Почему туризм в районе – нелюбимое дитя госструктур?

18:47 / 16.08.2018
3

Чаму турызм у нашым раёне з’яўляецца нелюбімым дзіцем многіх нянек і як зрабіць, каб ён стаў, як у іншых рэгіёнах, прыбытковай галіной эканомікі – пра гэта гаварылі дэпутаты раённага Савета падчас разгляду на 4-й сесіі развіцця ў нашым раёне турызму, а дакладней – выканання плана мерапрыемстваў па рэалізацыі падпраграмы “Маркетынг турыстычных паслуг” Дзяржаўнай праграмы “Беларусь гасцінная”. Сесія прайшла пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Ірыны Эдуардаўны Тальчук і з удзелам старшыні райвыканкама Ігара Яраслававіча Шалудзіна і яго намеснікаў Віктара Збігневіча Свілы і Паўла Віктаравіча Мілешкі

Турызмам у раёне займаюцца тры арганізацыі: фізкультурна-спартыўны клуб, Астравецкі лясгас і дырэкцыя заказніка “Сарачанскія азёры” – і трэба сказаць, што ні для адной з іх гэта не з’яўляецца асноўным відам дзейнасці. Тым не менш, адносіны да выхавання гэтых “пабочных дзяцей” рознае.

IMG_4608.jpg

Галоўны спецыяліст райвыканкама Таццяна Мікалаеўна Букель ў сваім дакладзе пастаралася расказаць дэпутатам і запрошаным усё, што робіцца ў раёне з таго, што можна аднесці да турызму. Не абышла яна і праблемы, якія існуюць у гэтай галіне эканомікі, якая для многіх не толькі замежных краін, але ўжо і рэгіёнаў Беларусі з’яўляецца важным складнікам папаўнення бюджэту.

На жаль, пра наш раён гэтага пакуль сказаць нельга. Турызм у нас нібыта і ёсць: ледзь не штодня у Варняны, Гервяты, Міхалішкі і іншыя вёскі прыязджаюць турыстычныя аўтобусы; па Страчы і Віліі сплаўляюцца байдаркі; штогод сотні паломнікаў прыходзяць-прыязджаюць у Гудагайскі касцёл на свята Маці Божай Шкаплернай; тысячамі лічаць наведвальнікаў у інфармацыйным цэнтры Беларускай АЭС, ды і на самой пляцоўцы, нягледзячы на тое, што гэта рэжымны аб’ект, іх бывае нямала; аматары прыроды шукаюць гармоніі у нешматлікіх аграсядзібах. Ёсць у нас помнікі гісторыі, культуры, цікавыя арт-аб’екты; знакамітыя людзі, якімі можна ганарыцца і пра якіх трэба расказваць; музейныя экспазіцыі – праўда, больш школьныя ці прыватныя. І экскурсаводы ёсць, і нават сертыфікаваныя – Ірына Казак з Міхалішак, да прыкладу. Усё ёсць, а турызму як галіны – няма.

IMG_4695.jpg

Зрэшты, гэта не зусім так: дырэктар лясгаса, дэпутат раённага і абласнога Саветаў дэпутатаў Рыгор Мечыслававіч Долгі расказаў, як іх арганізацыя – для якой, да слова сказаць, гэта таксама няпрофільны від дзейнасці – развівае турызм. Пачыналі з паляўнічага турызму. З цягам часу пашырылі гэты напрамак да экалагічнага: тут не толькі прымаюць паляўнічых з замежжа, каб “прадаць” магчымасць здабыць трафей, але і запрашаюць дзяцей павандраваць па экалагічных сцежках, паглядзець у вальерах на дзікіх жывёлін, навучыцца страляць з лука – і многія іншыя напрамкі. Да слова сказаць, турызм прыносіць гэта лясгасу немалы даход: летась ён склаў 97 тысяч рублёў, у першым паўгоддзі гэтая лічба ўжо пераўзыдзена: яна склала 108 тысяч рублёў.

Сціпла прамаўчаў, нягледзячы на шматлікія крытычныя заўвагі, толькі дырэктар заказніка “Сарачанскія азеры” Мікалай Альфрэдавіч Канчанін: ці то не меў чаго сказаць, ці то не палічыў патрэбным. Праўда, паабяцаў, што за выдзеленыя на той жа сесіі дадатковыя грошы – 20 тысяч рублёў, – будзе наведзены парадак на адным з самых маляўнічых месцаў адпачынку на возеры Кайміна: пабудаваны новыя альтанкі, адрамантаваны аварыйныя. Толькі наўрад ці падобнае расходаванне бюджэтных сродкаў можна назваць развіццём турызму…

IMG_4706.jpg

 Дэпутаты змаглі ацаніць, як развіваецца турызм у раёне і якія ў гэтай справе ёсць пытанні і нявырашаныя праблемы, не толькі з інфармацыі дакладчыкаў і слайдаў, але і пабачыць усё, што называецца, на свае вочы: нездарма ж сесія насіла выязны характар. Для некаторых з іх гэта была цудоўная экскурсійная паездка, якая дазволіла пазнаёміцца з адметнымі мясцінамі роднага краю – але старшыня райсавета Ірына Эдуардаўна Тальчук заклікала калег быць не проста сузіральнікамі, а актыўна абмяркоўваць заяўленую тэму, у якой, па агульным меркаванні, існуе нямала праблем.

Напачатку дэпутаты наведалі адзін з самых сучасных і папулярных турыстычных аб’ектаў: ласасёвы цэнтр у Варнянскай школе, створаны дзякуючы атрыманаму ад Еўрасаюза гранту. Тут нават у самых крытычна настроеныя, што называецца. не знайшлі да чаго прычапіцца: усё стыльна, сучасна, прыгожа, інфармацыйна, пазнавальна, цікава. Прызнаюся: сама некалі думала: ну што ў гэтым цэнтры можа быць цікавага? Пакуль аднойчы не зайшла – і не “завісла”. Так вось “завіслі” і дэпутаты…

IMG_4569.jpg

Магчыма, ласасёвы цэнтр стане яшчэ адным брэндам Варнян – але пакуль людзі сюды едуць, каб даведацца пра гісторыю прататыпу сучасных аграгарадкоў – тыповую вёску 18-га стагоддзя, ад якой захаваліся многія пабудовы; пра багатую і драматычную гісторыю касцёла Святога Юрыя; каб пабываць на адзінай у сваім родзе вежы-альтанцы, дакрануцца да сцен вадзянога млына 19-га стагоддзя. Праўда, усё гэта патэнцыяльны турыст зможа зрабіць, калі самастойна дамовіцца аб экскурсіі з Людмілай Іванаўнай Кухарэвіч ці іншым краязнаўцам; калі мосцік на востраў не будзе падняты; калі трава каля млына будзе абкошана. Калі ж чалавек выпадкова трапіў у Варняны, то, акрамя касцёла, не заўважыць які проста немагчыма, ён, бадай што, і не будзе ведаць, што яшчэ у гэтай вёсцы ёсць цікавага.

IMG_4583.jpg

Нераскрыты і незадзейнічаны і турыстычны патэнцыял Трокенік, дзе да гэтага часу захаваліся дом-сядзіба знакамітага мастакаБогуша-Шышкі, цудоўная каштанавая алея, якая вядзе да высокага абрыву, унізе якога – тая самая рэчка Тартак, куды прыходзіць на нераст кумжа; побач – пустуючы будынак былой школы, якому можна было б даць другое жыццё – старыць гасцініцу, ці мастацкую галерэю, каб размясціць шматлікі карціны, падораныя гораду, якія пакуль пыляцца ў складах – там для ўсяго хопіць месца! Пакуль жа турысты, што прыязджаюць у Трокенікі, могуць паглядзець толькі вартую жалю экспазіцыю ў сельскай бібліятэцы ды палюбавацца прыгажосцю навакольных мясцін – вядома, пры ўмове, што знойдзецца энтузіяст, які прыбярэ іх ад смецця.

IMG_4595.jpg

IMG_4599.jpg

Яшчэ адна пярліна астравецкага краю – Міхалішкаўскі касцёл Святога Міхала Архангела, дзе адзінае, што можна сказаць, гэта – “Ах!..” Якія былі людзі, якія творцы!

Пазнаёміліся ў той дзень дэпутаты і з прыватным напрамкам у развіцці турызму, які – трэба глядзець праўдзе ў вочы – нашмат больш паспяховы, чым той, што знаходзіцца пад крылом у дзяржавы. “Чаму?” – спрабавалі высветліць удзельнікі сесіі ў Эдуарда Вайцяховіча, уладальніка аграсядзібы “Падкасцёлак”, і яго калегі Аляксандра Дарашэвіча з хутара Камарышкі. У кожнага з іх свой погляд на развіццё турыстычнага бізнесу і, адпаведна, свае напрацоўкі ў гэтым кірунку – але адно бясспрэчна: яны больш паспяховыя, чым у тым жа дзяржаўным заказніку.

IMG_4684.jpg

IMG_4647.jpg

IMG_4642.jpg

Вынікі работы сесіі былі падведзены на ўзбярэжжы Каймінскага возера, якое, трэба зазначыць, прабралі да візіту гасцей: смецце вывезлі, траву абкасілі. Праўда, інфармацыйныя шчыты па-ранейшаму не ўтрымліваюць неабходнай інфармацыі – і, падобна, іх уладальнікі нават не разумеюць, каму і навошта гэта патрэбна? Галоўнае ж, што шчыт стаіць!

IMG_4700.jpg

Чаму ж турызм у нашым раёне такі “безнаглядны” – гэта спрабавалі высветліць удзельнікі сесіі. Было выказана шмат слушных прапаноў – у прыватнасці, стварыць адзіны турыстычны партал, на якім былі б акумуляваны ўсе звесткі, якія могуць зацікавіць патэнцыяльнага турыста. Ігра Яраслававіч Шалудзін прапанаваў пайсці далей і стварыць адзіны турыстычны цэнтр, у якім бы “круцілася” ўсё, звязанае з турызмам. Ірына Эдуардаўна Тальчук выказала відавочную прапанову: не канкурыраваць павінны розныя “ўладальнікі” турыстычных аб’ектаў – заказнік, ФСК, лясгас, аграсядзібы – а супрацоўнічаць: калі справа будзе наладжана, то кожны знойдзе сваю нішу і ўсім, а галоўнае – турысту будзе добра.

IMG_4669.jpg

– Хочацца верыць, што гэтая сесія і прынятае дэпутатамі рашэнне стануць адпраўной кропкай для развіцця турызму ў нашым раёне, – выказаў спадзяванне Ігар Яраслававіч Шалудзін.

Гэтае спадзяванне падзяляюць усе, і найперш – людзі, якіх вабіць прыгажосць і адметнасць Астравеччыны.

IMG_4699.jpg



Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик