24 октября в Сморгони пройдёт региональная выставка "Северный вектор Гродненщины"

10:00 / 09.10.2014
Пяць гадоў назад кіраўніцтва трох паўночных рэгіёнаў Гродзенскай вобласці – Астравецкага, Ашмянскага і Смаргонскага раёнаў – задумалася над тым, што можна зрабіць для эканамічнага развіцця сваіх раёнаў і рэкламы выпускаемай тут прадукцыі. Менавіта тады, у 2010 годзе, узнікла думка арганізаваць і правесці рэгіянальную выставу «Паўночны вектар Гродзеншчыны» і міжнародны эканамічны форум «Новыя магчымасці і перспектывы супрацоўніцтва», каб расказаць пра мясцовыя прадпрыемствы і прыцягнуць айчынных і замежных бізнесменаў да супрацоўніцтва і інвесціравання.

За гэты час кожны раён ужо станавіўся гаспадаром кірмашу-выставы. 24 кастрычніка выставу ў чарговы раз прымае Смаргонь. Пра тое, што чакаюць арганізатары ад сёлетняй выставы і міжнароднага форуму, мы папрасілі расказаць намесніка старшыні Астравецкага райвыканкама Паўла Віктаравіча Мілешку.

– Сёлета рэгіянальная выстава адзначае свой першы, няхай і невялікі, юбілей. Напэўна, ужо ёсць канкрэтныя вынікі гэтага праекта. У чым эфектыўнасць гэтай выставы і эканамічнага форуму?

– Сапраўды, пяць гадоў – гэта хоць і невялікі, але тэрмін. За гэты час больш за 20 прадпрыемстваў і арганізацый нашага раёна змаглі прыняць удзел у выставе і прадэманстраваць сваю прадукцыю. І выстава, на мой погляд, даказала сваю актуальнасць і значнасць.

Удзел у выставе – добрая нагода пазнаёміць замежных гасцей, прадстаўнікоў іншых раёнаў нашай краіны з прадукцыяй нашага рэгіёна. Гэта магчымасць для прадпрыемстваў прарэкламаваць сваю прадукцыю, знайсці бізнес-партнёраў. Многія мясцовыя жыхары пасля наведвання выставы таксама пачынаюць праяўляць цікавасць да тавараў мясцовай вытворчасці.

Самы масавы ўдзел у рэгіянальнай выставе нашы прадпрыемствы і арганізацыі прынялі ў 2012 годзе – тады «Паўночны вектар» праходзіў у Астраўцы. Падчас яго былі заключаны пагадненні аб устанаўленні пабрацімскіх сувязей паміж Астравецкім райвыканкамам і Сасноваборскай гарадской акругай Ленінградскай вобласці і аб супрацоўніцтве паміж Астравецкім райвыканкамам і спецыялізаваным Фондам расійска-беларускага супрацоўніцтва «Белыя росы» г. Санкт-Пецярбурга.

– Што чакае гасцей і наведвальнікаў выставы сёлета?

– Задачы выставы і форуму гэтага года засталіся тыя ж: знаёмства патэнцыяльных партнёраў з прадукцыяй мясцовых прадпрыемстваў, пашырэнне сувязей і рынкаў збыту прадукцыі.

Пра Астравецкі раён сёння ведаюць не толькі ў нашай краіне, але і далёка за межамі рэспублікі. Звязана гэта ў першую чаргу з самай буйной рэспубліканскай будоўляй – Беларускай атамнай электрастанцыі. Менавіта таму значная частка экспазіцыі нашага раёна будзе аддадзена інфармацыйнаму цэнтру Беларускай АЭС. Думаю, яна стане цікавай для ўсіх наведвальнікаў сёлетняй выставы.

– А якія яшчэ прадпрыемствы нашага раёна будуць прадстаўлены на выставе?

– Астравецкі лясгас прадставіць сваю прадукцыю – піламатэрыялы і паганажныя вырабы. Прыватнае вытворчагандлёвае ўнітарнае прадпрыемства «ТавіфаШык» арганізоўвае выставу швейных вырабаў: пакрывалы, падушкі, шторы, цюль. Выстава швейных вырабаў будзе арганізавана і Астравецкім унітарным камунальным прадпрыемствам бытавога абслугоўвання. Як звычайна, удзел у мерапрыемстве прымуць Астравецкі завод «Радыёдэталь», фермерская гаспадарка «Астравецкая», Астравецкі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства і іншыя арганізацыі і прадпрыемствы нашага раёна.

– На каго разлічаны гэты форум?

– У першую чаргу ён накіраваны на развіццё бізнес-кантактаў, і ў яго правядзенні павінны быць зацікаўлены і вытворцы прадукцыі, і патэнцыяльныя пакупнікі. Усяго ў выставе прымуць удзел больш за 50  прамысловых, сельскагаспадарчых арганізацый трох раёнаў, прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу, арганізацыі з замежным капіталам. Запрошаны прадстаўнікі пасольстваў і консульстваў замежных дзяржаў, міністэрстваў і ведамстваў нашай краіны.

Да таго ж, на маю думку, наведаць выставу будзе цікава і мясцовым жыхарам. Падчас яе пройдзе прэзентацыя раёнаў, будзе працаваць «горад майстроў», гасцей чакае рэклама аграсядзіб – яны змогуць пераканацца ў турыстычнай прывабнасці нашага рэгіёна. Акрамя таго, пройдуць канцэрты мастацкай самадзейнасці трох раёнаў і зорак беларускай эстрады. Так што кожны наведвальнік кірмашу-выставы знойдзе нажыву для роздуму і для душы.

----------------------------

Алена ЯРАШЭВІЧ.