Она находит подход к каждому больному, даже когда у самой нет сил

09:00 / 13.05.2013
2
Нават гордаму і самаўпэўненаму чалавеку, калі здараюцца праблемы са здароўем, хочацца, каб акрамя лячэння, уколаў яго падрымлівалі маральна. Калі не пазбегнуць аперацыйнага ўмяшальніцтва – людзі становяцца пацыентамі хірурга. І часцей за ўсё хвалююцца не столькі з-за болю, колькі з-за ўласных перажыванняў.

Марыя Уладзіміраўна Садоўская, медыцынская сястра хірургічнага кабінета Астравецкай раённай бальніцы, знаходзіць падыход да кожнага хворага, які прыходзіць на прыём: каго пагладзіць, каго падтрымае словам, іншага моўчкі выслухае. Нават у канцы працоўнага дня, калі ўжо няма сіл, яна ўсміхаецца – і чалавек, які пяць хвілін таму нерваваўся, супакойваецца.
Марыя Уладзіміраўна штодня адчыняе дзверы хірургічнага кабінета ўжо 28 гадоў. І кожны раз за парогам пакідае ўласныя хваляванні і турботы. Пераапранаецца ў рабочае аддзенне і рыхтуе малую аперацыйную: стол павінен быць стэрыльным, а памяшканне – кварцаванае. Удыхае на ўсе лёгкія паветра – і набіраецца сіл на ўсю змену, таму што людзей будзе процьма – як і заўсёды. У 9 гадзін раніцы пачынаецца прыём пацыентаў. Медыцыская сястра робіць перавязкі, трымае зажым, калі над пашкоджаным месцам “чаруе” хірург, падае нітку, накладвае павязкі… Часу ў яе хапае і на афармленне патрэбных дакументаў, і на падтрымку людзей.
За 28 гадоў працы ў Астраўцы яна не страціла сваёй чалавечнасці, не ператварылася ў “аўтамат”. Кожны раз імкнецца далікатна адносіцца да людскога болю, таму што не аднойчы зведала яго сама.
…На Навагрудчыне ў вёсцы Нянькава ў звычайнай сям’і, дзе ў бацькоў-жывёлаводаў падрастаў чатырохгадовы сын, з’явілася на свет чарнявая дзяўчынка. На радасць бацькам, бабулі і дзядулі Марыя расла спрытнай і паслухмянай. Дапамагала маці наводзіць парадак у хаце, карміла курэй. Бацька, Уладзімір Пампеевіч, быў сціплым чалавекам, а вось дзядуля для дзяўчынкі стаў эталонам мужчыны. Пры польскай ўладзе ён быў ваенным фельчарам. Аднак размоў пра дзядулеву працу ў хаце не вялося: бабуля спаліла ўсе дакументы, каб засцерагчы мужа ад высылкі ў Сібір.
А па матчынай лініі многія родзічы звязалі сваё жыццё з медыцынай.
Марыі, напэўна, з малаком перадалася цяга да “лекавання”. З самага маленства дзяўчынка марыла стаць медыцынскай сястрой. Лепшы сябар, дзядуля, быў першым пацыентам гарэзы. Малая камандавала – і Дзмітрый Антонавіч клаўся на ложак. Марыя накідвала на плечы белы ручнік (ён служыў ёй адмысловым медыцынскім халатам) і слухала дзядулю, правярала горла, ставіла банкі і нават рабіла ўколы.
Цешыцца гульнёй “у бальніцу” дзяўчынцы давялося нядоўга: моцна пашкодзіла вока. І сапраўдныя бальніцы і ўрачы з медсёстрамі ў белых халатах сталі часткай яе жыцця. Марыя моцна сумавала па маме, але калі тая прыязджала праведаць малую з сумкамі, поўнымі прысмакаў, ні на хвілінку не прызнавалася, як цяжка ёй тут. У “ціхі час”, калі астатнія дзеці спалі, яна на дыбачках праслізгвала на пост медыцынскай сястры і ўпотай назірала. Упітвала і запамінала назвы інструментаў, лекаў…
Пасля заканчэння 8-га класа выбар – кім быць? – зрабіла адразу. Дзяўчына накіравалася ў сталіцу, каб спраўдзіць мару дзяцінства. Аднак, калі даведалася пра конкурс у медыцынскае вучылішча – восем чалавек на месца! – набыла квіток назад у Нянькава.
Марыя крочыла па Мінску, а ўнутры панаваў адчай: у паўкроку ад здяйснення мары даўгачаканая вучоба выслізгвала з рук. Ды, відаць, дзякую¬чы хітрыкам непрадказальнага лёсу, яна сустрэла на сваім шляху дзяўчыну, якая займалася ў медыцынскім вучылішчы горада Вентспілс ў Латвіі. Ад яе Марыя даведалася, што паступіць туды лёгка, хоць для таго, каб вучыцца, трэба прыкладаць шмат сіл. Незнаёмка так хораша распавядала пра горад, захаплялася вучылішчам, што ў дзяўчыны не засталося ніякіх сумненняў, куды падаваць дакументы.
Праз некалькі гадзін, калі пераступіла парог хаты, на адным дыханні Марыя расказала пра гэ¬тую выпадковую сустрэчу – і мама яе адпусціла. Ганна Дзмітрыеўна ведала смак няспраўджаных надзей. Калісьці яна, як і дачка, марыла стаць медыцынскай сястрой. Бацькі не пусцілі вучыцца, таму што баяліся, каб дачку не забралі на вайну. І ўсё жыццё жанчына наракала, што “пакінулі ў калгасніках”. Яна падтрымала дачку, хоць тая выпраўлялася за сотні кіламетраў ад дому.
Разам з сябрамі Марыя адправілася ў Вентспілс. У незнаёмым горадзе дапамагла з жыллём выпадковая знаёмая. Так у 1974 годзе Марыя стала студэнткай медыцынскага вучылішча. Дысцыпліна на вучобе і ў інтэрнаце была жорскай. У 10 гадзін вечара выключалі святло. Для “зялёных” медыцынскіх работнікаў чыталіся два курсы: асобна для латышак і дзяўчат з усяго Савецкага Саюза.
Марыя марыла: калі скончыць вучобу і будзе самастойна зарабляць, то абавязкова пабачыць свет. Маладой правінцыйнай дзяўчыне было цікава, як жывуць людзі ў іншых краінах. І толькі тут, у Вентспілсе, яна ўпершыню за жыццё ўбачыла мора. Піла вачамі неабсяжную сінюю даль. Разам з сяброўкамі, калі выдава-лася вольная хвіліна, яны беглі да мора. Побач знаходзілася мяжа з Фінляндыяй, і дзяўчат не хацелі пускаць на ўзбярэжжа. Аднак забараніць цешыцца морам, якое ўспрымалася, як цуд, не змаглі. Дзяўчаты рана прачыналіся і перад заняткамі беглі да мора, босымі нагамі станавіліся ў ваду і сустракалі ўзыход сонца.
Думкі, акрамя лекцый па анатоміі і фізіялогіі, былі толькі пра дом. Наведаць родных выпа¬дала ўсяго два разы на год: пасля зімняй і летняй сесій. Летам, калі ўсе сяброўкі ад’язджалі да татаў і мамаў, Марыя заставалася ў вучылішчы. Яна ведала, што практыка дапаможа затым у жыцці. Затое мама ікнулася наведаць дачушку як мага часцей. І яны, абняўшыся, размаўлялі да раніцы. Мама заўсёды была для Марыі лепшай дарадцай і сяброўкай.
Зімой жа, калі сесія была надзейна запячатаная ў залікоўцы, дзяўчына выпраўлялася дамоў. Дарога па заснежанай ліпавай алеі набліжала да чаканых веснічак, а сэрца білася з такой моцай, што, здавалася, выскачыць вонкі ад радасці. Тата і нямецкая аўчарка Дэк у тры гадзіны ночы сустракалі дзяўчынку і душылі ў сваіх абдымках – а Марыю душылі слёзы. Нарэшце яна дома! Калі дзяўчына спала спакойным сном, як калісьці ў далёкім дзяцінстве, мама брала ў рукі яе адзенне – і падносіла да твару. Яно пахла медыцынай – і няспраўджанымі марамі...
У 1977 годзе Марыя скончы¬ла медыцынскае вучылішча і ўладкавалася працаваць дзіцячай медыцынскай сястрой. Вестка аб хваробе маці прымусіла вярнуцца на радзіму. У Гродна дзяўчына працавала ў траўматалагічнай бальніцы. За восем гадоў працы Марыя прайшла шлях ад медыцынскага паста да старшай сястры аперацыйнай. І кожныя выхадныя, калі не выпадала дзяжурства, ехала на вёску да бацькоў.
… У той дзень Марыя вярталася ў горад і ледзьве паспела на свой аўтобус. Калі забегла ў салон, заўважыла адно вольнае месца. Папрасіла ў юнака памяняцца месцамі, але той не згадзіўся.
Дзяўчына моцна здзівілася, калі праз пятнаццаць хвілін ля сваёй кватэры ўбачыла хлопца, з якім паспела пасварыцца ў аўтобусе. Мікалай узяў таксі і ўсё ж даведаўся адрас прыгажуні.
У 1984 годзе маладыя згулялі вяселле, а праз год пераехалі ў Астравец.
Жанчына стала працаваць медыцынскай сястрой у кабінеце хірурга. Калі ўпершыню апранула белы халат у Астравецкай бальніцы, ізноў, бы з юнацтва, вярнулася хваляванне. Ці зможа ўліцца ў калектыў? Ці ўсё атрымаецца? На дапамогу прыйшла Аляксандра Яфімаўна Ліпская, якая працавала медыцынскай сятрой, нягледзячы на свой узрост, і была “медыцынскім старажылам”. Самыя складаныя гады станаўлення Марыі Уладзіміраўны прайшлі побач з ёй. Жанчына была і за маму, і за сяброўку, і за калегу.
Тут, у Астраўцы у сямействе Садоўскіх на свет з’явіўся даўгачаканы сынок Іван. Рана, якая крываточыла пасля страты першага дзіцяці, зацягнулася. Хоць Ваня і не пайшоў па матчыных слядах, затое напярэдадні Дня медыцынскага работніка падарыў ўнука. Неўзабаве ў Марыі Уладзіміраўны з’явіцца і ўнучка. Можа, хтосьці з іх працягне справу жыцця бабулі?
Калі Марыя вяртаецца дамоў пасля напружанага працоўнага дня, на вуліцы яе спыняюць людзі і выказваюць словы ўдзячнасці. Жанчына не заўсёды памятае ў твар кожнага пацыента, таму што за змену праходзяць, здараецца, да дваццаці чалавек, аднак яна ведае на ўсе сто адсоткаў, што і сёння камусьці дапамагла і змешыла боль – а гэта галоўнае. І не памылілася ў сваім выбары прафесіі.
Часам не хапае слоў, каб прывітацца з мужам, калі пераступае парог дома. Мікалай, як і ў першыя гады шлюбу, падтрымлівае любімую палавіну і разумее яе без слоў. З Брэста шлюць прывітанні дзеці…
Няхай медыцынскія сёстры часам застаюцца ў ценю ўрачоў – але і дактары, і пацыенты без іх – як без рук.


-----------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара
.