Першы разбой у Гродзенскай вобласці зарэгістраваны на тэрыторыі Астравеччыны

11:23 / 18.01.2012
ПЕРШЫ ПАЙШОЎ…

Навагоднія святы не заўсёды абмяжоўваюцца адным ці двума днямі. Вось і непрацуючы, раней судзімы жыхар вёскі Літвяны вырашыў, што свята жыцця павінна працягвацца. Праўда, у яго кішэнях гуляў вецер, і таму законная магчымасць набыць чарговую бутэльку гарэлкі адсутнічала.


Рашэнне праблемы аматар “паддаць” знайшоў простае: зайшоў у хату да 84-гадовага аднавяскоўца і запатрабаваў у яго грошай на гарэлку. Калі гаспадар яму адмовіў, нахабны госць раз’юшыўся: дастаў з кішэні кухонны нож, прыставіў да горла пенсіянера і прыгразіў: “Не дасі – зарэжу!” Палічыўшы, што жыццё – даражэй, дзед аддаў нахабніку ўсё, што заставалася ад апошняй пенсіі – 200 тысяч рублёў. Рабаўніка такая сума задаволіла, і ён пайшоў з хаты.
Пенсіянер жа, калі прыйшоў у сябе ад перажытага, адразу ж набраў нумар міліцыі 102. Следча-аператыўная група хутка прыбыла на месца здарэння і без цяжкасцей “вылічыла” і затрымала рабаўніка, які тым не менш ужо паспеў прапіць частку адабраных у старога грошай.
У бліжэйшай будучыні ўсе святы ён будзе сустракаць за кратамі. Пакаранне за падобныя “забавы” можа быць вельмі суровым: ад шасці да пятнаццаці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.



“ПАДАРУНАК”

Аказваецца, пад Новы год здараюцца не толькі радасныя сюрпрызы, але і дрэнныя, і падарункі не толькі дораць, але і забіраюць...


Раённы аддзел Следчага камітэта працягвае расследаванне крымінальнай справы, якая была ўзбуджана напярэдадні Новага года па факту крадзяжу мабільнага тэлефона і 10 тысяч рублёў з кішэні курткі, што вісела ў незачыненым гардэробе раённага аддзела культуры. Пацярпеўшай аказалася шасцікласніца, якая атрымала такі непрыемны “падарунак” якраз напярэдадні Новага года, 30 снежня. А вось чаму дарослыя не паклапаціліся пра захаванне бяспекі каштоўнай рэчы, — вялікае пытанне.



ТОЛЬКІ ДЗЕЛЯ СВЯТА

Святы апошніх дзён пакінулі вялікія прабелы ў кішэнях некаторых жыхароў нашага раёна. А душы іх, нягледзячы на працоўныя дні, жадаюць свята...


Дапамагчы ім прадоўжыць святочны настрой, мусіць, і вырашыла непрацуючая жыхарка вёскі Газа 1975 года нараджэння, пры аглядзе дома якой супрацоўнікамі міліцыі быў знойдзены самагонны апарат і 35 літраў самагоннай брагі.
Супраць жанчыны складзены адміністрацыйны пратакол.


Сяргей ШАРШАНЕВІЧ.
Антон МАЛЬШЭЎСКІ.