Алесь Кушнер – пра футбол, выхаванне дзяцей і беларускую мову

09:01 / 30.01.2019
Чаму карэнны мінчанін змяніў жыццё ў сталіцы на правін­цыю? Ці не перашкаджае спартыў­наму трэнеру беларуская мова? Навошта невялікаму райцэнтру футбольная акадэмія? Ці ёсць будучыня ў беларускага футбола – і ў чым яна? Пра гэта і не толькі – у нашай размове з заснавальнікам і трэнерам фут­больнай акадэміі Алесем Кушнерам.

76.jpg

– Алесь, футбольная акадэмія Fair plау пры падтрымцы Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» амаль год дзейнічае ў Астраўцы, а ў суседніх Ашмянах вы працуеце з дзецьмі ўжо сёмы год. Скажыце, за гэты час удалося дасягнуць нейкіх вынікаў, якія можна запісаць у актыў вашай футбольнай школы?
– Ну вось, і вы – пра вынікі…
Вынікі, вядома, ёсць. Апошнія з іх – тое, што і ашмянскія, і астравецкія юныя футбалісты даволі паспяхова выступілі на Рэспубліканскім турніры – пра гэта нядаўна пісала ваша газета. Мы рэгулярна становімся прызёрамі рэспубліканскіх і між­народных спаборніцтваў.

Але я не стамлюся паўтараць: не дзеля «здабычы» медалёў і дыпломаў стваралася футбольная акадэмія Fair Plау, а дзеля таго, каб дзеці, якім падабаецца гэты від спорту, маглі ім займацца. Сёння ў астравецкай футбольнай акадэміі каля сотні хлапчукоў, і не толькі з Астраўца – многія бацькі прывозяць дзяцей на трэніроўкі з вёсак. І гэта галоўны вынік: дзеці не сядзяць у камп’ютарах, не паляць цыгарэты, не п’юць піва – яны займаюцца прыгожым, разумным, відовішчным відам спорту. Не ўсе яны стануць вядомымі футбалістамі – але мы, іх трэнеры, спадзяёмся, што ўсе яны будуць любіць і разумець футбол – і гэта галоўнае. Вядома, праз нейкі час выявяцца найбольш таленавітыя, якія пойдуць далей і, магчыма, стануць прафесійнымі футбалістамі, сапраўднымі зоркамі. Дарэчы сказаць, чацвёра ашмянскіх выпускнікоў акадэміі гуляюць у мінскім «Тарпеда», адзін – у жодзінскім.

Але, яшчэ раз паўтаруся, расціць зорак – не асноўная наша мэта. Галоўная задача – развіваць масавы футбол, максімальна павялічыць колькасць людзей, якія любяць гэты від спорту, і ўжо праз гэта прыйсці да выніку ў выглядзе падрыхтаваных да прафесійнага футбола юнакоў. Масавасць жа не толькі ў тым, колькі людзей ганяе мяч, а і ў тым, колькі іх прыходзіць на стадыёны, прыводзіць з сабой дзяцей, мае любімую каманду, за якую заўзята хварэе. І калі такіх будуць сотні, тысячы, то сярод іх абавязкова знойдуцца таленты, годныя для прафесійнага футбола. Задача трэнера – гэты талент заўважыць і развіць.

Кушнер з дзецьми.jpg

Але бацькі прагнуць вынікаў… Яны прыводзяць дзяцей у спар­тыўную секцыю – і хочуць, каб праз 3-4 месяцы, а то і раней, іх яго сын ці дачка сталі зоркамі беларускага футбола. Так не бывае! Калі вы прыводзіце дзіця ў школу, то не аддаяце ж яго адразу ў пяты клас, а пачынаеце з першага, з азоў. Так і ў футболе.

Ды нават не гэта галоўнае. Адна з асноўных задач, якую мы ставім перад сабой, – навучыць думаць. На жаль, вялікая праблема сённяшняга выхавання ў тым, што дзяцей не прывучаюць думаць. Яны не ўмеюць быць ініцыятыўнымі і самастойна прымаць рашэнні: чакаюць, калі трэнер іх навучыць, падкажа, якой нагой і ў які кут варот трэба прабіць. А як можа быць інакш, калі ўсюды – у садку, школе, сям’і – за іх заўсёды і ўсё нехта вырашае: выхавацелі, бацькі, настаўнікі. Але ў футбол гуляюць не нагамі, а галавой! І каб добра гуляць, трэба ўвесь час думаць, вельмі хутка аналізаваць сітуацыі, якія ўзнікаюць на полі, імгненна прымаць рашэнні – такі сучасны футбол. І гэтаму мы вучым дзяцей у першую чаргу: хутка прымаць рашэнні і быць ініцыятыўнымі, і не толькі на футбольнай пляцоўцы, але і па-за яе межамі.  

66.jpg

– Ведаю, што вы стажырава­ліся ў Германіі. Гэтаму вас там навучылі?
– І не толькі гэтаму. 
Галоўнае адрозненне ў тым, што ў нас футбольныя школы – ні ў якім разе не хачу пакрыўдзіць сваіх калег, але найперш дзяржаўныя – нацэлены на вынік, якога ад іх патрабуюць. І прымаючы дзяцей у секцыю ў шасцігадовым узросце, трэнеры ўжо спрабуюць вызначыць, наколькі гэта здольны і перспектыўны футбаліст. Але ў такім узросце гэтага нават сам Гасподзь не можа сказаць! У мяне ў Ашмянах быў выпадак, калі ў акадэмію прыйшоў хлопчык, які абсалютна нічога з сябе не ўяўляў. Але ён так хацеў гуляць, так старанна трэніраваўся, што праз тры гады з гэтага «шэрага мышаняці» вырас сапраўдны лідар каманды. 

А ў Германіі – і мы гэта ім­кнёмся пераймаць – галоўнае, каб дзіцяці падабалася тое, чым яно займаецца, каб яно ішло на трэніроўкі з задавальненнем, а не пад прымусам. Там трэнер не загадвае бясконца каму куды бегчы. Так, ён можа падказаць – але нячаста. Калі дзіця нешта зрабіла не так, трэнер не скажа яму: «Гэта няправільна». Ён спытае: «Як ты думаеш, ці можна было ў гэтай сітуацыі згуляць па-іншаму?» – тым самым прымушаючы выхаванца аналізаваць. І калі той прыходзіць да высновы, што, сапраўды, можна было згуляць інакш, трэнер прапануе: «Выйдзі на поле – і пакажы». І навучанне там узаемнае: гэта не толькі прыём інфармацыі вучнем ад настаўніка, але і зваротны працэс – інакш яно не мае сэнсу.
У акадэмію Fair plау  мы прымаем усіх жадаючых – галоўнае, каб дзіця любіла футбол і жадала развівацца. Магчыма, футбаліст у гэтым хлопчыку праявіцца ў 10, 15 ці нават 20 гадоў – а, можа і не праявіцца. Але ён заўсёды будзе любіць футбол, няважна, на полі ці на трыбуне.

9.jpg

– Вы ўвесь час падкрэсліваеце, што асноўная мэта футбольнай акадэміі – навучыць дзяцей любіць і разумець футбол. А калі і як у вас узнікла гэтая любоў?
– Я прыйшоў у футбольную секцыю ў 6 гадоў – таўставатым хлопчыкам з лішняй вагой. Трэнер на мне адразу паставіў крыж: хочаш – хадзі, не хочаш – не хадзі, толку з цябе ўсё роўна не будзе. І тады я, шасцігадовае дзіця, займеў мэту – стаць футбалістам, прафесійным варатаром! У 16 гадоў ужо гуляў за юнацкую зборную другім варатаром і за зборную Мінска. Прычым, хоць я з 1982 года, гуляў за 81 год, – той наш выпуск быў вельмі таленавіты і практычна цалкам пайшоў у барысаўскі БАТЭ. А мой былы партнёр па камандзе Аляксей Бага цяпер з’яўляецца галоўным трэнерам гэтага славутага беларускага клуба. Пасля выпуску з футбольнай школы я таксама быў у адным кроку ад падпісання кантракта з барысаўскім БАТЭ і, каб не траўмы, дакладна быў бы ў прафесійным футболе.  

Я любіў футбол, бо ў маім дзяцінстве не было прыставак, камп'ютараў, смартфонаў – і мы днямі ганялі мяч: двор на двор, вуліца на вуліцу. Гэта проста катастрофа, што знік дваровы футбол! Калі хлапчук за дзень восем разоў мяняе пляцоўку, сапернікаў, ён пастаянна адаптуецца да абставінаў, адбываецца хуткае навучанне гульні, аўтаматычна з'яўляюцца новыя якасці, новыя здольнасці. На жаль, гэтага зараз няма…

– А калі і як узнікла любоў да беларускай мовы? Бела­руска­моўны трэнер – гэта даволі ня­звыкла…
– Неяк – я тады вучыўся на трэ­цім курсе ўніверсітэта – за ноч прачытаў «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча. І на наступны дзень стаў гаварыць па-беларуску. Аднагрупнікі перш думалі, што я нейкіх грыбоў аб’еўся. (Смяецца) Але хутка ўсе прывыклі і перасталі звяртаць увагу. 
Гэта не нейкая пазіцыя, не імкненне вылучыцца – я тут жыву і размаўляю на роднай мове. Пагадзіцеся, было б дзіўным у паляка ці немца пытаць, чаму ён размаўляе на польскай ці нямецкай мове. Дзякуй богу, і ў нас такой цікавасці і нездаровых асацыяцый з гэтай нагоды ўсё менш. 

У Астраўцы з гэтым крыху цяжэй, бо шмат прыезджых, якія не ведаюць мовы і не заўсёды ўспрымаюць інфармацыю, калі яна гучыць па-беларуску, – ім дадаткова тлумачым па-руску. Хоць усюды, дзе гэта магчыма, я стараюся размаўляць па-беларуску. 
У Ашмянах у футбольнай ака­дэміі займалася дзяўчынка, якая да таго да беларускай мовы адносілася, мякка кажучы, абыякава. Але пасля нашых трэні­ровак так яе палюбіла, што стала пераможцай алімпіяд па беларускай мове і літаратуры. І я рады, што ў гэтым ёсць мой унёсак. 

554.jpg

– Дзяўчынкі таксама займаюцца ў вашай футбольнай ака­дэміі?
– На жаль, не так актыўна, як хацелася б. Чамусьці ў бацькоў існуюць стэрэатыпы, што футбол – не жаночы спорт, хоць, як на мой погляд, цяжкая атлетыка, бокс ці барацьба нашмат менш жаноцкія. Сумесна з АБФФ бу­дзем арганізоўваць, у тым ліку і ў Астраўцы, школьныя лігі, дзе будуць гуляць толькі дзяўчаты, бо часам дзяўчынка проста не ведае, што яна любіць футбол, таму што  ніколі ў яго не гуляла. Вы ж не ведаеце, ці любіце, скажам, авакада, пакуль яго не пакаштуеце, праўда? Таму мы дадзім ім такую магчымасць: прыйсці і згуляць з роўнымі сабе ў сваё задавальненне. І можа, нехта з дзяўчат зразумее, што ім гэта падабаецца. 
Насамрэч тое, што ў 9-міль­ённай Беларусі колькасць  дзяўчат-футбалістаў у тры ра­зы меншая, чым у 3-мільён­ных прыбалтыйскіх краінах-сусед­ках, – гэта трагедыя. Беларуская федэрацыя шмат увагі надае таму, каб прыцягнуць як мага больш дзяўчат у футбол. 

– А сваю дачку ў футбол аддасце?
– Ёй пакуль толькі тры гады, але мяч яна ўжо ганяе. Я ні да чаго змушаць яе не буду: захоча гуляць у футбол – хай гуляе, захоча іграць на фартэпіяна – хай іграе. Галоўнае, каб дзіця атрымлівала задавальненне ад жыцця і ад справы, якой займаецца. А задача бацькоў – падтрымаць імкненне развівацца.

– Думаю, нашым чытачам бу­дзе цікава даведацца, як і чаму вы, карэнны мінчанін, пакінулі сталіцу і атабарыліся ў Ашмянах?
– У нейкі момант мы з Крыс­цінай, маёй жонкай – яна, дарэчы, родам з Варнян, –  зра­зумелі, што жыццё ў Мінску – гэта марнаванне часу. Зрання пралупіў вочы, паехаў на  працу: гадзіна на дарогу туды, гадзіна – назад. Перспектыў ніякіх,  пабудаваць кватэру – нерэальна, адкрыць сваю справу – тым больш. Вялікая канцэнтрацыя людзей, неймаверная канкурэнцыя. Усе з перыферыі едуць у сталіцу, бо лічаць, што менавіта тут яны рэалізуюць свае амбіцыйныя планы. Калі ў некага атрымліваецца, то, як кажуць, дай бог... А мы вырашылі, што не можам так жыць  далей – і сталі шукаць варыянты. 

У мяне ў той час было невя­лікае турыстычнае агенцтва, мы арганізавалі першы фестываль ля сцен Гальшанскага замка. Кіраўніком Ашмянскага райвыканкама быў Юрый Адамчык – чалавек, якога я бязмежна пава­жаю і якому вельмі ўдзячны. Мы ледзь не штодня сустракаліся, узгаднялі праграму, нейкія арганізацыйныя моманты – і аднойчы Юрый Ула­дзі­міравіч сказаў: «Ну што  вы туды-сюды ма­таецеся? Прыязджайце і жы­віце, нам такія людзі патрэбны!» Мы падумалі: а чаму б і не? Пасадзілі ў скрынку ката, сабралі нешматлікія рэчы – і прыехалі ў Ашмяны. Арандавалі кватэру, пачалі працаваць. А недзе праз год я рашыў паспрабаваць ажыццявіць сваю мару – адкрыць першую ў рэспубліцы прыватную школу футбола. Гэтую ідэю сустрэлі песімістычна: маўляў, дзяцей у бясплатныя спартыўныя секцыі пугай не загоніш, а вы хочаце, каб бацькі за трэніроўкі грошы плацілі? Так думалі ўсе – акрамя Адамчыка, які сказаў: «Ну хай чалавек паспрабуе!» І да нас у першы набор запісала­ся 95 чалавек – усе былі ў шоку. З таго ўсё і пачалося…

225.jpg

– Што для вас цікавей – гуляць у футбол ці трэніраваць дзяцей?
– На кожную справу – свой час. Калі я гуляў, то нават думкі не ўзнікала, што змагу працаваць трэнерам, хоць і вучыўся ў інстытуце фізкультуры. Калі ж перастаў гуляць – стаў больш цікавіцца трэнерскай работай і да заканчэння вучобы зразумеў, што хачу займацца толькі гэтым. І хоць спрабаваў сябе і ў іншых сферах, але нішто не прыносіла  такога задавальнення, як футбол.
Сваю любоў да «гульні нумар адзін» я стараюся перадаць выхаванцам. І калі нехта з іх бу­дзе любіць футбол больш, чым я, і дасягне большых вынікаў – я буду шчаслівы і палічу сваю місію  трэнера выкананай.
Текст: Нина Рыбик
Фото: З архіва героя і інтэрнэту