У Астраўцы адзначылі 100-годдзе стварэння органаў ЗАГС

09:15 / 21.12.2017
Векавы юбілей, стагоддзе, незалежна ад таго, хто яго сустракае – чалавек, арганізацыя ці нейкая сістэма, – гэта заўсёды падзея. І менавіта такую падзею адзначалі ў нашай краіне ў снежні – 100-годдзе органаў запісу актаў грамадзянскага стану, – прасцей кажучы, ЗАГСа. І хоць Астравецкі ЗАГС крыху мала­дзейшы – у нашым раёне гэтая ўстанова ўзнікла толькі ў кастрычніку 1944 года – усё ж застацца ў баку было немагчыма! І 15 снежня раённы ЗАГС запрасіў сяброў на свой стогадовы юбілей.

001.jpg

Трэба сказаць, што нешматлікі калектыў раённага ЗАГСа – а сёння тут працуюць усяго два чалавекі: загадчыца Аксана Та­дэвушаўна Дзятко і спецыяліст Ірына Іванаўна Кавалька – пастараўся, каб юбілей прайшоў у цёплай сямейнай атмасферы. У фае гасцей сустракала выстаўка вясельнай атрыбутыкі, шлюбных сукенак былых часоў, фотаздымкаў, на якіх многія пазнавалі сваіх бацькоў, сяброў, суседзяў…

003.jpg


Супрацоўніцы ЗАГСа сталі і вядучымі свята. Яны расказалі пра гісторыю сваёй установы – аказваецца, далёка не заўсёды аддзел ЗАГС асацыяваўся са святам: доўгі час запісы актаў грамадзянскага стану ажыццяўлялі  ў сістэме Народнага камісарыята ўнутраных спраў – і там ужо дакладна абыходзіліся без вэлюмаў, галубоў і ручнікоў… 

Успомнілі і ветэранаў – лю­дзей, якія ў розныя часы працавалі ў ЗАГСе. З 1949 па 1983 год аддзел узначальвала Ма­рыя Васільеўна Мя­дзелец, а затым яна яшчэ пэўны час працавала тут спецыялістам. Людміла Іванаўна Туманава загадвала аддзелам 29 гадоў. Фаіна Мікалаеўна Блашкевіч працавала загадчыцай аддзела нядоўга – але  з ЗАГСам яе звязвае доўгае і плённае су­пра­цоўніцтва: у са­вец­кія часы падчас рэ­­гі­страцыі шлюбу абавязкова павінен быў прысутні­чаць дэпутат мясцовага Савета – і гэтую ролю часцей за ўсё даводзілася выконваць менавіта Фаіне Мікалаеўне.

002.jpg


Не забыліся і пра спе­цыя­лістаў, якія да­па­магалі загадчыкам ад­дзела ажыццяў­ляць сваю пачэсную і такую неабходную людзям місію: Валянціну Чаславаўну Карцель, Галіну Уладзіміраўну Лукшу, Таццяну Іванаўну Жук. Дарэчы, многія з ветэранаў пачулі ў гэты дзень не толькі словы ўдзячнасці за шматгадовую працу, але і былі адзначаны: Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта ўзнагароджаны Людміла Іванаўна Туманава і Таццяна Іванаўна Жук, Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў – Аксана Тадэвушаўна Дзятко, Падзячным пісьмом раённага Савета дэпутатаў, падарункам ад раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын – вернага спадарожніка і памочніка аддзела ЗАГС –  Ірына Іванаўна Кавалька. Словы падзякі прагучалі і ў адрас Марыі Станіславаўны Пасечнік, пад музычнае суправаджэнне якой не адно дзесяцігоддзе адбываецца таінства стварэння новай сям'і.

007.jpg

005.jpg

З віншаваннямі і падарункамі прыйшлі на юбілей верныя паплечнікі аддзела ЗАГС – старшыні і ўпраўляючыя спра­вамі сельвыканкамаў – і ўзамен атрымалі шмат цёплых слоў, кветкі, а некаторыя – і грашовыя сертыфікаты.

Святочны настрой для ўдзель­нікаў свята стваралі вядомыя ў Астраўцы калектывы – хоры ветэранаў і «Польскае рэ­ха Аст­раўца», юная Каця Вайця­хоўкая.
А галоўным падарункам для аддзела да стогадовага юбілею органаў ЗАГС можна лічыць тое, што раённы аддзел пасля доўгіх блуканняў па прыстасаваных памяшканнях цяпер мае  свой утульны, прыгожы, дыхтоўны дом, які яго гаспадыні абуладкоўваюць творча, з лю­боўю і густам – каб кожны, хто прыйдзе сюды з радаснай ці сумнай нагоды, адчуваў сябе не ў казённай установе, а нібы дома – камфортна і ўтульна.

008.jpg

2I8A2406.jpg



Фота Івана ПЕТРЫКА 
і Юрыя ГОРЫДА.



Текст: Нина Рыбик