Як правільна выбіраць школьныя рукзакі і ранцы

10:41 / 26.08.2011

Лета заканчваецца, а гэта значыць, што для бацькоў наступіла пара збіраць дзяцей у школу – сшыткі, ручкі, алоўкі, спартыўная форма. Аднак самая важная і складаная пакупка – школьны ранец. Сучасныя школьнікі вымушаны насіць цэлую гару падручнікаў, сшыткаў і іншых школьных прылад. І калі не падабраць “правільны” ранец, то гэта можа прывесці да парушэння паставы ў дзіцяці. Такім чынам, варта сур’ёзна аднесціся да яго пакупкі – ад гэтага залежыць здароўе школьніка, яго бяспека і ў рэшце рэшт тое, як ён перанясе немалыя нагрузкі сучаснай школы.
Сёння мы раскажам, як выбраць, на што звярнуць увагу і колькі павінен важыць галоўны атрыбут школьніка.



У магазінах і на рынках прадстаўлены шырокі асартымент рукзакоў і ранцаў. Вочы разбягаюцца не толькі ў дзяцей, але і ў іх бацькоў. З чаго ж пачаць выбар?

Крок 1

Звярніце ўвагу на знешні выгляд

Ацаніце матэрыял, з якога зроблены ранец. Спыніце свой выбар на воданепранікальнай, моцнай нейлонавай тканіне – яна лёгкая і разам з тым добра мыецца. Нават калі ваша дзіця пралье на яго сок ці кіне на зямлю – пачысціць ранец будзе нескладана.
“Маланкі” і замкі павінны лёгка расшпільваецца і зашпільваецца, быць зручнымі. Звярніце ўвагу на швы, каб яны былі роўныя і не грубыя.
Пажадана, каб у ранца было шмат кішэняў – гэта раўнамерна размяркуе нагрузку. Акрамя таго, школьніку будзе прасцей зарыентавацца, калі кожная рэч ляжыць на сваім месцы.



Крок 2

УВАЖЛІВА РАЗГЛЕДЗЬЦЕ «СПІНКУ» РАНЦА

Важную ролю для захавання правільнай паставы іграе цвёрдая артапедычная спінка, з яе дапамогай нагрузка аптымальна размяркоўваецца па ўсім пазваночніку, а падручнікі не ціснуць на спіну дзіцяці. У ніжняй частцы спінкі павінен знаходзіцца паяснічны валік, на які пры правільным нашэнні будзе прыходзіцца асноўная нагрузка. Акрамя таго, дзякуючы цвёрдым сценкам і дну, школьныя прылады ў ранцы можна размясціць правільна: цяжкія прадметы бліжэй да спіны, лёгкія – спераду, левы і правы бок нагружаны аднолькава. Урэшце, цвёрды корпус зберажэ змесціва ранца ў выпадку, калі школьнік яго кіне ці вырашыць пракаціцца на ім з горкі. Ранец павінен добра трымаць форму і не дэфармавацца, калі ў яго складваюць школьныя прылады. Гэта можа забяспечыць алюмініевая рамка, размешчаная ўздоўж задняй сценкі.
На спінцы мусіць быць мяккая пракладка з сеткаватай тканіны, што папярэдзіць ад пацення спіну дзіцяці.



Крок 3

праверце лямкі і рамяні

Яны павінны мець рэгулюючую спражку, якая дазваляе мяняць іх даўжыню ў залежнасці ад адзення і па меры росту дзіцяці.
Добра, калі лямкі ранца абабіты дадатковым слоем мяккага матэрыялу, не ўразаюцца ў плечы школьніка. Неабходна, каб лямкі былі моцнымі, прашытыя ў некалькі радоў і ні ў якім выпадку не прыклееныя.



Крок 4

БЯСПЕКА ШКОЛЬНІКА

З мэтай бяспекі ранец павінен быць аснашчаны святлоабівальнымі палоскамі – яго лёгка можна будзе ўбачыць на дарозе ў цемнаце. Асабліва гэта актуальна для школьнікаў, якія вучацца ў другую змену. Зімой цёмна ўжо ў 5-6 гадзін вечара.



Крок 5

ПРЫМЕРКА

Купляць ранец трэба абавязкова разам з дзіцем, каб яно магло яго прымераць, толькі лепш, каб партфель пры гэтым не быў пустым. Не саромейцеся папрасіць прадаўца напоўніць яго, такім чынам вы адразу ўбачыце ўсе недахопы – перакосы швоў, няправільнае размеркаванне “грузу ведаў”.
Шырыня ранца не павінна перавышаць шырыню плеч дзіцяці. Верхні край – не вышэй плеч, а ніжні – не ніжэй сцёгнаў. Афарбоўка недарагіх ранцаў можа быць няўстойлівай. Калі вы не хочаце, каб у першы ж навучальны дзень белая кашуля вашага дзіцяці была сапсавана незваротна, праверце трываласць колеру. Намачыце невялікую анучку і правядзіце з намаганнем па ранцы. Анучка не павінна афарбавацца.
Калі вы выбралі ранец, то не забудзьце спытаць, ці падабаецца ён школьніку. Балазе, сёння ў магазінах і на рынках прадстаўлены мадэлі самых розных расфарбовак з героямі любімых мульцікаў, з коцікамі ці шчанюкамі, з аўтамабілямі і прынцэсамі. Вы вызначыцеся з мадэллю, а права выбраць дызайн ранца прадастаўце вашаму дзіцяці.



Каментарый спецыяліста

Андрэй Віктаравіч ПАЎЛЮКЕВІЧ, урач-траўматолаг-артапед Астравецкай ЦРБ:
– Бацькам неабходна сачыць за тым, каб школьнік насіў ранец на двух плячах – у іншым выпадку гэта можа нанесці сур’ёзную шкоду пазваночніку. Ні ў якім разе не трэба купляць ранец “на выраст” – чым больш будзе месца ў партфелі, тым больш непатрэбных рэчаў дзіця возьме ў школу. А няправільнае нашэнне ранца ці яго перанагрузка прыводзіць да парушэння паставы.
Самае распаўсюджанае парушэнне – бакавое скрыўленне пазваночніка (скаліёз), якое сустракаецца ў 10-15 працэнтаў школьнікаў. І самае сумнае, што ў дзевяці выпадках з дзесяці гэта захворванне набытае. Гэта значыць, што мы самі ствараем умовы, “спрыяльныя” для развіцця парушэння паставы. Скаліёзу садзейнічаюць няправільнае афармленне рабочага месца, недахоп рухальнай актыўнасці і нашэнне цяжару ў адной руцэ.
Яшчэ адно распаўсюджанае захворванне ў дзяцей – кіфоз (сутуласць). Кіфоз уяўляе сабой скрыўленне верхняга аддзела пазваночніка, клінічна праяўляецца ў выглядзе “круглай спіны”. Плечы пры гэтым нахілены ўперад, грудная клетка звужаецца. Як скаліёз, так і кіфоз у далейшым могуць прывесці да сур’ёзных праблем – боляў у спіне, парушэння работы ўнутраных органаў (сэрца, лёгкіх).
Модныя зараз сярод моладзі сумкі праз плячо падыходзяць толькі школьнікам з 16 гадоў, таму што шкілет фарміруецца да 14-15 гадоў. Дарэчы, 14-15 гадоў – гэта і крайні ўзрост для паспяховага лячэння скаліёзу. З 16 гадоў пазбавіцца ад яго практычна немагчыма. Таму хацелася б, каб бацькі больш сур’ёзна адносіліся да гэтай праблемы. Зараз у нас на ўліку стаіць 38 падлеткаў, у большасці з якіх парушэнне паставы было выяўлена падчас аглядаў у школе, а бацькі нават і не здагадваліся аб існаванні захворвання ў іх дзіцяці.
А лячэнне парушэння паставы – працэс доўгі і карпатлівы, таму прасцей папярэдзіць захворванне, чым потым яго лячыць. Існуе 7 правілаў для правільнай паставы:
- спаць дзіця павінна на цвёрдай пасцелі. Падушка не вельмі вялікая і не мяккая;
- нельга купляць дзіцяці цесны і нязручны абутак ці абутак “на выраст” – гэта можа прывесці да парушэння становішча пазваночніка;
- неабходна забяспечыць школьніку зручнае і добрае асвятленне рабочага месца. Важна, каб мэбля падыходзіла дзіцяці па росту;
- ранец школьніка павінен быць з цвёрдай (артапедычнай) спінкай і шырокімі лямкамі;
- арганізаваць дзіцяці правільны рэжым дня;
- не забываць, што парушэнне паставы ўзнікае з-за недахопу руху. Прагулкі, танцы, плаванне будуць вельмі карыснымі;
- прымяняць, калі трэба, карэктары паставы, спінатрымальнік, артапедычны гарсэт.



Па санітарных правілах

Пакупка такога атрыбута школьніка, як ранец – справа сур’ёзная. Нездарма Міністэрства аховы здароўя нават выдала пастанову з асноўнымі патрабаваннямі да гэтага незаменнага прадмета. Звернемся да яе, каб даведацца, якім павінен быць школьны ранец згодна з санітарнымі правіламі і галоўнае – якая яго максімальная вага.
Ранец павінен быць зроблены з лёгкага, моцнага, воданепранікальнага, марозаўстойлівага матэрыялу, зручным для чысткі і са святлоадбівальнымі элементамі.
Што тычыцца вагі вырабу, то для школьнікаў пачатковых класаў яна не павінна быць больш за 600-800 грамаў. Для навучэнцаў сярэдніх і старэйшых класаў – не больш за 1000 грамаў.
Для дзяцей пачатковых класаў вызначаны памер: даўжыня (вышыня) – 300-360 мм, вышыня пярэдняй сценкі – 200-260 мм, шырыня – 60-100 мм.
Плечавыя рамяні ранцаў і рукзакоў павінны быць даўжынёй 600-700 мм, шырынёй на верхнім адрэзку (на працягу 400-450 мм) – не менш 35-40 мм, далей – 25-30 мм. Неабходна, каб яны рэгуляваліся па даўжыні ў адпаведнасці з ростам школьніка і відам адзення з выкарыстаннем прыстасавання ў іх ніжняй частцы.
Маркіроўка вырабу павінна ўтрымліваць інфармацыю аб адпаведнасці ранца ўзросту школьніка: “Для навучэнцаў пачатковых класаў” ці “Для навучэнцаў сярэдніх і старэйшых класаў”.



Парады бацькам

Любая маці, калі збірае ў школу дачку ці сына, пацвердзіць, што нават прывычныя да рыначных сумак рукі з цяжкасцю паднімаюць партфель, набіты ведамі. Сама памятаю, як аднойчы мне давялося забіраць сваю дзесяцігадовую стрыечную сястру, якая выйшла са школы, нібы загружаны вослік: вялізны ранец за спіной, на плячы – пакет са спартыўнай формай, у правай руцэ – ружовая сумачка з мабільным і любімая цацка, а ў левай – намаляваны ёю на факультатыве бацік. Дадому мы дабіраліся грамадскім транспартам, у мяне рукі адвальваліся ўжо ад аднаго толькі ранца.
ШТО Ж РАБІЦЬ БАЦЬКАМ, КАБ АБЛЕГЧЫЦЬ ШКОЛЬНУЮ НОШУ ДЗЕТВАРЫ?
* Настаяць на тым, каб у школе складалі правільны расклад – “цяжкія” ва ўсіх сэнсах прадметы павінны быць размеркаваны па ўсім вучэбным тыдні;
* Сумесна з класным кіраўніком знайсці ў класе месца для захоўвання пластыліну, фарбаў, паперы для малявання, а таксама спартыўнай формы і зменнага абутку;
* Настаяць на тым, каб настаўнікі не патрабавалі агульных сшыткаў. У школе дастаткова мець тонкія.
* Кожны дзень правяраць ранец школьніка, каб там не было забытых з папярэдняга дня падручнікаў, сшыткаў, а таксама цяжкіх цацак ці касет з любімымі мульцікамі.