У Варнянскай школе прайшлі фінальныя спаборніцтвы па рухомых гульнях

15:34 / 18.01.2011

Нагадаем, што ў снежні мінулага года адбыліся занальныя спаборніцтвы, тады ў іх удзельнічалі ўсе школы раёна. 14 студзеня ў Варнянах сабраліся лепшыя з лепшых –  сорак вучняў пачатковых класаў з Варнянскага і Падольскага НПК, Гудагайскай сярэдняй і Трокеніцкай базавай школ.


Адкрыла спаборніцтвы і прывітала дзяцей дырэктар школы Н.А. Субач, якая пажадала перамагчы мацнейшым. А потым гучалі гімн, прывітанне каманд і абарона эмблем. Як і раней, школьнікі змагаліся  ў бегу, сіле, скачках, кіданні мяча і іншых відах  за права называцца пераможцамі. Усе расставіла па сваіх месцах камбінаваная эстафета.
Па выніках гульні і максімальнай колькасці набраных балаў перамагла каманда гаспадароў – Варнянскай школы, на другую прыступку падняліся школьнікі з  Трокенік, трэцяе месца ў каманды з Гудагайскай школы, школьнікі з Падольцаў – на чацвертым. Пераможцы  атрымалі граматы, а каманда Варнянскай школы, якая заняла першае месца, –  яшчэ і салодкі падарунак.


Алена ЯРАШЭВІЧ.