"Актыўнае даўгалецце" наведала Лідскі замак і бярозаўскі крышталь
Напэўна, многім уладальнікам крышталёвага посуду цікава даведацца, як ён вырабляецца. Ды не кожнаму давялося пабываць на шклозаводзе “Нёман”, які гэтае звонкае, празрыстае хараство выпускае. А ўдзельнікам клуба “Актыўнае даўгалецце” і наведвальнікам аддзялення дзённага знаходжання пажылых людзей ТЦСАН, а таксама некалькім настаўнікам з сельскіх школ – пашчасціла: яны з'ездзілі ў Бярозаўку.
Ля прахадной астраўчан сустрэла спецыяліст-тэхнолаг і правяла надзвычай цікавую экскурсію па цэхах. Госці на свае вочы пабачылі, як працуюць шкладувы, выдзімаючы бакалы, фужэры, кілішкі, шклянкі, вазы, як на вырабы наносяцца ўзоры з пазалотай, атрымліваецца каляровае шкло. І, вядома, завяла ў славуты завадскі музей, дзе экскурсанты пазнаёміліся з гісторыяй аднаго са старэйшых прадпрыемстваў Гродзеншчыны і артэфактамі мінулых дзесяцігоддзяў, з творчасцю мастакоў, якія стваралі славу бярозаўскаму шклу і крышталю. На развітанне ўсе атрымалі сувеніры – прыгожыя вазачкі для цукерак.
З Бярозаўкі камфартабельны аўтобус завёз падарожнікаў у Ліду, дзе яны наведалі гісторыка-краязнаўчы музей і адноўлены замак. Усе былі ў захапленні ад аповедаў гіда, якая па-акцёрску прадстаўляла моманты далёкага мінулага. Вярталіся дамоў астраўчане, поўныя ўражанняў і захаплення.