Спортивно-патриотическая игра "Зарница" вновь собрала островецких школьников

11:00 / 12.06.2013
Той, хто ў той дзень праходзіў каля помніка савецкім воінам і партызанам у Астраўцы, напэўна, быў нямала здзіўлены. Каманды “направа”, “налева”, “разысціся”, патрыятычныя песні, адчаканеныя крокі гучалі на працягу амаль дзвюх гадзін. Менавіта тут быў пакладзены адлік спартыўна-патрыятычнай гульні “Зарніца”, якая па традыцыі праходзіць у нашым раёне ў маі.

Сёлета ў ёй прынялі ўдзел 8 каманд – гімназічны “Патрыёт”, альхоўская “Знічка”, спондаўскі “Факел”, каманда СШ №1 “Парцянкі”, кямелішкаўская “Страла”, гудагайскі “Меч”, міхалішкаўская “Белая маланка”, варнянская “Зорка”.
Пачалося мерапрыемства з урачыстага прадстаўлення каманд і гасцей мерапрыемства, якімі былі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама К.Л. Лянкевіч, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Н.У. Сянюць, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама Н.І. Станкевіч, намеснік ваенкома Д.А. Клімчэня, намеснік начальніка аддзела пагранічнай службы “Гудагай” В.А. Субаткевіч, дырэктар фізкультурна-спартыўнага клуба Л.С. Даўляш, супрацоўніца раённага камітэта БРСМ Л.І. Чусаўлянкіна і падпалкоўнік запаса С.А. Савіцкі.
Пасля гучання гімна і ўрачыстага адкрыцця спаборніцтваў пачынаецца першы этап, які праходзіць тут жа, каля помніка.
Страявая падрыхтоўка, выкананне каманд і песні. Усе каманды падрыхтаваліся да агляду. Зразумела, што не ва ўсіх школах ёсць магчымасць выставіць каманду ў спецыяльнай форме, прасцей у гэтых адносінах было Гудагайскай школе і СШ №1 – тут створаны кадэцкія класы, якія і абаранялі гонар сваёй школы на “Зарніцы”. Але і астатнія пастараліся: кямелішкаўскія школьнікі форму “пазычылі” ў старэйшых таварышаў – пагранічнікаў, гімназісты выступалі ў спартыўных касцюмах з сімволікай Астраўца, астатнія былі ў дзелавым адзенні: светлы верх, чорны (зялёны) ніз.
Як аказалася, маршыраваць умеюць усе. А вось з выкананнем каманд у некаторых узніклі цяжкасці. Ды і песні амаль не адрозніваліся разнастайнасцю рэпертуару. Пад увагу пры выстаўленні балаў бралася ўсё – форма адзення, уменне перастроіцца, выканаць песню, падаць каманду.
У выніку першае месца з 20 баламі дзякуючы камандзіру Дзянісу Ігнатовічу, які не пашкадаваў свой галасавы апарат і каманды падаваў так, што іх чулі, напэўна, у цэнтры горада, атрымала каманда Варнянскага НПК. Усяго адзін бал аддзяліў ад пераможнага першага месца каманды СШ №1, Гудагайскай і Спондаўскай школ – яны другія. Трэцяе месца падзялілі каманды з гімназіі №1 і Міхалішкаўскай школы.
Наступны этап – эстафета. На яе накіроўваюцца чатыры каманды – гімназія, СШ №1, Гудагайская і Альхоўская школы. У гэты час Міхалішкаўская і Спондаўская школы і Варнянскі і Кямелішкаўскі НПК ідуць на стрэльбішча – ім трэба паказаць уменне страляць з пнеўматычнай вінтоўкі. Затым каманды мяняюцца месцамі.
Эстафета складаецца з некалькіх этапаў – бег у процівагазе, адказ на пытанне медыцынскага работніка, перанос пацярпеўшага і бег да фінішу. Барацьба напружаная. Кожная каманда стараецца не толькі прыбегчы як мага хутчэй, але і атрымаць найменшую колькасць штрафных балаў.
Лепшы час паказалі школьнікі са Спондаў, але 40 секунд штрафнога часу не дазволілі ім трапіць у тройку мацнейшых на гэтым этапе. Падчас эстафеты былі атрыманы і першыя траўмы. Дзяўчынка з гудагайскай каманды страціла прытомнасць, але юнакі не разгубіліся, падхапілі яе і дапамаглі перасекчы фінішную прамую. Але нават гэтая непрыемнасць не перашкодзіла гудагайскім школьнікам стаць пераможцамі эстафеты. Другое месца ў альхоўскіх школьнікаў, трэцяе – у варнянцаў.
Не прынёс сюрпрызаў і наступны этап спаборніцтваў. Паказаць навыкі ў стральбе маглі толькі пяць членаў каманды – тры юнакі і дзве дзяўчынкі. Кожнаму выдаваліся тры кулі, максімальна можна было выбіць 150 ачкоў. І якім жа было маё здзіўленне, калі ўбачыла, што гімназісты набралі ажно 148 ачкоў – яны і сталі лепшымі. Другое месца са 147 баламі падзялілі вучні Міхалішкаўскай і Альхоўскай школ, трэцяе занялі гудагайскія школьнікі.
Каб адпачыць ад фізічнай нагрузкі, школьнікам прапанавалі “папрацаваць мазгамі” – на наступным этапе іх чакала віктарына, якая складалася з 25 пытанняў на тэму Вялікай Айчыннай вайны. Адна з каманд вырашыла падгледзець адказ на пытанні ў інтэрнэце – і пасля таго, як іх “вынаходлівасць” заўважылі члены журы, аўтаматычна стала апошняй – адказы не былі залічаны.
Найбольшую колькасць правільных адказаў на пытанні – 17 – далі вучні гімназіі №1. Яны і сталі першымі. Варнянскія школьнікі правільна адказалі на 10 пытанняў – і сталі другімі. Гудагайскія школьнікі з 8 правільнымі адказамі – трэція.
Зборка і разборка аўтамата не выклікала ў школьнікаў цяжкасцей. Магчыма, таму, што напачатку ваеннаслужачыя-пагранічнікі не толькі праінструктавалі ўдзельнікаў спаборніцтваў, але і далі магчымасць патрэніравацца ў гэтай справе. Як вынік – лепшыя навыкі на гэтым этапе паказалі гудагайскія кадэты, другімі сталі вучні з Кямелішак, трэцімі – альхоўскія школьнікі.
“Баявы лісток” школьнікі рыхтавалі ў палявых умовах. Праўда, усе неабходныя матэрыялы яны прывезлі з сабой – падчас конкурсу неабходна было праявіць толькі творчасць, фантазію і хуткасць, бо на падрыхтоўку адводзілася ўсяго 10 хвілін. І лепш за ўсё справіліся з гэтай задачай варнянскія школьнікі – і занялі І месца. Другое месца ў вучняў СШ №1, трэцяе занялі гімназісты.
І вось застаўся апошні этап спаборніцтваў – пошук “дыверсантаў”. У іх ролі выступілі ваеннаслужачыя аддзела пагранічнай службы “Гудагай”. Менавіта яны хаваліся ў лесапаркавай зоне, а школьнікам неабходна было іх выявіць. Першай стартуе каманда гімназіі №1: 3.08 – і дыверсант знойдзены.
– Даволі добры час, – здзіўляюся я.
– Пачакайце радавацца, у мінулым годзе некаторыя каманды так і не знайшлі гэтага “дыверсанта”, – тут жа спыняюць маю радасць члены журы.
І сапраўды, наступныя вынікі каманд не такія і аптымістычныя – 5.13, 5.36, 7.33… Адна з каманд так і не выявіла “лазутчыка”. Затое знайшліся і такія, што абагналі гімназію: гудагайскія школьнікі паспелі гэта зрабіць усяго за 1.54 – і сталі пераможцамі апошняга этапу. Кямелішкаўскія школьнікі – другія, а гімназісты – толькі трэція.
А пакуль члены журы падлічвалі балы і выводзілі месцы, дзеці частаваліся смачнай “салдацкай кашай”, зваранай тут жа, на палявой кухні.
І вось усе зноў строяцца ля помніка – менавіта тут падводзяцца вынікі раённай спартыўна-патрыятычнай гульні “Зарніца”. Высвятляецца, што змагацца было за што – у падарунак тры лепшыя каманды атрымлівалі турыстычныя палаткі і дыванкі для іх ад аддзела адукацыі.
Пачынаецца ўзнагароджванне з намінацыі “Снайпер” – граматы ад раённага ваеннага камісарыята за найбольшую колькасць выбітых ачкоў атрымалі гімназісты, міхалішкаўскія, альхоўскія і гудагайскія школьнікі.
І самы ўрачысты момант гульні і ўзнагароджвання – трэцяе месца заняла каманда Альхоўскай сярэдняй школы, другое месца – у гімназістаў, і ганаровае першае месца занялі гудагайскія кадэты. Сваю перамогу школьнікі абвясцілі трохразовым “Ура!”.


---------------------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.