Астравецкія школьнікі дапамагалі птушкам

14:41 / 22.03.2012

Раённая акцыя пад такой назвай праходзіла ва ўсіх установах адукацыі – школьнікі не толькі выраблялі і развешвалі гнёзды і домікі для птушак, але і фатаграфавалі іх. У выніку лясы нашага раёна папоўніліся сотнямі новых хатак для птушак, а дзіцячыя калекцыі – новымі фотаздымкамі.


Конкурс праходзіў у чатырох намінацыях. Пераможцамі ў намінацыі “Выраб і развешванне штучных гнёздаў для птушак” журы прызнала вучняў Мальскага і Варнянскага НПК, Гудагайскай школы і Рымдзюнскай СШ з беларускай мовай навучання.
Больш за ўсё на конкурс было даслана фотаработ – яны спаборнічалі ў трох намінацыях: “Чорна-белы кадр”, “Буйным планам”, “Птушкі дома і заапарка”.
“Жамчужына”, “Нечаканы госць”, “Дружная кампанія”, “Ранішняе прабуджэнне”, “Хто на свеце ўсіх мілей” і шэраг іншых цікавых назваў, пад якімі крыліся такія ж цікавыя і прыгожыя фотаздымкі.
Пераможцамі ў намінацыі “Чорна-белы кадр” былі прызнаны Саша Бялячыц з Рымдзюнскай школы з літоўскай мовай навучання, Ілля Сасноўскі з Трокеніцкай базавай школы, Павел Барташэвіч з Падольскага НПК, Аліна Баніцэвіч з СШ №1 і Іван Каванскі з Альхоўскай школы.
У намінацыі “Буйным планам” лепшымі сталі калектыўныя работы вучняў 9 “А” і 10 “А” класаў гімназіі №1 і індывідуальныя фотаздымкі гімназістаў Мікіты Праскіна, Насці Веська і Івана Пратасевіча, Вікі Сяргей з Мальскага НПК, Аліны Баніцэвіч з СШ №1, Максіма Лісоўскага і Антона Юркойця з Варнянскага НПК.
“Птушкі дома і заапарка” лепш за ўсё ўдаліся Косцю Юргелянцу з Рытанскага НПК, Яне Івашкевіч са Спондаўскай школы, гімназістам Вікторыі Максімавай і Аляксею Отчыку, а таксама Яне Лакевіч з Варнянскага НПК.


Алена ЯРАШЭВІЧ.