У гімназіі прайшоў конкурс "Малады спецыяліст-2010"

16:00 / 03.12.2010
5

У мінулую суботу актавая зала гімназіі №1 напоўнілася маладымі галасамі – дзесяць педагогаў з розных школ нашага раёна з’ехаліся на конкурс “Малады спецыяліст-2010”, арганізаваны аддзелам адукацыі райвыканкама.
Падобныя конкурсы ў нашым раёне праводзяцца не першы раз – гэта ўжо добрая традыцыя, якая бярэ свой пачатак з 2007 года. З таго часу кожны год конкурс  збірае тых, хто робіць першыя крокі ў прафесію.


На гэты раз паспрабаваць свае сілы і пазмагацца за права называцца лепшымі ў Астравец прыехалі педагог-арганізатар Кямелішкаўскага НПК Кацярына Іванаўна Забродская, настаўніца нямецкай мовы Быстрыцкай школы Таццяна Анатольеўна Крычко, педагог-псіхолаг гімназіі №1 Ірына Аляксееўна Жывадоўская, настаўнікі рускай мовы і літаратуры  з Рымдзюнскай літоўскай школы Аляксандра Аляксандраўна Навумава, беларускай мовы і літаратуры Рытаньскага НПК Людміла Аляксееўна Кірпа, рускай мовы і літаратуры Варнянскага НПК Юлія Сяргееўна Кулеш, рускай мовы і літаратуры Падольскага НПК Ганна Уладзіміраўна Сакалова, англійскай мовы Гервятскай СШ Алеся Вітольдаўна Барусевіч, дэфектолаг з Гудагайскай СШ  Юлія Зыгмундаўна Ермашэвіч і настаўніца пачатковых класаў Рымдзюнскай школы з беларускай мовай навучання Марына Юр’еўна Чарняўская.
Вядучыя, настаўніцы Гудагайскай школы, Аксана Паўлаўна Лазарава і Таццяна Паўлаўна Карпіцкая, якія і самі нядаўна былі маладымі спецыялістамі, перажывалі за кожнага з іх. Пасля прадстаўлення членаў журы, якое складалася са спецыялістаў аддзела адукацыі, і жараб’ёўкі, пачаўся першы этап – “Візітная картка”, падчас якой настаўнікі расказвалі пра сябе.
Кожны стараўся – рыхтавалі мультымедыйныя прэзентацыі, хтосьці выступаў сам, у іншых былі надзейныя памочнікі – вучні і настаўнікі. Як аказалася, Кацярына Іванаўна Забродская, педагог-арганізатар з Кямелішак, выкладае яшчэ выяўленчае мастацтва і абслугоўваючую працу. Раскрыць яе таленты праз песню  дапамагла вучаніца Вераніка Дашына. Таццяна Анатольеўна Крычко ў дзяцінстве марыла быць урачом, а потым дзякуючы свайму настаўніку захапілася замежнай мовай – і паступіла ў Ваўкавыскі педагагічны каледж. Пасля яго заканчэння лёс прывёў маладую настаўніцу ў Быстрыцу. Пра ўдзельніцу з гімназіі Ірыну Аляксееўну Жывадоўскую расказала яе сяброўка. Сама ж Ірына сыграла на флейце – ды так цудоўна, што захапіла музыкай  усю залу.  Аляксандра Аляксандраўна Навумава з дзяцінства марыла быць педагогам. І хаця нарадзілася і ўсё жыццё правяла ў Гродна, не шкадуе, што трапіла ў Рымдзюны. Пра Людмілу Аляксееўну Кірпа расказвалі і тэхнічка, і намеснік дырэктара, і сябры-настаўнікі, і дзеці. Дарэчы,  з яе прыбыццём ў Рытань там вырашылася пытанне і з цырульнікам, і з масажыстам, і з музыкантам. Варнянцы, як і заўсёды ў падобных конкурсах, паказалі сябе з найлепшага боку: арганізавалі і правялі праграму “Жаночы погляд” з Аксанай Пушкінай, галоўнай гераіняй якой была Юлія Сяргееўна Кулеш. Ганна Уладзіміраўна Сакалова ў  дзяцінстве зразумела, што ўвесь свет схаваны ў кнігах. Яна – актыўная ўдзельніца “Што? Дзе? Калі?” і КВЗ, “Міс усмешка” філфака, гераіня ўніверсітэцкага мюзікла “Рамэа і Джульета”, а цяпер – яшчэ і настаўніца Падольскага НПК. Удзельніца з Гервят Алеся Вітольдаўна Барусевіч прадстала перад журы ў абліччы Папялушкі, якую добрая фея накіравала ў школу і дала чароўную ручку, якая ставіць толькі добрыя адзнакі, і чароўны  ключык ад дзіцячых сэрцаў. Канкурсантка з Гудагайскай школы Юлія Зыгмундаўна Ермашэвіч прадставіла цікавую і змястоўную прэзентацыю пра сябе і родную школу, у якой калісьці яна вучылася сама, а цяпер  працуе настаўніцай. А пра Марыну Юр’еўну Чарняўскую, настаўніцу пачатковых класаў з Рымдзюнскай школы, расказалі яе трэццякласнікі і калегі.


Першы конкурс завяршыўся, і пакуль журы выстаўляла балы і падводзіла вынікі, гледачы і канкурсанты слухалі песні і падпявалі выканаўцам.
Наступны конкурс быў больш сур’ёзным і складаным – маладым педагогам неабходна было расказаць пра сваё педагагічнае крэда. Адны зрабілі гэта з дапамогай вядомых афарызмаў, другія – выкарыстоўвалі  мультымедыяпрэзентацыі, трэція, як, напрыклад,  варнянцы, падрыхтавалі  тэатральнае прадстаўленне – пасяджэнне багоў на Алімпе, якія гатавалі нектар для суперпедагогаў, а гервятцы пабудавалі храм прафесійнага поспеху.
У трэцім конкурсе маладыя педагогі рашалі педагагічныя сітуацыі – як паступіць з дзецьмі, якія парушаюць цішыню, што рабіць з тымі, хто спазняецца на ўрок, і іншыя. Па праўдзе кажучы, усе канкурсанты справіліся з заданнямі годна і заслугоўвалі найвышэйшага бала.
А вось чацвёрты конкурс “Свет маіх захапленняў” пераўзышоў усе  чаканні. Чым толькі не захапляюцца нашы маладыя педагогі! Вершы пішуць, вяжуць, вышываюць, кветкі разводзяць, робяць мяккія цацкі і паштоўкі, падарожнічаюць, танцуюць і спяваюць, ствараюць касцюмы з другаснай сыравіны, іграюць на музычных інструментах, займаюцца дзюдо, назіраюць за зоркамі,  захапляюцца чытаннем…
Адны паказвалі свае захапленні на мультымедыя. Іншыя  не паленаваліся і прывезлі тварэнні сваіх рук з сабой. Раскажу пра тых, хто  найбольш запомніўся.
Канкурсантка з гімназіі, акрамя таго, што захапляецца ігрой на флейце,  прадставіла вялікую колькасць грамат і медалёў за перамогі ў дзюдо. А яшчэ так цудоўна сыграла ў мініяцюры “Незабыўнае спатканне”, што зала яшчэ доўга не змаўкала ад смеху!
Людміла Аляксееўна Кірпа прачытала свае вершы і прадэманстравала калекцыю фотаздымкаў тых мясцін, дзе ёй пашчасціла пабываць. А яшчэ па загаду дырэктара навучылася іграць на баяне і па-заліхвацку падыграла дзецям, якія выканалі прыпеўкі.
У Юліі Сяргееўны Кулеш захапленняў таксама шмат – яна вырошчвае кветкі, падарожнічае, захапляецца спортам, чытае – і пры гэтым і пра сям’ю не забывае. А на суд журы яна прадставіла сапраўдны кулінарны шэдэўр – торт, на якім былі адлюстраваны ўсе яе захапленні.
Алеся Вітольдаўна Барусевіч калекцыяніруе анёлаў – і аднаго з іх яна падарыла аддзелу адукацыі для аховы ад розных няшчасцяў.
Юлія Зыгмундаўна Ермашэвіч па адукацыі сурдаперакладчык – і песня на мове жэстаў нікога не пакінула раўнадушным.
Марына Юр’еўна Чарняўская, пакуль чараўнік раздаваў хобі, была занята праверкай сшыткаў, таму ёй засталіся толькі ніткі і пацеркі – з іх яна зараз і вырабляе цудоўныя ўпрыгожанні для сябе і сваіх знаёмых.
Як бы цікава і захапляюча ні было, усё мае свой канец. І конкурс таксама. А пакуль журы падлічвала балы, усе сталі слухачамі сольнага канцэрта Аляксандра Пятровіча Альховіка. Весяліць публіку падчас перапынкаў яму дапамагалі Павел Букель, Маргарыта Кандратовіч, Таццяна Карпіцкая, Артур Кусойць і танцавальныя калектывы “Астравок” і “Нон-стоп”.
І вось – балы падлічаны, пераможцы вызначаны і слова бярэ метадыст вучэбна-метадычнага кабінета і арганізатар конкурсу Ларыса Леанідаўна Кетрыс.
У выніку першае месца дасталося педагогу-псіхолагу гімназіі №1 Ірыне Аляксееўне Жывадоўскай, другое – настаўніцы рускай мовы і літаратуры з Варнянскага НПК Юліі Сяргееўне Кулеш, трэцяе – Людміле Аляксееўне Кірпа, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Рытаньскага НПК. Грамату ў намінацыі “Візітная картка” атрымала педагог-дэфектолаг Гудагайскай школы Юлія Зыгмундаўна Ермашэвіч, лепшай у намінацыі “Маё педагагічнае крэда” стала настаўніца англійскай мовы Алеся Вітольдаўна Барусевіч з Гервят, а ў намінацыі “Свет маіх захапленняў” перамагла Марына Юр’еўна Чарняўская, настаўніца пачатковых класаў з Рымдзюнскай школы з беларускай мовай навучання.
Фестываль маладых і таленавітых завяршыўся, але наперадзе ў кожнага з іх вялікае настаўніцкае жыццё, падчас якога такія вось прафесійныя экзамены прыйдзецца здаваць яшчэ не  раз.


Алена ЯРАШЭВІЧ.