Першы ў Беларусі цэнтр па захаванні ласасёвых рыб адкрыўся ў Астравецкім раёне (+відэа)

11:02 / 11.09.2017

los2.jpg

У Варнянскім НПК  адкрыўся першы ў краіне Ласасёвы цэнтр. Тут кожны жадаючы можа даведацца аб рыбах-«чырвонакніжніцах», пра тое, што ім пагражае і як іх можна выратаваць.

Гасцей з Беларусі і суседніх краін су­стрэлі ў школьным музеі. Акрамя цікавай экскурсіі, удзельнікаў мерапрыемства чакала інтэрактыўная гульня на веданне мясцовых назваў, прадметаў быту і гісторыі.

Цэнтральным  момантам дня стала пераразанне сімвалічнай  стужкі: цэнтр адкрыты!

– Мы адкрываем Ласасёвы цэнтр, каб расказаць людзям,  у першую чаргу мясцовым жыхарам,   аб гэтых унікальных рыбах і аб тым, наколькі важна іх захаваць. Размова ідзе ўсяго толькі  пра некалькі дзесяткаў рыбін, аднак, калі ім  не дапамагчы, яны могуць загінуць, –  адзначыў каардынатар праекта па стварэнні цэнтра, прадстаўнік грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Максім Немчынаў. 

Адкрыццё Ласасёвага цэнтра стала знакавай  падзеяй для Аст­равецкага раёна. Асабліва з улікам таго,  што адбылося яно ў юбілейны год: дзесяць гадоў назад у раёна з’явіліся свае геральдычныя сімвалы – герб і сцяг, на якіх, як вядома, змешчана выява дуба і фарэлі – аднаго з відаў  ласасёвых рыб.

– Сённяшняя падзея – гэта цудоўны падарунак не толькі для Варнянскай школы, але і для ўсяго раёна напярэдадні юбілея – 550-годдзя ўпамінання Астраўца ў пісьмовых крыніцах, –  адзначыў намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла. –  Важна разумець, што адкрыццё цэнтра – гэта не кропка ў вялікай і  важнай справе. Хутчэй – шматкроп'е. Цэнтр будзе служыць людзям, пры яго магчымасцях і рэсурсах моладзь зможа  пазнаваць свой родны край і захоўваць  біялагічную разнастайнасць нашага рэгіёна.

У тым, што работа цэнтра будзе эфектыўнай,  упэўнена і дырэктар Варнянскага НПК Алена Іванаўна Юркойць.

– Ласасёвы цэнтр дае навучэнцам нашай установы пэўныя перспектывы. Па-першае, мы адкрываем факультатыўныя заняткі, якія дапамогуць вучням атрымаць больш шырокія веды пра навакольнае асяроддзе. Па-другое, цэнтр дае поўную інфармацыю для захавання рэдкіх відаў рыбы, а ўлічваючы тое, што ў школу ходзяць дзеці з 26 вёсак, гэтыя веды будуць распаўсюджвацца і сярод мясцовага насельніцтва, –  гаворыць дырэктар школы.

Зрэшты, вывучэннем атлантычнага ласося педагогі і вучні школы займаліся даўно –  пра гэта сведчаць шматлікія ўзнагароды на навукова-практычных канферэнцыях. Цяпер жа дзеці і дарослыя будуць займацца канкрэтнымі справамі.

– У снежні ў нашы рачулкі на нераст прыйдзе ласось – і вучні з настаўнікамі стануць на яго ахову, –  дзеліцца планамі Алена Іванаўна.

Віншаванні і словы ўдзячнасці, падарункі і цікавая экскурсія, дзе любы змог не толькі даведацца пра ласасёвых рыб, іх жыццёвы цыкл і няпросты працэс нерасту і міграцыі,  але і зразумець праблемы іх захавання, а таксама   далучыцца да валанцёраў, каб разам захаваць балтыйскага ласося.

– Ёсць пэўныя абавязкі, якія ўзяла наша краіна, падпісаўшы Канвенцыю аб біялагічнай разнастайнасці. І адна справа – распрацаваць нацыянальную стратэгію, другая – рэалізаваць план дзеянняў па захаванні, а трэцяя – рабіць для гэтага канкрэтныя захады. Сёння мы бачым, што дзякуючы грамадскім арганізацыям, якія падключыліся да справы, мясцоваму насельніцтву і валанцёрам ёсць гарантыя, што ласось будзе захаваны, –  адзначыў кансультант упраўлення біялагічнай разнастайнасці  Мінпрыроды  Віталь Карэнчук.

Што агульнага ў ласосяў з птушкамі? Якую адлегласць яны  пра­ходзяць? Як доўга жыве гэтая рыба? Атрымаць адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні вам дапамогуць у інфармацыйным цэнтры  па захаванні ласасёвых рыб. Наведайцеся – не пашкадуеце!

Для даведкі:

Інфарма­цый­­­ны цэнтр – гэ­та інтэ­рак­тыўная выстава, дзе можна даведацца ўсё пра ласасёвых рыб – сёмгу, кумжу, рачную фарэль. Некалькі дзясяткаў ласосяў штогод прыплываюць з Балтыйскага мора ў невялікія рачулкі  на нераст. Яны  падымаюцца ўверх па цячэнні па Віліі каля 600 кіламетраў, каб адкласці ікру там, дзе нарадзіліся самі. Ікра зімуе ў чыстай вадзе мясцовых ручаёў і рэк. Вясной з’яўляюцца малькі – і моладзь вяртаецца ў Балтыйскае мора, каб праз некалькі гадоў позняй восенню вярнуцца на радзіму на  нераст.

Праект «Развіццё і ўмацаванне сеткі ахоўнікаў вакол значных водна-балотных угоддзяў» выконваецца грамадскай арганізацыяй  «Ахова птушак Бацькаўшчыны» пры падтрымцы Кааліцыі Чыстая Балтыка і фінансаванні  Шведскага  агенцтва па міжнародным развіцці і супрацоўніцтву. 

los9.jpg

los8.jpg

los7.jpg

los6.jpg

los5.jpg

los4.jpg

los3.jpg

los1.jpg

los.jpg





Алена СВЕТЛАЯ, фота аўтара.

Текст: