Заплати - и можешь ехать спокойно!

16:00 / 22.12.2014
З 1 жніўня 2013 года ў Беларусі ўведзена ў камерцыйную эксплуатацыю электронная сістэма збору аплаты за праезд транспартных сродкаў па пэўных дарогах Рэспублікі Беларусь. Карэспандэнт “АП” разам з работнікамі рэгіянальнага аддзела кантролю на платных дарогах “Ашмяны” асабіста пабачыў, як працуе гэта сістэма.


Кожны дзень на дарогі выязджаюць аўтамабілі з надпісам “Транспартная інспекцыя”, абсталяваныя спецыяльнай апаратурай для кантролю аплаты за карыстанне платнымі дарогамі – мікрааўтобус кшталту “Хуткай дапамогі”. Аднак калі трапляеш у салон, узнікае адчуванне, што знаходзішся ў аўтамабілі сакрэтнай службы: самае сучаснае абсталяванне, камп’ютар (нават два!) і іншая невядомая мне апаратура.

– Ды ніякія мы не шпіёны! – рассмяяліся мае спадарожнікі. – Хаця таксама выяўляем парушальнікаў. Для гэтага і ўстаноўлена апаратура. Мы ўносім у базу дадзеных камп’ютара нумар аўтамабіля – і праз некалькі хвілін атрымліваем інфармацыю, ці аплачваў вадзіцель праезд па платнай дарозе. Больш таго, парушальнікаў можна адсочваць і ў час руху – на аўтамабіле ўстаноўлены спецыяльныя датчыкі, якія дазваляюць сканіраваць любы транспарт, які праязджае міма. Бачыце, на экране манітора спіс аўтамабіляў з неабходнай інфармацыяй – марка, краіна, нумар? Пакуль яны ўсе “чыстыя”. А калі з’явіцца транспарт, выдзелены чырвоным фонам, – гэта значыць, што на дарозе парушальнік. Але зараз усё ўбачыце самі…

Мы паедзем на аўтадарогу М-7 (Мінск – Ашмяны – мяжа Літвы). Разам са мной “кантраляваць дарогі” адправіліся намеснік начальніка рэгіянальнага аддзела кантролю на платных дарогах “Ашмяны” (РАКПД) Валянціна Іванаўна Раткевіч і вядучыя спецыялісты Алена Валер’еўна Горыд і Валяр’ян Юр’евіч Озем.

– Каб не трапіць у лік парушальнікаў, першае, што павінен зрабіць вадзіцель, які ўязджае на тэрыторыю Беларусі, – зарэгістравацца ў пункце “БелТол” і атрымаць бартавое ўстройства, на якое залічваюцца грошы на аплату дарогі, – тлумачыць Валянціна Іванаўна. – Кантралюецца гэта вельмі проста: на дарогах устаноўлены спецыяльныя рамкі, праязджаючы праз якія кожны аўтамабіль праходзіць праверку. Калі парушэнняў няма, бартавое ўстройства падае адзін сігнал. Калі сігналу няма або ўстройства выдае некалькі гукавых сігналаў, трэба спыніцца і патэлефанаваць у службу “БелТол” або пад’ехаць на іх пункт. Калі ж гэтага не зрабіць, сістэма фарміруе парушенне, інфармацыя аб якім трапляе ў базу дадзеных, і мы маем права спыніць аўтамабіль і спагнаць з вадзіцеля аплату ў павялічаным памеры. Бываюць выпадкі накопленых парушэнняў – спыняем вадзіцеля, а на яго рахунку, напрыклад, пяць парушэнняў. Так, на гэтым тыдні мы затрымалі вадзіцеля, у якога было сорак адно парушэнне на агульную суму 5330 еўра. Гэта пакуль рэкорд!

Тым часам мы пад’ехалі да адной з такіх кантралюючых рамак. Вялікая, праз усю дарогу, усеяная некалькімі камерамі і іншымі прыборамі назірання, яна сапраўды нагадвала грознага вартаўніка, міма якога немагчыма прашмыгнуць недобрасумленнаму вадзіцелю.

– А вось і парушальнік! – аб’яўляе тым часам Алена Валер’еўна Горыд. – Бачыце, аўтамабіль выдзелены чырвоным? Зараз паглядзім, дзе і калі зафіксавана парушэнне.

Алена Валер’еўна хутка шчоўкае па клавішах – і праз некалькі секунд на экране з’яўляецца ўся неабходная інфармацыя і нават фатаграфія аўтамабіля.  Хвілін праз пятнаццаць спыняем парушальніка. Як высвятляецца, вадзіцель крыху не разлічыў маршрут, і пагэтаму грошы на бартавым устройстве закончыліся раней, чым ён даехаў у патрэбнае месца. Тут жа, у салоне аўтамабіля, афармляюцца ўсе дакументы, парушальнік праз тэрмінал аплачвае “дарогі” ў павялічаным памеры – і яго аўтамабіль у базе дадзеных становіцца “чыстым”.

– Плата ў павялічаным памеры для легкавых машын, у залежнасці ад віда парушэння, складае 50 або 100 еўра, – тлумачаць спецыялісты. – Для машын з дапушчальнай агульнай масай звыш 3,5 тон – 130 альбо 260 еўра. Прычыны парушэнняў таксама розныя: хтосьці, як зараз, своечасова не папоўніў баланс, нехта знарок праігнараваў правілы, а хтосьці і наогул сцвярджае, што не ведаў пра іх. У любой сітуацыі мы адносімся да вадзіцеляў з разуменнем і ў першую чаргу выкарыстоўваем у рабоце фактар чалавечнасці. Прыемна, калі гэта ж бачым у адказ. Канешне, здараюцца розныя выпадкі: бывае, парушальнікі спрачаюцца, лаюцца і нават пагражаюць. Аднак закон для ўсіх адзін, і не варта яго парушаць. Заплаці – і шчаслівай дарогі!


Што такое “БелТол”?

“БелТол” – гэта электронная сістэма збору аплаты за праезд, заснаваная на выкарыстанні тэхналогіі спецыялізаванай радыёсувязі на кароткіх адлегласцях. Гэтая тэхналогія дазваляе вадзіцелям аплачваць праезд без прыпынку ў пунктах збору аплаты.

Для гэтага трэба звярнуцца ў пункт абслугоўвання электроннай сістэмы збору аплаты за праезд “БелТол” і атрымаць спецыяльнае бартавое ўстройства, на якое залічваюцца грошы. Пункты размешчаны непадалёк ад аўтадарожных пагранпераходаў, уздоўж платных дарог і ва ўсіх абласных цэнтрах рэспублікі. Абавязковы першапачатковы залог – 20 еўра для легкавых аўтамабіляў і 50 еўра для вялікагрузных.


Каму трэба плаціць?

Аплачваць праезд па платных дарогах Беларусі павінны:

– вадзіцелі легкавых аўтамабіляў, зарэгістраваных за межамі Мытнага саюза з тэхнічна дапушчальнай масай не больш за 3,5 тоны;

– вадзіцелі транспарту з тэхнічна дапушчальнай масай больш за 3,5 тоны, незалежна ад краіны рэгістрацыі.


Каму плаціць не трэба?

– Вадзіцелям транспарту, які зарэгістраваны ў Беларусі, Расіі, Казахстане, з тэхнічна дапушчальнай масай менш за 3,5 тоны;

– мапедаў і матацыклаў;

– колавых трактараў і самаходных машын, зарэгістраваных у Беларусі;

– транспарту аператыўнага прызначэння; забеспячэння абароны і правааховы;

– маршрутак, якія перавозяць пасажыраў па гарадскіх маршрутах;

– транспарту, які выкарыстоўваецца ў мэтах аказання медыцынскай дапамогі, ліквідацыі надзвычайных сітуацый ці перавозак грузаў гуманітарнай дапамогі.


Кошт праезду?

– Аўтамабіль з дапушчальнай агульнай масай да 3,5 тон – 0,04 еўра за кіламетр;

– транспарт з дапушчальнай агульнай масай звыш 3,5 тон з 2 восямі – 0,09 еўра за км, с 3 восямі – 0,115, з 4 і больш восямі – 0,145 еўра за кіламетр.


---------------------------------

Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.