Юных островецких лесоводов приглашают принять участие в конкурсах

11:00 / 13.04.2013
Міністэрства лясной гаспадаркі праводзіць рэспубліканскі конкурс “Квітней, мой лес” сярод навучэнцаў, студэнтаў, удзельнікаў школьных лясніцтваў.

Конкурс праводзіцца ў два этапы: абласны (з 20 красавіка па 20 мая 2013 года) і рэспубліканскі (21 мая па 20 чэрвеня 2013 года). “Устойлівае лесакіраванне”, “Экалогія лясных раслін”, “Экалогія лясных жывёл” – намінацыі, у якіх могуць паспрабаваць свае сілы дзеці і падлеткі.
А яшчэ “Гродзенскім дзяржаўным абласным эколага-біялагічным цэнтрам дзяцей і моладзі” сумесна з Гродзенскім дзяржаўным вытворчым лесагаспадарчым аб’яднаннем аб’яўлены абласны агляд-конкурс “На лепшую пастаноўку работы ў школьным лясніцтве”.
Для ўдзелу ў ім юныя лесаводы павінны падрыхтаваць матэрыялы аб сваіх справах: пасадку і пасеў лесу, азеляненне населеных пунктаў, ахову карысных насякомых, жывёл і птушак, збор лекавых раслін, ажыццяўленне феналагічных назіранняў і інш.
Астравецкі лясгас запрашае вучняў і настаўнікаў школ раёна да ўдзелу ў конкурсах.
Пераможцы будуць узнагароджаны 20 мая не толькі дыпломамі, але і памятнымі прызамі. А галоўная ўзнагарода для школьных лесаводаў, напэўна, – гэта выратаваныя жывёлы і пасаджаныя лясы!


-----------------------
Алена ГАНУЛІЧ.


Фота з сайта mlh.by.