Как стать индивидуальным предпринимателем?

09:00 / 05.11.2013
Колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў у Беларусі пакуль нязначная, хоць дзяржава пастаянна стымулюе рост малога і сярэдняга бізнесу. На працягу шэрагу гадоў у нашай краіне дзейнічае Праграма дзяржаўнай падтрымкі прадпрымальніцтва.
Некаторыя эксперты сцвярджаюць, што ў апошнія гады ўмовы для вядзення бізнесу ў нашай краіне прыкметна палепшыліся. Канешне, калі ёсць магчымасці, жаданне і грошы – чаму б і не працаваць на сябе? Але як быць, калі ёсць ідэя, але няма капіталу? У гэтым выпадку можна разлічваць на дапамогу дзяржавы – аднаразовую бязвыплатную субсідыю. Аднак аматараў дармовай нажывы чакае расчараванне: не ўсё так проста. За кожны рубель давядзецца зрабіць справаздачу.

Пытанне першае. Колькі?

Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 7 сакавіка 2008 года №342 “Аб зацвярджэнні палажэння аб спрыянні беспрацоўным у арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, дзейнасці па аказанню паслуг у сферы аграэкатурызму, рамесніцкай дзейнасці” бязвыплатная субсідыя для пачатку бізнесу складае ад 11 да 15 бюджэтаў пражытачнага мінімуму (БПМ). Пры арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, якая звязана з укараненнем навуковых даследаванняў і распрацовак, бязвыплатная субсідыя выдаецца ў памеры 20 БПМ.
Бюджэт пражытачнага мінімуму вылічваецца ў сярэднім на душу насельніцтва і па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах. З лістапада 2013 года ён складае 1 млн. 47 тыс. 530 рублёў (бюджэт пражытачнага мінімуму мяняецца кожныя тры месяцы).
Памер субсідыі залежыць ад таго, у якой мясцовасці беспрацоўны збіраецца займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю. “Гарадскія” прадпрымальнікі могуць атрымаць 11 бюджэтаў пражытачнага мінімуму, на сённяшні дзень гэта 11 млн. 522 тыс. 830 рублёў, а “сельскія” – 15 БПМ, ці 15 млн. 712 тыс. 950 рублёў.
Субсідыю можна выкарыстаць для набыцця абсталявання, інструментаў, машын і механізмаў, сыравіны, на аплату паслуг, а таксама на іншыя мэты, якія звязаны з арганізацыяй прадпрымальніцкай дзейнасці. Усе тавары або абсталяванне павінны набывацца згодна з бізнес-планам.
Варта памятаць, што бязвыплатная субсідыя не пакрые ўсе выдадкі на арганізацыю прадпрымальніцкай дзейнасці. Напрыклад, беспрацоўны хоча заняцца рамонтам і пашывам адзення. Для набыцця неабходнага абсталявання (швейная машынка, аверлок і іншае) гэтай субсідыі павінна хапіць. Для таго каб набыць тканіну, ніткі і іншыя рэчы, трэба ўжо інвесціраваць уласныя грошы.



Пытанне другое. За што?

Каб стаць індывідуальным прадпрымальнікам, трэба мець спецыяльную адукацыю.
Настаўнік не зможа зарэгістравацца ў якасці цырульніка. Так, калі ў чалавека няма прафесіі, давядзецца вучыцца, каб атрымаць патрэбныя “корачкі”. Сваю дапамогу ў гэтым можа аказаць служба занятасці. Так, калі чалавек збіраецца працаваць у будаўнічай сферы, але не валодае патрэбнымі для вядзення бізнесу ведамі, служба занятасці адправіць на вучобу. Пасля яе заканчэння трэба зарэгістравацца ў якасці беспрацоўнага, каб атрымаць субсідыю.
Нават калі ў вас ёсць патрэбная адукацыя і багаж вопыту ў выбранай сферы дзейнасці – не спяшайцеся паціраць рукі ад прадчування атрымання дзяржаўнай дапамогі. Яе выдача залежыць ад віду дзейнасці і рашэння раённага выканаўчага камітэта. Менавіта райвыканкамам устанаўліваюцца найбольш важныя віды прадпрымальніцкай дзейнасці для Астраўца і Астравецкага раёна.
Сёлета разлічваць на бязвыплатную субсідыю могуць беспрацоўныя, якія плануюць заняцца пашывам верхняга адзення, кветкаводствам, вырошчваннем агародніны, вытворчасцю сталярных вырабаў ці мэблі для офісаў, тэхнічным абслугоўваннем і рамонтам аўтамабіляў. Як бачна, амаль усе “вакантныя” накірункі звязаны з вытворчасцю.
Рашэнне аб прыярытэтных накірунках для выдачы субсідыі прымае спецыяльная камісія. Гэтае рашэнне абнаўляецца не кожны год, але туды перыядычна ўносяцца змяненні. Напрыклад, у мінулым годзе людзі хацелі адкрыць ІП па адпампоўванні каналізацыі. Гэты від дзейнасці запатрабаваны, але не вельмі развіты ў нашым раёне. Пагэтаму рашэннем райвыканкама ён быў унесены ў спіс найбольш значных.



Пытанне трэцяе. Як?

Зразумелы той факт, што для пачатку індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасці можна разлічваць на дзяржаўную падтрымку і атрымаць аднаразовую бязвыплатную субсідыю. Аднак хто трапляе ў гэтую катэгорыю – не зусім зразумела.
Як паведаміла нам намеснік начальніка аддзела па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Астравецкага выканаўчага камітэта Сабіна Вацлаваўна Тухта, права на атрыманне бязвыплатнай субсідыі маюць толькі беспрацоўныя грамадзяне. Аднак не працаваць афіцыйна – яшчэ не значыць прэтэндаваць на субсідыю. Абавязкова трэба быць зарэгістраваным у якасці беспрацоўнага.
Спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне павінны прапанаваць на выбар работу, якая ёсць у банку вакансій. Калі прапанаваныя варыянты працаўладкавання не падыходзяць па шэрагу прычын (напрыклад, аддаленасць ад месца пражывання ці хочацца змяніць сферу дзейнасці), прапануюць перанавучанне або адкрыццё ІП. Аднак да гэтага часу павінна прайсці не менш аднаго месяца, каб спецыялісты змаглі папрацаваць з прэтэндэнтам.
У службу занятасці беспрацоўнаму трэба падаць заяву аб выдачы субсідыі і тэхніка-эканамічнае, у тым ліку фінансавае, абгрунтаванне (бізнес-план) выбранага віду прадпрымальніцкай дзейнасці.
За дапамогай у напісанні бізнес-плана можна звярнуцца ў адпаведныя фірмы – а можна зрабіць гэта самастойна. Упраўленне па працы, занятасці і абароне насельніцтва накіроўвае на двухтыднёвыя курсы “Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці”, на якіх можна даведацца аб аспектах індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасці, падаткаабкладанні і вядзенні спецыяльнай дакументацыі. Калі нават пасля курсаў не атрымліваецца напісаць бізнес-план, упраўленне акажа патрэбную дапамогу.
А калі чалавек хоча заняцца бізнесам у сферы гандлю і мае эканамічную адукацыю, ён можа адмовіцца ад курсаў і самастойна распрацаваць бізнес-план.
Далей спецыяльная камісія разглядвае паступіўшыя дакументы і ў трохдзённы тэрмін прымае рашэнне аб выдачы бязвыплатнай субсідыі. З беспрацоўным заключаецца дагавор, у якім прапісаны правы і абавязкі двух бакоў. Пасля атрымання станоўчага адказу трэба падаваць дакументы на рэгістрацыю. Субсідыя для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці пералічваецца на разліковы банкаўскі рахунак, які трэба адкрыць у ААТ “Беларусбанк”.
Беспрацоўны, які атрымаў дапамогу ад дзяржавы, павінен на працягу трох месяцаў з моманту рэгістрацыі прад’явіць дакументы, якія пацвярджаюць мэтавае выкарыстанне выдзеленых сродкаў. У выпадку непрадастаўлення іх у вызначаны тэрмін або не мэтавага выкарыстання фінансавай дапамогі давядзецца вярнуць субсідыю і заплаціць вызначаны дагаворам штраф.
Каб зарэгістравацца ў якасці ІП, у выканаўчы камітэт трэба падаць заяву, фотаздымак і квіток аб аплаце дзяржаўнай пошліны ў памеры 0,5 базавай велічыні на рахунак райфінаддзела.
У той жа дзень вы атрымаеце Пасведчанне аб рэгістрацыі. На працягу пяці дзён пасля атрымання Пасведчання трэба зарэгістравацца ў фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва і інспекцыі па падатках і зборах, дзе вы атрымаеце неабходныя для работы кнігі і бланкі строгай справаздачнасці.



Пытанне чацвёртае. Што рабіць?

Беспрацоўны, які атрымаў бязвыплатную аднаразовую субсідыю для пачатку бізнесу, павінен адпрацаваць у якасці індывідуальнага прадпрымальніка не менш, чым год.
На працягу гэтага тэрміну трэба плаціць падаткі і страхавыя ўзносы ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Калі справы з уласнай справай не пайшлі і вы не змаглі на працягу года працаваць ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка і плаціць падаткі – давядзецца ў сямідзённы тэрмін вярнуць атрыманыя па бязвыплатнай субсідыі сродкі.



На ўласным вопыце

Тры месяцы назад Вольга Сабалеўская скарысталася бязвыплатнай субсідыяй і адкрыла цырульню “Эйфарыя” ў вёсцы Варняны. Індывідуальная прадпрымальніца згадзілася расказаць пра сваю дарогу да любімай справы:
– Думкі аб тым, каб адкрыць сваю невялікую цырульню, з’явіліся два гады таму, пасля пераезду з Мінска ў Астравец. На той час я актыўна шукала месца працы ў нашым невялікім гарадку. На справе аказалася ўсё не так проста: то графік работы нязручны, то заработная плата невялікая. У цэнтры занятасці ўжо тады адным з прапанаваных варыянтаў было адкрыццё сваёй справы, прычым з дапамогай дзяржавы. Але тады я забаялася і не рызыкнула пайсці на такі крок.
Мінула паўтара гады. Я доўга думала: ці варта ўвязвацца ў гэтую “авантуру”? Аднак усім вядома, што і жанчыны, і мужчыны, нягледзячы на ўзрост, хочуць быць прыгожымі. А для гэтага людзі з усіх вёсак нашага раёна едуць у Астравец, каб прывесці сябе ў парадак, гадзінамі сядзяць у чарзе да цырульніка… Гэта і стала асноўным фактарам таго, што сваю цырульню я вырашыла адкрыць у сельскай мясцовасці.
А далей? Думкі змяніліся справамі. Я распытала ў дасведчаных людзей і сабрала неабходныя дакументы для атрымання субсідыі. Дзяржаўная падтрымка, безумоўна, адыграла немалаважную ролю і надала мне больш упэўненасці ў сабе. За сродкі бязвыплатнай субсідыі я набыла неабходныя для работы якасныя і прафесіянальныя інструменты. Вядома ж, давялося ўкладваць і свае грошы.
Я цалкам паглыбілася ў рэалізацыю сваёй мэты. Кожны дзень рухалася невялікімі крокамі да яе ажыццяўлення. Вельмі складана пачынаць, але на сярэдзіне дарогі не кінеш, як бы цяжка ні было.
З 1 жніўня гэтага года я працую ў Варнянах. Кожны дзень да мяне прыязджаюць кліенты з розных вёсак Астравецкага раёна: Міхалішак, Быстрыцы, Гервят, Трокенік, Вароны...
Людзі пакідаюць цырульню іншымі, чым пераступалі парог “Эйфарыі” – не толькі з новай прычоскай, але з усмешкамі, пасвятлеўшым тварам. І гэта надае яшчэ больш упэўненасці ў сабе. І сёння ў мяне не засталося і кроплі сумнення, што я займаюся не сваёй справай.


Для даведкі
Бюджэт пражытачнага мінімуму – кошт мінімальнага набору матэрыяльных даброт і паслуг, якія дазваляюць забяспечыць жыццядзейнасць і захаваць здароўе чалавека.
БПМ разлічваецца на адзін месяц і ўключае кошт прадуктаў харчавання, адзення, бялізны і абутку, прадметаў агульнасямейнага карыстання, лекаў, прадметаў санітарыі і гігіены, жыллёва-камунальных, транспартных і бытавых паслуг, а таксама паслуг дашкольных устаноў.


Лічбы
У гэтым годзе бязвыплатную субсідыю для пачатку бізнесу атрымалі 6 чалавек.
У мінулым годзе – 9 жадаючых.

------------------------------------------
Падрыхтавала Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.