Смак першай перамогі Вікторыі Рудай

15:51 / 07.12.2010

Для юнай мастачкі Вікторыі Рудай смак першай перамогі асацыіруецца з букетам водараў англійскага чаю “Ahmad Tea”, набор з некалькіх сартоў якога дзяўчынка атрымала – у дадатак да Дыплома ІІІ ступені – за ўдзел у конкурсе “Мы малюем Англію”, у намінацыі “Малюем, як умеем”.


Гэты конкурс быў арганізаваны ТАА “Энергія” і прымеркаваны да 15-годдзя гандлёвай маркі  “Ahmad Tea” ў Рэспубліцы Беларусь. А даведалася Віка  пра яго з рэкламнага лістка, які выпадкова ўбачыла на стэндзе ў гімназіі. І ў дзяўчынкі адразу зайграла фантазія! З захапленнем малявала яна сярэдневяковы замак, таямнічы і крыху змрочны – у такіх звычайна жывуць прывіды… А  ў дадатак намалявала яшчэ і карту Англіі. Яе работы спадабаліся журы конкурсу, у выніку – “бронзавая” ўзнагарода.
Пра гэтую таленавітую дзяўчынку наша газета расказвала тры гады таму. Ужо тады другакласніца Віка падавала добрыя надзеі як мастачка. За час, што прайшоў, яна многаму навучылася ў Астравецкай школе мастацтваў – выдатніца! У яе светлых акварэлях ужо бачна рука майстра і рамантычная душа. І калі сабраць усе малюнкі, змясціць у рамкі і развесіць у асобным пакоі, атрымаецца невялікая галерэя. Праўда, пакуль што дачка  з мамай проста іх ламінуюць, каб лепш захоўваліся.
Віка – надзвычай мэтанакіраваная дзяўчынка. Вырашыла стаць дызайнерам, а для гэтай прафесіі патрэбны не толькі мастацкія здольнасці, але і працавітасць, і добрыя веды, таму і ў  гімназіі яна добра вучыцца. Верыцца, што ўсё атрымаецца, бо нездарма ж юную мастачку завуць Вікторыя – гэта значыць, перамога. Дык новых табе поспехаў, Віка! Няхай не блякне вакол цябе вясёлкавы свет, а расцвітае ў новых малюнках.


Таіса СЯМЁНАВА.