адзінае, што ў стане хоць крыху падлагодзіць ягонае жыццё ў жалезнай клетцы…



Браслаў. Кляштар сясцёр-эўхарыстак.


Ён стаіць на самым беразе вялікага возера.
Яшчэ з Паставаў мы пазванілі сястры Алене (яна працавала ў Астраўцы і нават тры разы друкавалася ў раёнцы), якая цяпер узначальвае кляштар, і  папярэдзілі: прыязджаем някліканыя. Так што нас чакалі. Правялі ў трапезную, накармілі гарачым баршчом (абавязкі кляштарнага повара выконвае
сястра Наталля, яна таксама працавала ў Астраўцы) і каўбаскамі. Потым сястра Алена знаёміць нас з домам.
Браслаўскі кляштар сясцёр-эўхарыстак – гэта трохпавярховы будынак. Новы, “з іголачкі”. З нацяжной столлю, ламінатнымі падлогамі і густоўным  (хоць і не асабліва дарагім) дэкорам. З гаражом, у які можна трапіць, не выходзячы з дома, з асобнымі пакоямі для мыцця бялізны, яе прасавання і г.д. Трэці паверх – нумары для гасцей, якіх летам бывае – пад завязку. Зімой іх няма, таму сёстры, каб зэканоміць на аплаце, адключылі ацяпленне. Маіх спадарожнікаў сястра Алена размяшчае на другім, “сястрынскім”, паверсе, а мяне вядуць уніз – на першы.
Ага! Падобна, мне дастаўся “люкс” – з мініяцюрнай спаленкай, з невялічкім гасцінным і санітарным пакоямі. Радуюся. Так ужо, відаць, устроены  чалавек – збіраюся пераначаваць усяго адну ноч і наўрад ці паспею пакарыстацца дадатковымі выгодамі, але ўсё роўна прыемна…
– У гэтым пакоі звычайна спыняецца наш біскуп, – гаворыць сястра Алена, і мяне – як абухом.
Не, сапраўды, а хто я такая, каб мяне прымалі, як біскупа?.. Забягаючы наперад, прызнаюся: ад адчування ўласнай неадпаведнасці спалася  неспакойна – нават у сне пераследавала літургічнае “не естэм годна…”
…Пасля вячэры сёстры запрашаюць нас на Імшу.



Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі


Храм збудаваны галоўным чынам з абчэсанага каменя, акантаванага чырвонай цэглай. З двух бакоў да яго дзвярэй вядуць манументальныя лесвіцы,  таксама каменныя. Зроблены і пандус. За касцёлам своеасаблівы амфітэатр у выглядзе вялізнага карабля – тут адбываюцца летнія фэсты.
Але час заходзіць у храм – Імша вось-вось распачнецца.
У Браслаўскім касцёле светла і, дзякуючы архітэктурным асаблівасцям пабудовы, шмат паветра. Скульптура Укрыжаванага Езуса на бочным алтары  ўражвае сваім рэалізмам. Тут жа вялікая выстава калядных малюнкаў і самых розных вырабаў мясцовай дзятвы.
Служба адбываецца па-беларуску.
Пасля Імшы, вярнуўшыся ў кляштар, сядаем піць гарбату. Папростаму, на кухні. Сястра Наташа і Тарэса Мацвееўна “свяжуюць” шчупакоў, прывезеных  Іосіфам Антонавічам. Анекдоты, жарты, смех… Але ў 21.45 усё спыняецца.
Аказалася, з дзесяці вечара ў сясцёр-эўхарыстак настае своеасаблівая моўная паўза – далей яны могуць размаўляць толькі з Богам. Крыху  збянтэжаныя, мы разыходзімся па сваіх пакоях…
…Пасля ранішняй Імшы ўзбіраемся на Замкавую гару. Казачнае відовішча! Браслаў – нібы астравок, з двух бакоў заціснуты азёрамі, супрацьлеглых  бакоў якіх на гарызонце не бачна.
Ад’язджаем пасля абеду. Сёстры дружна выходзяць на ганак – махаюць нам услед. Развітвацца з Браславам, з яго азёрамі, старымі і новымі  пабудовамі, з гарбатымі вулачкамі, з кляштарам і яго гаспадынямі, апранутымі ў чорныя строі, але светлымі душой, чамусьці невыносна сумна…
Мы едзем у Слабодку. “Немагчыма быць у Браславе і не ўбачыць Слабодку!” – лічыць Тарэса Мацвееўна. Маючы на ўвазе, канешне ж,



касцёл Сэрца Езуса.


Пабудаваны ў неараманскім стылі, храм уражвае сваёй грунтоўнасцю. Вось так, здаецца, стаяў, стаіць і стаяць будзе вечна. Магутны і беласнежны,  нягледзячы на войны, землятрус, бязвер’е…
Касцёл у калядныя дні нагадвае біблейскую пячору: ад уваходных дзвярэй да самага алтара яго падлога ўсцелена сенам. Зялёным і пахучым, нібы  толькі з сенажаці. Крадком запіхваю ў кішэню невялічкую пасмачку. “Бярыце смела, – убачыўшы мае маніпуляцыі, усміхаецца жанчына, якая адчыніла нам дзверы. – Усе бяруць. Хто ў свой хлевушок прыносіць потым асвечанае сенца – каб жывёла добра вялася, хто ў падушку зашывае – каб радасней спалася…”
Унутранае ўбранства касцёла здзіўляе сваім процістаяннем яго знешняму выгляду. З вуліцы храм белы, непарочны, крыху адстаронены ў сваёй  падкрэсленай святасці, а ўнутры – сапраўднае буйства жыцця, баль сакавітых колераў, феерыя жанравых сцэнак, абразоў, жывапісных медытацый у
стылі Віжэнары арт…
– Ксёндз Станіслаў Гурскі, які стаў працаваць у нашым касцёле пасля вайны, – расказвае між тым жанчына, – пазнаёміўся неяк у бальніцы з адным  чалавекам. У таго былі два таленты: да жывапісу і да алкаголю. Пробашч запрасіў мастака да сябе. Чатыры гады той пражыў у плябаніі, чатыры гады ксёндз цярпеў яго запоі і дэпрэсіі – але касцёл у выніку быў распісаны.
Перш чым пакінуць Слабодку, мы наведваем мясцовыя могілкі, знаходзім магілу ксяндза Станіслава Гурскага і молімся яму і Богу з удзячнасцю. На  жаль, імя мастака ў аналах гісторыі парафіі не захавалася…
Снягурачцы (чытай: Яначцы) хочацца палюбавацца страусамі. А жонка дзеда Мароза марыць набыць фірменны сыр, які шмат гадоў выпускае гаспадарка,  у якой гэтыя самыя страусы ўтрымліваюцца. І паназіраць за свіннямі, што жывуць тут па метаду “ўсё навокал калгаснае – усё навокал маё”,
таксама цікава. Таму на скрыжаванні дарог Іосіф Антонавіч рашуча зварочвае ў супрацьлеглы ад Астравеччыны бок – на Полацк. Але…
Свіней, якія б вольна гулялі “па горах, па долах”, як мы ні ўглядаліся, мы так і не заўважылі. Ля вядомай усім праязджаючым па Полацкім тракце  кавярні па перыметры сваёй агароджы нервова кружыў усяго адзін страус. А завод па выпуску фірменных сыроў, як аказалася, спыніў сваю  вытворчасць.
– Старшыня памяняўся, – развёў рукамі пажылы чалавек, якому мы адрасавалі сваё недаўменне…
На нашым шляху ляжаў яшчэ адзін касцёл – Нарачанскі. Але вечар ужо насупіўся цемрай, а дождж барабаніў па даху аўтамабіля так спора, што мы  палюбаваліся храмам толькі з салона. Тым больш, што ведалі: айца Бярнарда Радзіка перавялі з Нарачы ў іншую парафію.
А потым была дарога дадому, якая, як вядома, заўсёды карацейшая…


------------------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.