Падзяліся ўсмешкаю сваёй

10:52 / 08.12.2010

У пятніцу на базе гімназіі №1 прайшоў канцэрт, арганізаваны спецыялістамі цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі і падрыхтаваны пры падтрымцы супрацоўнікаў і выхаванцаў цэнтра пазашкольнай работы і прыватных прадпрымальнікаў.


А паколькі свята было арганізавана для дзяцей, то і галоўнымі дзеючымі асобамі сталі, канешне, дзеці. Перад уваходам у залу погляд прываблівала выстава “Свет маіх захапленняў”, на якой былі размешчаны дзіцячыя работы – аплікацыі і вышыванкі, вырабы з салёнага цеста, пластыліну, саломкі, дрэва  і бісеру.
А ў зале сабраліся дзеці і іх бацькі – тыя, хто знайшоў час і вырашыў завітаць на сяброўскі агеньчык. Само ж дзейства разгарнулася на сцэне.
Пачалося ўсё з прывітальнага слова дырэктара цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Ганны Іосіфаўны Ціток. У сваім выступленні з дапамогай мультымедыйнай прэзентацыі яна паказала і расказала, чым займаюцца дзеці, як яны вучацца і праводзяць вольны час.
Нагадаем нашым чытачам: цэнтр быў адкрыты сем гадоў назад. Сёння 22 дзіцяці атрымліваюць дапамогу спецыялістаў – адкрыты спецыялізаваны клас, для дзяцей створана асаблівае асяроддзе: гульнёвыя домікі, басейн з шарыкамі, з імі займаюцца кваліфікаваныя педагогі. Пры цэнтры працуе бацькоўскі клуб “Надзея”, бацькі, дзеці і педагогі два гады з’яўляліся ўдзельнікамі праекта “Гармонія дабрыні і ўзаемадапамогі”, цяпер распрацаваны новы праект “Цяпло сэрцаў – дзецям”.
У 2008 годзе ў рамках праграмы “Дзеці Беларусі” з абласнога бюджэта былі выдзелены сродкі на набыццё мікрааўтобуса для карэкцыйнага цэнтра – з таго часу ў дзяцей з’явілася магчымасць падарожнічаць. А яшчэ цэнтр цесна супрацоўнічае з рэабілітацыйным аддзяленнем бальніцы – рабят возяць на рэабілітацыйныя мерапрыемствы. Спецыялісты цэнтра робяць усё, каб дзецям было добра і ўтульна, і каб бацькі былі спакойныя за сваіх сыночкаў і дачушак – яны ў надзейных руках.
Пасля прэзентацыі  пачалося дзейства – дзеці расказвалі вершы, спявалі песні, адгадвалі загадкі і назвы казак, удзельнічалі ў конкурсах. Мамы таксама не засталіся ў баку – яны падтрымлівалі сваіх дзетак і таксама ўдзельнічалі ў конкурсах. Таццяна Рамуальдаўна Стэх падзялілася з прысутнымі сваімі думкамі:
– Усё ў вашых руках – не трэба расслабляцца, не давайце волю слязам і верце: вы не адныя ў свеце. Я ўдзячна “Чырвонаму Крыжу”, усім, хто нас падтрымлівае і дапамагае. Усе мы разам!
Падчас канцэрта песні гледачам дарылі Павел Букель і выхаванцы цэнтра пазашкольнай работы – Кацярына Юркойць, Ксенія Клусевіч, Вікторыя Рудая, а  танцавальны калектыў пад кіраўніцтвам А.І. Власенка падарыў дзецям і іх бацькам энергічны танец “Топ па паркету”. Досыць папулярная паслуга зараз - обучение танцам. Падарункі ад раённага аддзялення Беларускага дзіцячага фонду атрымалі дзеці, якія прадставілі свае работы на выставу творчасці “Свет маіх захапленняў”.
Тут засвяціліся юныя зорачкі –  Насця Бандарэнка, якая сёлета стала яшчэ і пераможцам паэтычнага  конкурсу “Дзеці пішуць для дзяцей”,  Дар’я Гарбачова, Ілья Мілаш, Яна Кавалеўская, Дзіма Мятлеўскі, Максім Кяжуць, Герман Мілаш, Дарый Краеўскі, Іван Атосін, Жэня Багдановіч, Ілья Калановіч, Максім Савельеў, Вераніка Саковіч, якая акрамя прадстаўленых на выставе малюнкаў, выканала  песню “Цуды прыходзяць на світанку”, і выхаванцы карэкцыйнага цэнтра.
А закончылася свята паказам мультымедыйнай прэзентацыі “Простыя правілы здароўя”. Пасля яе прагляду ўсе дзеці атрымалі салодкія падарункі, набыць якія дапамаглі прыватныя прадпрымальнікі Вадзім Міхцееў, Анатолій Міхцееў, Іна Грабоўская, Сяргей Савіцкі, Алег Каленічэнка, Наталля Болагава, Часлаў Лабачэўскі і Яшар Мехціеў, за што ім хочацца выказаць словы ўдзячнасці.
Свята добрага настрою і дабрыні атрымалася! Першае ў гэтым месяцы, і верыцца, што не апошняе – наперадзе Новы год з надзеямі на лепшае і веру ў будучыню!


Алена ЯРАШЭВІЧ.