Дванаццаць падзей адыходзячага года
Заканчваецца 2017 год. Падымаючы за святочным сталом бакал шампанскага, кожны будзе ўзгадваць самыя адметныя яго падзеі ў жыцці сваёй сям’і і сваім асабістым…
А якім ён быў для ўсіх нас, жыхароў Астравеччыны? Мы паспрабавалі вызначыць дванаццаць самых адметных падзей адыходзячага года, пагартаўшы старонкі “Астравецкай праўды”.
Студзень
У студзені ў Астраўцы адбылася знакавая падзея: па горадзе сталі хадзіць маршрутныя аўтобусы.
І ўсё ж галоўнай падзеяй гэтага месяца можна лічыць тое, што ў апошнія дні студзеня ў раёне з’явіўся кіраўнік: старшынёй раённага выканаўчага камітэта быў прызначаны Ігар Яраслававіч Шалудзін.
Люты
Галоўнай падзеяй лютага можна назваць другое нараджэнне першай школы: паслякапітальнага рамонту, якога школа не бачыла з часу свайго будаўніцтва, 45 гадоў, СШ №1 Астраўца прыняла вучняў у абноўленых класах.
Сакавік
Адкрыццё першай на тэрыторыі раёна вайсковай часці №7434, мэта якой – ахоўваць стратэгічны аб’ект – Беларускую АЭС, адбылося з удзелам міністра ўнутраных спраў Ігара Анатольевіча Шуневіча.
Красавік
28 красавіка Астравец, самы малады горад нашай краіны, адзначыў свой першы, “дзіцячы”, юбілей: пяць гадоў назад паселішчу з амаль 550-гадовай гісторыяй рашэннем Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў быў нададзены статус горада.
Май
Дружна, прыгожа, крэатыўна, з парадам дзіцячых калясак, паказам модных мадэляў для дзяцей і цяжарных жанчын, гульнямі і конкурсамі для малых і дарослых прайшоў у Астраўцы фестываль сям’і.
Чэрвень
У сёмы раз паўночныя раёны Гродзенскай вобласці – Астравецкі, Ашмянскі і Смаргонскі – правялі выставу-кірмаш “Паўночны вектар Гродзеншчыны”, які стаў пляцоўкай для дэманстрацыі эканамічнага патэнцыялу рэгіёна і наладжвання супрацоўніцтва з партнёрамі з блізкага і далёкага замежжа.
Ліпень
Журналістка “Астравецкай праўды” Вольга Хацяновіч стала пераможцайабласнога спаборніцтва сярод журналістаў, а яе калега Святана Фёдарава – пераможцай рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў СМІ дзейнасці органаў і падраздзяленняў МНС.
Жнівень
Духоўна-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў” з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга з удзелам беларускіх навукоўцаў, пісьменнікаў, дзеячаў культуры, святароў, кіруючыся да сёлетняй сталіцы Дня беларускага пісьменства і друку горада Полацка, наведала Астравец.
Верасень
Свята “Дзень дуба”, якое прэтэндуе на званне брэндавага, шырока і маштабна прайшло ў Астраўцы. У рамках яго важныя дзеячы Астравеччыны залажылі дубраву на беразе Янаўскага вадасховішча.
Кастрычнік
У Астравецкім раёне прайшлімаштабныя камандна-штабныя вучэнні з удзелам намесніка прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Ільіча Сямашкі. Падчас вучэнняў адпрацоўваліся пытанні рэагавання розных службаў на гіпатэтычна магчымыя ядзерныя аварыі і ўзаемадзеянне структур у экстрэмальных сітуацыях.
Лістапад
Памятны знак аўтарства скульптара Аляксандра Шомава, прысвечаны воінам-інтэрнацыялістам, якія ў розныя часы аддавалі свой грамадзянскі доўг у розных гарачых кропках свету,быў урачыста адкрыты ў Астраўцы.
Снежань
У Астравецкім раёне прайшоў першы абласны конкурс пекараў, удзельнікі якога здзівілі сваім майстэрствам.
Другое месца ў ім заняла астраўчанка Гражына Мінкевіч, якая разам з пераможцай будзе прадстаўляць Гродзеншчыну на рэспубліканскім конкурсе.