Новыя факты па справе школьнікаў, якія рабавалі машыны астраўчан

09:26 / 29.12.2011
Прыгоды працягваюцца…

На мінулым тыдні ў нашай газеце ўжо паведамлялася аб двух вучнях дзявятых класаў з Гудагая і Астраўца, якія сталі на “крывую” сцежку: яны залазілі ў аўтамабілі і кралі, пакінутыя ў іх рэчы. На мінулым тыдні ўсплылі новыя падрабязнасці іх “прыгод”.
Як высветлілі супрацоўнікі міліцыі, на ліку вучняў, акрамя ўжо выкрытых злачынстваў, знаходзіцца яшчэ ўзлом 12 снежня шляхам падбору ключа да аўтамабіля “Форд-Транзіт”, які належыць мужчыну 1982 года нараджэння, вадзіцелю ДУП “Аўтапарк №4”. З машыны юнакі сабе прыхапілі МР3-плэер з пультам кіравання да яго, флэш-карту, сумку для дакументаў і 25 тысяч рублёў.
А 25 лістапада вучань Гудагайскай сярэдняй школы ўкраў каля будынка “Беларусбанка” з кішэні жыхара Астраўца 1990 года нараджэння мабільны тэлефон “Нокіа” і 50 тысяч рублёў.
Зараз крымінальная справа супраць вучняў яшчэ папоўнілася падрабязнасцямі, якія зусім не аблегчаць жыццё юнакоў.



А як жа дзеці?..

І зноў у Астраўцы некаторыя несумленныя грамадзяне вырашаюць зберагчы “капейчыну” за кошт дзяцей.
Пачынае гэты спіс жыхарка вёскі Падваранцы 1988 года нараджэння, якая працуе сушыльшчыцай кардону на Альхоўскай фабрыцы, і ўжо некалькі месяцаў не плаціць дзяржаве за выхаванне дзяцей.
Таксама ўвагу міліцыянераў выклікаў жывёлавод СВК “Гервяты” 1974 года нараджэння і раней судзімы непрацуючы жыхар Рудзішак 1960 года нараджэння.
Міліцыяй супраць гэтых грамадзян узбуджаны крымінальныя справы.



Перавозчыкі…

Калі вы накіроўваецеся ў доўгую дарогу і збіраеце з сабой шмат сваіх каштоўных рэчаў, то не забудзьцеся ўзяць з сабой дакументы, якія б пацвярджалі, што вы сапраўды іх гаспадар. Бо можа здарыцца непрыемнасць…
Менавіта так і атрымалася з непрацуючым жыхаром вёскі Альхоўка 1975 года нараджэння 19 снежня ў 9.20, калі супрацоўнікамі міліцыі была спынена яго машына непадалёк ад вёскі Больнікі. У кузаве аўтамабіля ВАЗ-21063 пры даглядзе было знойдзена 920 кілаграмаў чорнага металу коштам амаль паўтара мільёна рублёў. Суправаджальных дакументаў у мужчына з сабой не было – таму зараз міліцыя праводзіць праверку.
У гэты ж дзень у 14.20 непадалёк ад Міхалішак быў затрыманы аўтамабіль “Івека” жыхара горада Чэрвень 1976 года нараджэння. У яго машыне было знойдзена і канфіскавана амаль 24 тоны бульбы без суправаджальных дакументаў. Па гэтай справе вядзецца праверка.



Мы паедзем, мы памчымся…

Зноў і зноў супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі спыняюць на дарогах і затрымліваюць нецвярозых вадзіцеляў. Але колькасць іх з цягам часу амаль не змяняецца.
20 снежня ў 20.20 на вуліцы Цэнтральнай у вёсцы Філіпаны быў спынены аўтамабіль “Аўдзі-80”, якім кіраваў мужчына 1968 года нараджэння.
Праз тры дні ў 15.45 у выніку правядення аперацыі “Фільтр” на другім кіламетры аўтадарогі Астравец-Тракелі-Солы за рулём аўтамабіля “Аўдзі-80” быў затраманы “з палічным” жыхар Кямелішак 1963 года нараджэння.
Міліцыяй па гэтых справах складзены адміністрацыйныя пратаколы.
А 26 снежня была ўзбуджана крымінальная справа супраць непрацуючага жыхара вёскі Спонды 1960 года нараджэння, якога супрацоўнікі дзяржаўнай аўтаінспекцыі затрымалі раніцай 14 снежня ў нецвярозым стане за рулём аўтамабіля “Фольксваген-Вента”.



Падрыхтоўка да свят

Не змяняюць сваім прыярытэтам многія жыхары нашага раёна, якія любяць ужываць не дзяржаўную гарэлку, а саматужную. Прычым гледзячы на аб’ёмы іх вытворчасці часам застаецца толькі здзіўляцца: навошта столькі?
21 снежня ў 21.30 падчас правядзення прафілактычных мерапрыемстваў у вёсцы Варона ў гаспадарчай пабудове непрацуючага мужчыны 1978 года нараджэння быў знойдзены самагонны апарат і 100 літраў брагі. Па гэтай справе складзены адміністрацыйны пратакол.
А 22 снежня зноў падчас прафілактычных мерапрыемстваў у жыхара вёскі Альгіняны была канфіскавана літровая бутэлька з самагонкай. Супраць альгінянца таксама складзены адміністрацыйны пратакол.


Антон Чык.