Семейный спортивный праздник прошёл в Островецкой школе №1

15:00 / 24.06.2013
У СШ №1 прайшло сапраўднае спартыўнае свята, удзельнікамі якога сталі шэсць сем’яў.

Гэтае мерапрыемства рабяты з нецярпеннем чакаюць кожны год. А арганізатары штораз стараюцца прыдумаць штосьці новае і незвычайнае – і ад гэтага свята атрымліваецца незабыўным і прыгожым.
На гэты раз у спартыўнай зале сярэдняй школы №1 сабраліся вучні пачатковых класаў, іх бацькі і настаўнікі, каб “пахварэць” за сем’і Клімчэняў, Чубекаў, Мальдзісаў, Янкоўскіх, Дрэмаў і Ігнатовічаў, якія сталі ўдзельнікамі спаборніцтваў.
З дапамогай жараб’ёўкі сем’і падзяліліся на тры каманды – “Дружная”, “Спартак” і “Віхор”. Конкурс складаўся з дзесяці этапаў – і толькі на першы погляд здавалася, што ён будзе доўжыцца вельмі доўга. Але дзякуючы відовішчнасці і дынамічнасці, усе спартыўныя заданні і выпрабаванні бацькі са сваімі дзецьмі прайшлі за дзве гадзіны. Юныя і дарослыя спартсмены змагаліся ў хуткасці, спрытнасці і трапнасці, кідалі дроцікі, збівалі кеглі, бегалі, скакалі – і падзіцячы радаваліся перамогам.
І тым не менш кожны хацеў стаць пераможцам – гэта жаданне аб’яднала ўсе сямейныя каманды. У выніку настойлівай барацьбы і імкнення да перамогі першае месца занялі сем’і Мальдзіс і Янкоўскіх, “серабро” дасталася сем’ям Клімчэня і Чубек , а “бронза” – у каманды “Віхор”, якая складалася з сем’яў Дрэма і Ігнатовіч.
Усе ўдзельнікі спаборніцтваў былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі і памятнымі падарункамі.


----------------------------
Вольга ГРЫНЦЭВІЧ, настаўнік СШ №1.


Фота з сайта cxid.info.