Ошмянский мясокомбинат открыл в Островце ещё один магазин

13:00 / 17.11.2014
15
У мікрараёне №1 горада Астраўца на гэтым тыдні адкрыўся першы аб’ект сацыяльнай сферы: магазін-кафэ “Пачастунак” гасцінна адчыніў дзверы перад сваімі пакупнікамі.


На ўрачыстым адкрыцці прысутнічалі старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька, дырэктар Ашмянскага мясакамбіната Тамара Уладзіміраўна Філіповіч, загадчыца фірменнай сеткі мясакамбіната Наталля Алегаўна Ярынская, пробашч касцёла святых Космы і Даміяна ксёндз Юзаф Багдзевіч, дырэктар прыватнага прадпрыемства “ПеларБуд”, якое займалася ўзвядзеннем магазіна, Віктар Міхайлавіч Ларын і жыхары Астраўца, большасць з якіх пражывае ў мікрараёне №1.

Яшчэ да пачатку мерапрыемства песнямі і танцамі забаўлялі ўсіх, хто сабраўся на пляцоўцы каля магазіна, артысты ансамбля народнай песні Ашмянскага раёна “Жытніца”.

– Сёння вельмі радасны дзень. У новым мікрараёне ўжо здадзена шмат аб’ектаў – у асноўным гэта жыллё для будаўнікоў Беларускай АЭС, – сказаў у прывітальным слове старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька. – Але галоўнае тое, што першы сацыяльны аб’ект, здадзены ў мікрараёне №1, – гэта магазін, які вельмі патрэбен жыхарам размешчаных побач дамоў. Спадзяюся, што ён будзе карыстацца папулярнасцю. А Ашмянскаму мясакамбінату хачу пажадаць поспехаў і развіцця.

У новым будынку размясціўся не толькі магазін Ашмянскага мясакамбіната, але і кафэ, якое пакуль што незакончана, – будзем спадзявацца, што праз некаторы час і яно гасцінна адчыніць дзверы.

І вось будаўнікі – іх прадстаўляў Віктар Міхайлавіч Ларын, кіраўнік прадпрыемства “ПеларБуд”, – перадаў ключ ад магазіна новай гаспадыні – загадчыцы Але Іванаўне Казак.

Гонар перарэзаць чырвоную стужку, што і азнаменавала адкрыццё яшчэ аднаго – чацвёртага па ліку – магазіна Ашмянскага мясакамбіната ў Астраўцы, выпаў старшыні Астравецкага райвыканкама Адаму Дзмітрыевічу Кавальку, дырэктару Ашмянскага мясакамбіната Тамары Уладзіміраўне Філіповіч і загадчыцы фірменнай сеткі мясакамбіната Наталлі Алегаўне Ярынскай.

– Нашы продкі, калі пачыналі новую справу, прасілі ў Бога блаславення. Вельмі прыемна, што ў Астраўцы помняць і захоўваюць гэтую традыцыю, – з такімі словамі, а таксама з малітвай і віншаваннем ксёндз Юзаф асвяціў новы магазін.

І вось усе традыцыі захаваны – і людскі паток хлынуў у магазін. Дэгустацыя прадукцыі Ашмянскага мясакамбіната, сувеніры на памяць і шырокі асартымент тавараў, якія вырабляюцца пад дэвізам “З павагай да якасці”, – пакупнікоў радавала ўсё.

– У Рэспубліцы Беларусь Ашмянскім мясакамбінатам адкрыта ўжо 25 гандлёвых кропак. Гэта – дваццаць шостая. Пятую частку сваёй прадукцыі мы рэалізуем менавіта праз нашу фірменную сетку. Прыемна, што пакупнікі любяць нашу прадукцыю. Сёння знак ашмянскага мясакамбіната ведаюць ва ўсёй рэспубліцы. Мы будзем і надалей радаваць сваіх пакупнікоў новай смачнай прадукцыяй, – паабяцала загадчыца фірменнай сеткі Наталля Алегаўна Ярынская.



Яшчэ не адну гадзіну радаваў пакупнікоў новай гандлёвай кропкі Астраўца ансамбль народнай песні “Жытніца”, які песнямі і танцамі запрашаў астраўчан стаць пастаяннымі кліентамі новага магазіна “Пачастунак”.


------------------------------

Алена ЯРАШЭВІЧ.

Фота А. МАЛЬШЭЎСКАГА.