Островец отмечает свой пятилетний юбилей

14:00 / 28.04.2017
3

centr.jpgУ красавіку Астравец адзначае свой першы, пакуль яшчэ дзіцячы, пяцігадовы юбілей у статусе горада. А ў наступным годзе нас чакае больш сур’ёзная дата – 550 гадоў з дня першага пісьмовага ўспаміну пра паселішча з назвай Астравец.
З гэтай нагоды за круглым сталом сабраліся прадстаўнікі ўлады, грамадскіх арганізацый, жыхары горада з вялікім жыццёвым вопытам і маладыя, тыя, хто пражыў тут усё сваё жыццё – і для каго Астравец стаў родным горадам не так даўно. Тэма размовы выйшла далёка за рамкі сёлетняга і будучага юбілеяў і тычылася розных тэм жыцця нашага маладога і адначасова старажытнага горада.
Удзел у размове прынялі намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла, намеснік галоўнага інжынера па падрыхтоўцы персаналу – начальнік вучэбна-трэніровачнага цэнтра Беларускай АЭС Уладзімір Дзмітрыевіч Горын, начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Віталь Мар’янавіч Мацкевіч, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Расціслаў Іванавіч Бразінскі, намеснік дырэктара цэнтральнай бібліятэкі Наталля Уладзіміраўна Ачарэтава, жыхары горада Данута Францаўна Чарнушэвіч і Наталля Уладзіміраўна Волк-Леановіч. Вядучай круглага стала па традыцыі стала Ніна Аляксееўна Рыбік. 


Свилло.jpgВіктар Збігневіч Свіла:
– Дазволю сабе нагадаць прысутным і ўсім чытачам “Астравецкай праўды”  гісторыю самага маладога ў Беларусі горада Астраўца. Напачатку было рашэнне Астравецкага раённага Савета дэпутатаў 26 склікання, які 4 красавіка 2012 года звярнуўся з хадайніцтвам у Гродзенскі абласны Савета дэпутатаў аб аднясенні гарадскога пасёлка Астравец да катэгорыі гарадоў раённага падпарадкавання. 22 красавіка гэтага ж года сесія абласнога Савета прыняла адпаведнае рашэнне, якое было апублікавана ў абласной газеце “Гродзенская праўда” 28 красавіка 2012 года і ўступіла ў законную сілу. З гэтага дня Астравец, які ў наступным годзе будзе адзначаць 550 гадоў з часу першага пісьмовага ўспаміну, пачаў адлік сваёй навейшай гісторыі ў статусе горада. 

Ніна Аляксееўна Рыбік: 

–           Хачу пацікавіцца ва ўсіх прысутных: што станоўчага, на вашу думку, Астравец набыў разам са статусам горада? І што, наадварот, страціў? Чаго нам не хапае, каб з чыстым сумленнем горадам звацца? І як гэтыя праблемы можна вырашыць? 


Горин.jpgУладзімір Дзмітрыевіч Горын:
–           Я, напэўна, менш усіх прысутных жыву ў Астраўцы – прыехаў сюды сем гадоў назад, калі было прынята рашэнне аб выбары Астравецкай пляцоўкі для будаўніцтва Беларускай АЭС.
Канешне, калі глядзець па знешніх прыкметах, то Астравец за гэты час змяніўся непазнавальна. Памятаю, калі ў 2009 годзе мы прыехалі сюды ўпершыню, каб пазнаёміцца з месцам, куды збіраліся пераехаць, то гэты быў ціхі, утульны, спакойны гарадок – ідэальнае месца для размеранага сямейнага жыцця.
Цяпер, канешне, Астравец зусім іншы. І звязана гэта не з тым, што ён набыў статус горада. У сувязі з будаўніцтвам атамнай станцыі колькасць насельніцтва значна павялічылася. Гэта бачна нават па тым, што вечарамі на перакрыжаваннях узнікаюць аўтамабільныя пробкі – першая прыкмета ўрбанізацыі, а ў магазінах – чэргі.
 Радуе, канешне, што Астравец расце – з’яўляюцца новыя дамы, прыгожыя адміністрацыйныя будынкі, школы, садкі. Але і пэўныя праблемы ёсць. Крыўдна, што ў суботу-нядзелю натоўпы астравецкіх жыхароў запаланяюць смаргонскі “Еўраопт” і пакідаюць там свае грошы, якія маглі б застацца ў сваім раёне. Штодня курсіруюць машыны “Е-дастаўкі”, якія таксама вывозяць грошы астраўчан у Мінск. Нашаму гандлю, напэўна, варта была б больш энергічна варушыцца ў гэтых умовах – попыт літаральна на ўсё тут зараз проста шалёны.
Ці, скажам, зараз праводзіцца першынство раёна па валейболу –  і калі ігракі знаходзяць месца для спаборніцтваў, то балельшчыкам прыйсці і паназіраць за гульнёй няма магчымасці: у “Старце” цесна, гімназія, напэўна, не тое месца, дзе павінны збірацца натоўпы старонніх людзей. А гэта ж так добра, калі спартсменаў прыйдуць падтрымаць калегі, ці, скажам, тата гуляе, а мама з дзецьмі “хварэюць”…
Расціслаў Іванавіч Бразінскі:
–           Ды і спартсменам, скажу я вам, не вельмі камфортна гуляць у нашай спартыўнай зале “Старт”, дзе няма нармальнай вентыляцыі. Калі дзесяць здаровых мужыкоў паскачуць пад валейбольнай сеткай, то да канца гульні там літаральна няма чым дыхаць. Увогуле са спартыўнай базай у нашым горадзе істотныя праблемы.
Мацкевич.jpgВіталь Мар’янавіч Мацкевіч:
– Ну, калі з самага пачатку размова зайшла пра праблемы, то дазвольце мне расказаць, што ў бліжэйшай перспектыве з’явіцца ў Астраўцы – магчыма, гэта здыме многія пытанні, што называецца, “у паўфінале”.
Пачнём, напэўна, з самага злабадзённага – гандлю. Яшчэ некалькі гадоў назад інвестары выкупілі зямельныя ўчасткі ў першым і другім мікрараёнах – за даволі вялікія грошы, трэба сказаць. У  першым мікрараёне кампанія “Родная старана” нават пачала будаўніцтва – але потым фірма абанкроцілася, зараз ідзе працэс яе ліквідацыі. Што будзе далей з гэтым участкам, пакуль невядома – канчатковае рашэнне яшчэ не прынята.
У другім мікрараёне зямельныя ўчасткі выкупілі вядомыя буйныя гандлёвыя фірмы – “АЛМІ” і “Еўрагандаль”, які і з’яўляецца гаспадаром сеткі магазінаў “Еўраопт”. Праз два гады АЛМІ” адмовілася ад участка. “Еўрагандаль” таксама доўга не распачынаў будаўніцтва, зараз фірме выдзелена іншае месца для размяшчэння магазіна – на перакрыжаванні вуліцы Усходняй і Аэрадромнай, каля новай бальніцы. Праект падрыхтаваны і нават прайшоў экспертызу,  хутка павінна пачацца будаўніцтва.
Яшчэ адзін аб’ект гандлю з’явіцца ў першым мікрараёне на вуліцы Казіміра Сваяка – там у хуткім часе пачне будаўніцтва магазіна фірма з  літоўскім капіталам. Праект цяпер праходзіць экспертызу.
У другім мікрараёне, у канцы вуліцы Кастрычніцкай,  выкупіла зямельны ўчастак для размяшчэння магазіна і ўжо заключыла інвестыцыйны дагавор вядомая фірма “Санта-Брэмар”.
На пустцы насупраць аўтапарка, дзе запраектавана будаўніцтва новага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, выстаўлены на аўкцыён зямельныя ўчасткі для размяшчэння камунальна-бытавога і гандлёвага аб’ектаў.
Што тычыцца аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры, то нельга не ўзгадаць сучасныя дзіцячы сад і гімназію ў першым мікрараёне, якія паспяхова дзейнічаюць. Сёлета да пачатку навучальнага года павінны адкрыць новы дзіцячы садок на 195 месцаў у другім мікрараёне – і зрабіць задзел для другога, які плануецца ўвесці ў наступным годзе. У 2018 годзе пачнецца будаўніцтва новай школы ў другім мікрараёне, увядзенне якой запланавана на 2019 год.
Распачата будаўніцтва ў другім мікрараёне фізкультурна-аздараўленчага комплексу з лазняй на 100 памывачных месцаў, басейнам і спартыўнай залай. Басейн, праўда, будзе не спартыўны, а аздараўленчы: адносна неглыбокі – 4 дарожкі па 25 метраў, глыбіня 1.20-1.40 метра. ФАК плануецца здаць у эксплуатацыю ў наступным годзе.
А фізкультурна-спартыўны комплекс будзе ўзводзіцца асобна – яго праект практычна гатовы. У абласной інвестыцыйнай праграме прадугледжаны сродкі на праект рэканструкцыі існуючага стадыёна, а побач з ім з’явіцца і фізкультурна–спартыўны  комплекс – там будуць і залы для гульнёвых відаў спорту, для развіцця якіх у нас пакуль няма адпаведнай базы, і спартыўны басейн з тумбамі. Праект практычна гатовы. У наступным годзе плануецца пачаць будаўніцтва.
У другім мікрараёне, дзе ўтварылася пешаходная алея,  размесціцца Дом дзіцячай творчасці.  І яшчэ адзін  прыгожы аб’ект хутка з’явіцца ў другім мікрараёне – сацыяльна-культурны комплекс з музеем і бібліятэкай.

Чернушевич.jpgДанута Францаўна Чарнушэвіч:
–           Я – ураджэнка гэтага раёна, даўно жыву ў Астраўцы – і вельмі люблю наш горад: такім, як ён быў і які ён ёсць. А ад таго, якім ён будзе, я проста ў захапленні! Шкада толькі, што лепшыя гады мінулі – і пажыць у такім цудоўным горадзе давядзецца нядоўга…
Многія наракаюць на тое, што Астравец становіцца шумным, шматлюдным, мітуслівым – але мяне гэта не напружвае. Я ўсё жыццё працавала ў культуры і прывыкла да шуму. Не люблю цішыні і адзіноты, мне трэба, каб усё кіпела, і мне вельмі падабаецца, што ў нас будзе менавіта такое кіпучае жыццё. У абноўленым горадзе гуляю з задавальненнем, любуюся новымі прыгожымі будынкамі – і пакуль не заўважала там ніякага шуму і мітусні. Вельмі спадзяюся, што тут знойдзецца месца для адпачынку – і не толькі моладзі.
Радуюся ўсяму новаму, што з’яўляецца ў Астраўцы -- асабліва што тычыцца культуры і спорту. У мяне ўнук займаецца боксам у спартыўнай  школе – я вельмі рада. Канешне, бокс – гэта цудоўна, і вялікі дзякуй Аляксею Маргужу, што ён у нас на такім узроўні,  але ў нас не хапае магчымасцей для заняткаў іншымі відамі спорту -- тэнісам, гімнастыкай, плаваннем. Добра, што ўсё гэта неўзабаве з’явіцца.
Яшчэ на адной тэме хацелася б завастрыць увагу. Да нас прыязджае ўсё больш турыстаў і проста гасцей, новых людзей. А паказаць ім, акрамя каменных скульптур, няма чаго. Нават сувенірнай крамы няма!  Турыстычныя аб’екты ў горадзе патрэбны – мы павінны сваім унукам і гасцям паказваць, як жылі нашы дзяды і прадзеды.
Яшчэ адно пытанне: куды ў Астраўцы можна схадзіць з дзецьмі – пачаставаць іх марожаным, кактэйлямі? Усе гуляюць у лесапарку, і я таксама – але там ні дарожак нармальных, ні атракцыёнаў для дзяцей.
І ўезды ў горад: з боку Маляў – гасцей сустракаюць гаражы, з боку аўтастанцыі – увогуле балота. 

Віталь Мар’янавіч Мацкевіч:
–           Гаражы – гэта не пачатак горада. Калі гаварыць пра яго межы, то новабудоўля за Малямі з правага боку – гэта ўжо горад.
Наталля Уладзіміраўна Волк-Леановіч:
–           І па чым гэта відаць? За пяць гадоў нават знакі ўязныя не перанеслі…
Віктар Збігневіч Свіла:
–           Што тычыцца паркаў, то, на мой погляд, Астраўцу няма патрэбы мець традыцыйны гарадскі парк. У нас ёсць свая адметная “ізюмінка” – лесапаркавая зона. Проста яе трэба развіваць: зрабіць пешаходныя дарожкі, магчыма, веласіпедныя; дзіцячыя пляцоўкі. Цудоўную лясную зону, што абрамляе Астравец, трэба добраўпарадкаваць. Да прыкладу, напрошваецца ідэя з вуліцы Паркавай па існуючай дамбе праз мосцік зрабіць пешаходную дарожку ў першы мікрараён, да гімназіі, – гэта было б цудоўна.
Віталь Мар’янавіч Мацкевіч:
–           Дарэчы, такі праект ёсць – пакуль што, на жаль, ён не знайшоў падтрымкі ў вобласці. Паспрабуем звярнуцца яшчэ раз.
Расціслаў Іванавіч Бразінскі:
–           А я хачу завастрыць праблему бяспекі дарожнага руху. Адно з яго складальнікаў – пытанне стаянак у мікрараёне Валадарскага: каб прыпаркаваць там машыну, трэба вельмі пастарацца, а праехаць у вячэрні час, не зачапіўшы чужы аўтамабіль, можа толькі віртуоз.
Яшчэ ў цэнтры горада вельмі патрэбен рэгулюемы пешаходны пераход са светлафорам -- думаю, у гэтым мяне падтрымаюць усе, хто сядзіць за рулём. Там жа на працягу 300 метраў – тры пераходы. А пешаходы ў нас прывыклі, што праўда заўсёды на іх баку: нехта паглядзіць на дарогу, ступаючы на пераход, а іншы і галавы не паверне. Колькі на гэтым адрэзку вадзіцельскіх нерваў спалена – не злічыць.
Віктар Збігневіч Свіла:
–           А ўявіце, што было б, калі б у нас не было аб’язной Паркавай вуліцы – тая ж дарога, калі хто памятае, заканчвалася тупіком. Колькі транспарту пайшло ў абход цэнтра…
Расціслаў Іванавіч Бразінскі:  Бразинский.jpg
–           Хоць увогуле праблемы, пра якія мы гаворым сёння, – гэта не тыя, што былі гадоў 10, 20, 30 таму. І трэба разумець: гэта праблемы росту. Я ў Астраўцы нарадзіўся, вырас і, за выключэннем пяці гадоў вучобы ў інстытуце і двух гадоў работы па размеркаванні, усё жыццё пражыў тут. Добра памятаю час, калі ў райцэнтры было дзве вуліцы – Карла Маркса і Валадарскага, а на месцы сённяшняга мікрараёна Валадарскага знаходзіўся вялізны пустыр, можна сказаць – балота. Напачатку людзі ўручную капалі траншэі, каб адвесці ваду, потым прыйшла меліярацыя – і тут сталі будаваць шматпавярховыя дамы.  Асфальт некалі пачынаўся ад апошняга дома №36 па вуліцы Валадарскага і цягнуўся да Гудагая,  а далей у адзін бок і ў другі ішла брукаванка. Адразу за горадам быў стары драўляны мост, за якім дарога заканчвалася – і пачыналася бог ведае што... Ды што там – я памятаю, як па цэнтральнай плошчы куры хадзілі!

 Астравецкі раён быў створаны ў 1940 годзе з цэнтрам у вёсцы Астравец. Гарадскім пасёлкам райцэнтр стаў толькі ў ххх годзе.  Толькі пяць гадоў назад мы атрымалі статус горада – і зараз пачынаем пералічваць, чаго тут не хапае…
Наталля Уладзіміраўна Волк-Леановіч:
–           Яшчэ пяць гадоў назад я была жыхаркай вёскі Малі, а калі дакладней, – той яе часткі, якую мясцовыя і цяпер называюць Бабанішкі. І, калі шчыра, то асаблівых змен у сваім жыцці ў сувязі з набыццём статуса гараджан я і мае суседзі не адчулі.
Хачу сказаць, што, калі мы яшчэ жылі ў вёсцы, гарадскія ўлады зрабілі нам неацэнны падарунак – дапамаглі правесці газ.
А калі сталі гараджанамі, у нас узнікла шмат праблем. Зараз у наш мікрараён, ходзяць чуткі, вядуць водаправод. Штодня па вуліцы, якую ў свой час жыхары будавалі сваімі сіламі і за свае сродкі, патокам ідуць вялікагрузныя машыны. Дарога практычна разбурана. У нас тут, як кажуць, на верхнім хутары, -- яшчэ куды ні ішло, а далей,  уніз – не даехаць, не дайсці. Машыны ўсе пакідаюць каля нас і далей з маленькімі дзеткамі плывуць на гэтым балоце. Зразумела, што людзі абураюцца.
 Напэўна, усё гэта робіцца для дабрабыту горада і яго жыхароў -- але самі жыхары пра гэта нічога не ведаюць, карыстаюцца ў асноўным чуткамі, а не дакладнай інфармацыяй. Нехта ж павінен сабраць мясцовых жыхароў і расказаць, што будуецца, для каго і для чаго.
Я вельмі рада, што ў нас расце горад, што многае мяняецца да лепшага. Але трэба звярнуць увагу не толькі на цэнтральныя вуліцы, новыя мікрараёны, але і на ўскраіны, у тым ліку і на вёскі, што былі ўключаны ў рысу горада пасля надання Астраўцу  статуса горада – тыя ж Бялькішкі, Бабанішкі, Слабодку. Я цудоўна ведаю, што такое бюджэт, што грошай заўсёды не хапае. Але не хапае не толькі грошай, у першую чаргу – інфармацыі.  Трэба гаварыць з людзьмі: сабраць, расказаць, што вось цяпер у вас  так – але хутка з’явіцца тое і гэта. Так, давядзецца патрываць: будзе хадзіць цяжкая тэхніка, стануць разбітымі дарогі. Але праз нейкі час вы зможаце падключыцца да цэнтральнага водаправоду, каналізацыі. Людзі ў нас не лайдакі і самі гатовы дапамагчы – але трэба ведаць, каму і для чаго.
Віктар Збігневіч Свіла:
–           Вельмі важныя рэчы сказала Наталля Уладзіміраўна. Сапраўды, калі тыя ж Бабанішкі ці Бялькішкі – гэта ўжо горад, то гэта павінна  быць абазначана адпаведнымі знакамі – каб людзі разумелі, што яны ўжо ўехалі ў горад. І трэба  ўключаць гэтыя тэрыторыі ва ўсе гарадскія праграмы.
Другое пытанне – дзейнасць нашых інфармацыйна-прапагандысцкіх груп не павінна абмяжоўвацца гутаркамі з актывам ва ўтульных актавых залах адміністрацыйных будынкаў. Трэба ісці ў масы ў літаральным сэнсе гэтага слова, расказваць, што ёсць і што будзе. Інфармацыі і сапраўды не хапае.
Наталля Уладзіміраўна Ачарэтава:  Очеретова.jpg
–           Мае мары і надзеі на развіццё горада ўжо спраўджваюцца. Пераехала ў новы будынак дзіцячая бібліятэка – цудоўнае памяшканне, умовы для работы, проста душа радуецца. Праўда, пакуль што нашым традыцыйным чытачам далекавата хадзіць сюды -- школы засталіся ў старым горадзе і першым мікрараёне. Але, як мы сёння чулі, хутка і ў другім мікрараёне адкрыюцца школы, садкі – чытачоў стане больш. Мару, што ў хуткай будучыні і цэнтральная бібліятэка атрымае новы будынак.

За  апошнія гады ў Астраўцы прыкметна павялічылася колькасць турыстаў. І я згодна з Данутай Францаўнай: нам трэба  развіваць гэты накірунак. Турызм ва ўсіх краінах свету -- значная частка даходаў бюджэту. Патрэбна сувенірная прадукцыя, прафесійныя гіды, якія могуць правесці экскурсію па гораду і раёну, а галоўнае – вартыя ўвагі турыстычныя аб’екты.
А яшчэ мне вельмі хочацца, каб у нашым горадзе была добрая зала для правядзення выстаў, свая галерэя.
Ніна Аляксееўна Рыбік:
–           Шырокага святкавання пяцігоддзя Астраўца ў статусе горада не будзе – не той юбілей. Тым не менш – што можна аднесці да падарункаў гораду з нагоды гэтай “напаўкруглай” даты? І што, на вашу думку, трэба зрабіць, каб падрыхтавацца і ў наступным годзе годна адзначыць 550-годдзе Астраўца?
Віктар Збігневіч Свіла:
–           Падарункі  да юбілею Астраўца ў нас адбываюцца кожны год, прычым даволі істотныя: то школа, то садок. Нядаўна, як ужо гаварыла Наталля Уладзіміраўна, дзіцячая бібліятэка са старога, як сіта, будынка перасялілася ў новы цудоўны дом – гэта проста бальзам на  душу.
Пяцігадовы юбілей горада мы адзначылі шэрагам нематэрыяльных праектаў. Першага  красавіка прайшоў раённы конкурс КВЗ, прысвечаны гэтай даце. Плануецца правесці велапрабег да юбілею. Рэдакцыя “Астравецкай праўды” аб’явіла фотаконкурс “Родны мой горад”, які, спадзяёмся, прадоўжыцца і далей і выльецца ў прыгожы фотаальманах. Падарункам гораду да яго першага юбілею можна лічыць і тое, што ў нас з’явілася свая тэлепраграма “ТВА. ТВой Астравец”, якая выходзіць кожную сераду ў эфір з выпускам апошніх навін і відэарэпартажаў.
Яшчэ адзін з такіх падарункаў -- гарадскі транспарт. Горад расце, гэта ўжо не той Астравец, у якім з аднаго канца горада можна дайсці пехатой у другі максімум за паўгадзіны, і ён павінен мець нармальныя транспартныя камунікацыі. Сёлета гарадскія аўтобусы ўжо выйшлі на маршрут, але пакуль яны не вельмі запатрабаваныя. На мой погляд, праблема ў тым, што маршруты вельмі разгалінаваныя – і таму нязручныя. Замест  таго, каб зрабіць два прамыя – да прыкладу, Бялькішкі-Гудагай і Малі-Слабодка з перасячэннем у цэнтры, мы стараемся кожнаму дагадзіць і  пад’ехаць пад кожную хату.
Спадзяюся, што да 550-годдзя Астраўца адбудзецца аптымізацыя маршрутаў, па гораду стануць хадзіць прыкметныя гарадскія аўтобусы, з’явяцца прыгожыя добраўпарадкаваныя прыпыначныя пункты — і гарадскі транспарт будзе карыстацца папулярнасцю ў жыхароў.
Волк Леонович.jpgНаталля Уладзіміраўна Волк-Леановіч:
–           Просьба ад усіх жыхароў Бабанішак: не забудзьцеся, калі ласка, зрабіць такі прыпынак і каля павароту на нашу колішнюю вёску, а зараз – на адну з вуліц горада Астравец.
Віктар Збігневіч Свіла:
–           А яшчэ мы набліжаемся да 10-цігадовага юбілею нашай астравецкай сімволікі – герба і сцяга: яны былі зацверджаны ў чэрвені 2007 года.
Данута Францаўна Чарнушэвіч:
–           Нам патрэбен і свой гімн. Можа, варта аб’явіць конкурс – магчыма, адгукнуцца прафесійныя беларускія паэты  і кампазітары?
Віктар Свіла:
–           Падарункам да 540-годдзя горада сталі дзесяць каменных скульптур, якія ўпрыгожылі наш горад. Ёсць надзея, што і сёлета з’явіцца падобны падарунак – помнік воінам-інтэрнацыяналістам. Работы ў гэтым накірунку вядуцца актыўна, прадпрыемства меліярацыйных сістэм ужо прывезла пяцітонны валун для ўстаноўкі асноўнай часткі кампазіцыі, над якой працуе скульптар Шумаў.
Увогуле да мінулага юбілею, 540-годдзя Астраўца, мы зрабілі вельмі шмат – у многім дзякуючы дынамічнасці і энергіі тагачаснага старшыні райвыканкама, сённяшняга дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Адама Дзмітрыевіча Кавалькі. Мы і сёння карыстаемся здабыткамі таго юбілейнага года: служаць людзям адрэстаўраваныя будынкі, фасады, дахі, добраўпарадкаваныя тэрыторыі. Хацелася, каб да наступнага юбілею таксама было зроблена нешта істотнае, што застанецца на гады.
Спадзяюся, што да юбілею горада мы выдадзім кнігу пра гісторыю СШ №1, якую напісала былая настаўніца Ларыса Аляксандраўна Мартынава.
Адным з падарункаў да 550-годдзя Астраўца павінна стаць званне ганаровага грамадзяніна – плануецца, што так будуць адзначацца самыя вядомыя, заслужаныя людзі, якія праславілі наш горад. Сесія раённага Савета дэпутатаў зацвердзіла палажэнне аб гэтым званні, зараз яно праходзіць экспертызу ў Міністэрстве юстыцыі. Паралельна распрацоўваецца спецыяльны знак ганаровага грамадзяніна Астраўца. Падчас святкавання юбілею горада, якое, спадзяюся, пройдзе на высокім узроўні, адбудзецца ўручэнне першых такіх узнагарод.
Расціслаў Іванавіч Бразінскі:
–           У многіх жыхароў горада, я думаю, захаваліся фотаздымкі старога Астраўца – сёння гэта ўжо сапраўдная гісторыя. Было б добра папрасіць людзей часова падзяліцца імі, зрабіць копіі – і арганізаваць фотавыставу да юбілею горада.
Данута Францаўна Чарнушэвіч:
–           Я думаю, што варта звярнуцца да жыхароў Астраўца, магчыма, з дапамогай “Астравецкай праўды” і спытаць: што яны параілі б зрабіць да юбілею горада?
Віктар Збігневіч Свіла:
–           Звычайна пасля таго, як матэрыялы круглага стала з’яўляюцца ў газеце і на сайце, ідзе шмат каментарыяў – рознай “танальнасці”, але ёсць сярод іх нямала канструктыўных. Спадзяюся, што чытачы газеты і на гэты раз будуць такімі ж актыўнымі і выкажуць свае прапановы аб тым, якімі падарункамі мы павінны адзначыць 550-годдзе Астраўца.
Рыбик.jpgНіна Аляксееўна Рыбік:
–           Усе мы былі сведкамі, як непазнавальна наш горад змяніўся за пяць гадоў – гэта адбывалася ў нас на вачах. А цяпер давайце ўявім, якім ён стане яшчэ праз пяцігодку, да 10-цігадовага “гарадскога” юбілею? Якім вам бачыцца Астравец узору 2022 года?
Уладзімір Дзмітрыевіч Горын:
–           Праз пяць гадоў, калі горад пакінуць будаўнікі, якія зараз працуюць на будаўніцтве Беларускай АЭС, Астравец зноў стане ціхім, спакойным утульным горадам для размеранага сямейнага жыцця. Колькасць працуючых на станцыі складзе каля 2 тысяч чалавек, плюс сем’і – тысяч 6-8, якія растворацца ў асноўнай масе жыхароў, – і мы ўсе будзем разам жыць і карыстацца ўсімі дабротамі, якія намі ж будуць створаны.
Віталь Мар’янавіч Мацкевіч:
–           Хацелася б, каб усё тое, пра што я сёння расказваў, што спланавана, запраектавана, -- было пабудавана.
Расціслаў Іванавіч Бразінскі:
–           Мары маюць уласцівасць збывацца – але толькі ў тым выпадку, калі над гэтым працуеш.
Напэўна, цудоўна будзе жыць у такім горадзе. Хацелася б убачыць усё, што пакуль існуе на малюнках, на свае вочы.
Данута Францаўна Чарнушэвіч:
–           Мне хочацца, каб наш горад любілі яго жыхары і бераглі тое, штозроблена і робіцца для нас. І каб у ім было камфортна жыць усім – і дзецям, і моладзі, і працуючым, і нам, людзям сталага веку. І каб тыя госці, што будуць прыязджаць да нас, нам па-добраму зайздросцілі.
Наталля Уладзіміраўна Волк-Леановіч:
–           Думаю, што і далей наш Астравец будзе расці і развівацца. Хочацца, каб па вуліцах нашага сучаснага горада гулялі маладыя прыгожыя людзі, каб мы ўсе разумелі, душой адчувалі, што гэта – наш горад і што мы ўсе ў адказе за яго. Каб усе былі шчаслівыя  і жылі, як адна вялікая сям’я.
Віктар Збігневіч Свіла:
–           Хацелася б, каб астравецкія людзі не толькі ставілі пытанні і ўздымалі праблемы, але і разумелі намаганні раённай улады, якая імкнецца выкарыстоўваць тыя сціплыя рэсурсы, што ёсць, з карысцю для ўсіх. І каб тое, што робіцца, захоўвалася і прымнажалася. Канешне, ёсць шмат недапрацовак, праблем – гэта паказала і сённяшняя размова за круглым сталом. Мне б хацелася, каб улада і насельніцтва разам працавалі над іх вырашэннем. А 550-годдзе Астраўца стала пэўным штуршком для супольнай работы на карысць нашага горада і яго жыхароў. Каб не ламаліся лаўкі на стадыёне, не нішчыліся пасаджаныя дрэўцы, не рваліся і не выкопваліся кветкі з гарадскіх клумбаў, каб людзі абаранялі і прымнажалі для іх жа створаную прыгажосць і душой хварэлі за свой горад. І каб усе разам мы зрабілі Астравец тым горадам, у якім хочацца жыць – намаганне кожнага.
 

Текст: Нина Рыбик