Путешествуйте с нами... И сами...

15:00 / 03.06.2013
Калі вы не супраць, шаноўныя чытачы, прадоўжым размову, якую распачалі ў мінулым выпуску нашага праекта. Ну, я маю на ўвазе традыцыі – калі іх можна лічыць такімі? Я, па праўдзе кажучы, для сябе так і вызначыла. Пагэтаму, калі памыляюся, вы мяне папраўце. Але сёлета, натхнёныя мінулагоднім леташнім цудоўным падарожжам у Азярцо, у Беларускі дзяржаўны музей архітэктуры і побыту пад адкрытым небам, мы вырашылі замацаваць традыцыю і адзначыць Дзень друку зноў на выездзе.
Павагаўшыся-паспрачаўшыся, куды б паехаць – бо, як я ўжо расказвала, у нас з гэтым узніклі пэўныя цяжкасці, вырашылі спыніцца на купалаўскай Вязынцы. Дадаўшы ў якасці бонусу «Лінію Сталіна». На тым большасцю галасоў і паладзіліся…


З Вязынкай у мяне звязаны асабістыя ўспаміны яшчэ са студэнцкага жыцця – дакладней, шкадаванне аб іх адсутнасці.
Здаецца, на першым (ці на другім?) курсе факультэта журналістыкі БДУ мае аднагрупнікі надумаліся ехаць на традыцыйнае Купалле ў Вязынку. І паехалі. А ў мяне нешта не атрымалася – ужо нават не памятаю, што не пусціла… Потым я з непрыхаванай зайздрасцю слухала іх расповеды – і марыла: калі-небудзь я там абавязкова пабываю! Гэта стала у нейкім сэнсе навязлівай ідэяй.
І вось сёлета “калі-небудзь” наступіла – мінула ўсяго нейкіх тры дзясяткі гадоў. Падумаеш – такая дробязь для нас, вечна маладых! На жаль, толькі душой!






Вязынка – адзін з філіялаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. У іншых філіялах бываць не даводзілася – ні ў Акопах, ні ў Ляўках, ні ў Яхімоўшчыне. Але здаецца мне, што ў Вязынцы атмасфера асаблівая. Нездарма ж менавіта тут да дня нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы праводзяцца рэспубліканскія святы паэзіі, а таксама традыцыйныя злёты студэнтаў-філолагаў БДУ. А апошнім часам, чула, тут сталі традыцыйнымі яшчэ і фінальныя канцэрты конкурсу аўтарскай песні “Купалаўскія вакацыі”, а таксама каляндарныя народныя святы.
Не, мы выбралі для сваёй вандроўкі не адно з гэтых святаў – па-першае, святкаванне Дня друку да таго часу адкладваць было проста непрыстойна, а, па-другое, я, здаецца, ужо неяк гаварыла аб сваім уласным перакананні: няма нічога горшага для першага знаёмства з мясцінай ці музеем, чым патрапіць туды падчас нейкага вялікага свята ці афіцыйнага мерапрыемства. Мноства народу, таўкатня, афіцыйныя і ў большасці сваёй няшчырыя прамовы, выступленні – словам, ні духу мясціны, ні настрою ты не адчуеш, ды і пабачыш мала што. Але гэта маё асабістае меркаванне. Калі нехта палічыць за лепшае пасля ўзгадаць “І я там быў…”, то, што называецца – сцяг (у дадзеным выпадку карту) – вам у рукі.
Дарэчы, пра карту. Вязынка знаходзіцца непадалёк ад нас, у Маладзечанскім раёне, і калі ехаць у Мінск па старой маладзечанскай шашы, то збочыць – ёсць адпаведны ўказальнік – трэба зусім недалёка.
Па дарозе мы спрабавалі ўспомніць і пачытаць напамяць вершы Купалы. Да нашага агульнага сораму, спаборніцтва не атрымалася: успомнілася класічнае “А хто там ідзе?”. “Мужык”, стаўшыя папулярная дзякуючы “Песнярам” “Малітва”, колькі радкоў з “Бандароўны” і “Гусляра”… Прама скажам – не густа. І сорамна – пасыпаем галовы попелам. Але, думаю, пасля вандроўкі ў Вязынку у многіх, як і ў мяне, узнікла жаданне ўзяць у рукі купалаўскі зборнік – і перачытаць, і ўспомніць…



Цяжка сказаць, чаму філіял у Вязынцы мае такую асаблівую папулярнасць. У жыцці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы гэтыя мясціны – безумоўна, чароўныя і непаўторныя ў сваёй прыгажосці, тым не менш не адыгралі – проста не маглі адыграць! – асабліва значнай ролі.
Па той простай прычыне, што сям’я арандатараў Луцэвічаў Дамініка Ануфрыевіча і Бянігны Іванаўны жыла ў гэтым доме, дзе і нарадзіўся ў 1882 годзе іх старэйшы сын Ясь, усяго год. А затым беззямельным шляхцічам давялося арандаваць зямлю ў розных паноў, каб пракарміць сваю шматдзетную сям’ю.
Хоць, зрэшты, такую папулярнасць зразумець усё ж можна. Не ведаю, ці аказала Вязынка ўплыў на творчасць Янкі Купалы – але паэзіяй у гэтым кутку, здаецца, напоена само паветра. І хоць недзе паблізу грукочуць электрычкі, такое ўражанне, што цягнікі ідуць у іншым свеце, іншым вымярэнні, адкуль даносяцца толькі гукі. А тут – незвычайныя цішыня і спакой, і люстраная гладзь рэчкі, і жоўтыя вочкі дзьмухаўцоў, што гулліва пераміргваюцца з блакітнымі незабудкамі, нібы запрашаючы дзяўчат сплесці вяночак і пусціць яго на ваду з нахіленых над вадой ствалоў векавых дрэў… А недзе там, у глыбіні гушчару, вось-вось расцвіце папараць-кветка…
Напэўна, тут проста немагчыма не пісаць вершы! Ва ўсякім разе, чытаць іх душа просіцца…
Сонцу-яснагрэю
Расплятае косы,
Раніцамі сее,
Як брыльянты, росы.
Сцелецца травіцай,
Ветрыкам шапоча,
Коціцца крыніцай,
Рыбкаю плюскоча…
(Янка Купала, “Вясна”)




Мы толькі выйшлі з аўтобуса – і нас сустрэў сапраўдны канцэрт, які хорам і сольна давалі… жабы. І было гэта настолькі мілагучна і сугучна са згадкамі вясковага дзяцінства большасці з нас, што мы ўсе – адразу і беспаваротна! – закахаліся ў Вязынку! А потым на змену жабам, якія, відаць выступалі “на разагрэве ” , ўступілі салаўі – сярод белага спякотнага дня! І сталі выдаваць такія “каленцы”, што, скажам па праўдзе, ісці ў музей не хацелася…
Купалаўскі музей, мушу прызнацца, саступае Азярцу – зрэшты, параўноўваць іх, напэўна, не зусім карэктна: статус, задачы і прызначэнне ў іх рознае. І тым не менш, хоць хата, у якой размешчана музейная экспазіцыя, і збудавана па ўспамінах старажылаў такой жа, як была пры Луцэвічах, усё ж той факт, што ад колішняй засталося толькі некалькі бярвёнаў, да якіх імкнуцца дакрануцца госці, ды сучасныя стэнды ўздоўж драўляных сцен, наводзяць на думкі аб грунтоўна, дасканала зробленай – але ўсё ж бутафорыі… І свіран, у якім таксама створана музейная экспазіцыя – цудоўная, безумоўна, мэбля, дыхтоўная, арыгінальная, зробленая сапраўднымі майстрамі з пнёў ды калод – але ж яўна не купалаўская… Можа, пагэтаму, а можа, і не, але ў купалаўскім музеі мяне чамусьці, кажучы сучаснай мовай, не “торкнула”: неблагая экспазіцыя, але нейкая яна… Без душы, ці што?Адзінае, што зачапіла, дык гэта расповед экскурсавода пра сям’ю Луцэвічаў і той факт, што пані Алімпія – Луцэвічы арандавалі зямлю ў мясцовых памешчыкаў Замбжыцкіх – некалі аказала вялікі гонар маладой сям’і збяднеўшых шляхцічаў, пагадзіўшыся пахрысціць іх першынца Яську. А пазней, калі тут ствараўся музей народнага паэта Беларусі Янкі Купалы - таго самага Яські, апошні з Замбжыцкіх, Юзаф, быў вельмі рады, што яму, нашчадку колішніх паноў, дазволілі жыць пры гэтым доме ў прыбудаваным трохсценку… Такая вось яна, парадаксальнасць і непрадказальнасць жыцця…



Але Вязынка – гэта не толькі і не столькі музей, колькі запаведнік вакол яго. Ах, як там хораша! Я думаю, што заўсёды. Але ў гэтыя майскія дні – асабліва! Настолькі, што не хацелася пакідаць цудоўныя мясціны. Блукаць бы і блукаць, забыўшыся на час і паўсядзённыя клопаты, па яго сцяжынках…
Спыніцца ля крынічкі, што выцякае з-пад каменя, узгадаўшы прызабытае купалаўскае:
Коціцца, ўецца далінкай
крыніца,
Б'ецца, плюскоча ў каменнях
вадзіца…
Далей плыве і плюскоча.
Белымі грудкамі лёгшы на
траўцы,
Хоча дзяўчынка к вадзіцы
дастацца,
Губкамі чэрпнуці хоча.
Вольха лісткамі ёй шыю
ласкоча,
Плюскатам рэчка смяецца
ў вочы,
Сонейка ўсіх абнімае.
Сонейка, рэчка, вольха,
дзяўчына
Думцы ўсміхаюцца соладка,
дзіўна,
Думка іх шчыра вітае...

Прайсці па драўляным мастку… Нарваць кветак і сплесці вяночак… Пасядзець на спусціўшай голле да самай вады вярбе… І фізічна адчуць, адкуль бяруцца вершы.
Пасля наведвання гэтых, без перабольшвання цудоўных мясцін мы зразумелі, чаму па рашэнні Міжнароднай арганізацыі ЮНЕСКА Вязынка была ўключана ў сусветны турыстычны маршрут. Вядома, найперш гэта – даніна памяці народнаму паэту Беларусі Янку Купалу.
Але яшчэ – і беларускай зямлі, якая нарадзіла такога паэта, яе красе і непаўторнасці…

______________________


Аматарка блізкіх і далёкіх


вандровак Ніна РЫБІК.