Украсці... у святога айца

14:54 / 11.11.2011

Божы запавет “Не ўкрадзі!” людзі парушаюць штодзённа, і гэта, здаецца, ужо нікога не здзіўляе. Аднак часам здараюцца крадзяжы, якія прыцягваюць да сябе ўсеагульную ўвагу. Адзін з такіх адбыўся ў нашым раёне. Яго ахвярай стаў святар, а злодзеем – чалавек, якога ён прытуліў у сваім доме.



РУКА ДАПАМОГІ

Прыкладна год назад у адной з вёсак у доме мясцовага ксяндза-пробашча знайшлі прытулак трое прыяцеляў. Гэта былі неўладкаваныя ў мірскім жыцці Віктар і два браты — Тадэвуш і Казімір. У біяграфіі кожнага з іх было нямала “цёмных плям”, але пальма першынства належала ўсё ж Казіміру, які меў дзве судзімасці – за пагрозу забойствам і за ўхіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі.
Да аблуднай тройцы, ад якой адвярнуліся свет і людзі, пажылы святар аднёсся са спачуваннем і разуменнем і працягнуў ім руку дапамогі. Сябрукі жылі ў доме ксяндза, як у Хрыста за пазухай, на ўсім гатовым. Усё, што патрабавалася ад іх, — па магчымасці дапамагаць па гаспадарцы ды вяртацца да хрысціянскіх каштоўнасцей. Так яно да пары — да часу і было, пакуль у адзін цудоўны дзень Казіміра не зблытаў чорт.



ЗА ПАСХУ!

Дзень на самой справе быў цудоўны. Вялікдзень – і гэтым сказана ўсё. Разам з іншымі прыхаджанамі прыяцелі пабылі на святой імшы, якую адправіў іх дабрадзей, ад пачатку да канца. Дахаты вярнуліся разам з ксяндзом.
Тут у тройцы ўзнікла жаданне “разгавецца” піўком. З просьбай “праспансіраваць” святочны настрой яны звярнуліся да ксяндза. Той быў не супраць, каб мужчыны крыху “адпачылі” – свята ж. Шчодра выдзеліў сябрукам грошай на піва – тыя хуценька збегалі ў магазін, купілі яго шэсць літраў і, ўсеўшыся каля тэлевізара, сталі “святкаваць”. Пробашч ад прапановы скласці ім кампанію адмовіўся і прылёг адпачыць пасля бяссоннай ночы.
Шэсць літраў піва для дужых мужыкоў былі доляй мізэрнай і, апаражніўшы тры двухлітровыя бутлі, яны зноў узялі курс на магазін – грошы яшчэ заставаліся. Іх хапіла яшчэ на чатыры літры. Вось толькі працягу пасядзелак у ранейшым фармаце не атрымалася. Віктар і Тадзік на зваротным шляху затрымаліся ў знаёмых. Казімір жа іх планы не падтрымаў і адправіўся дахаты.



ЧОРТ ЗБЛЫТАЎ...

Доўга чакаць сябра і брата Казімір не стаў: спакуса выпіць узяла верх над мужчынскай салідарнасцю. Ён у адзіноце апаражніў два пластыкавыя бутлі піва і заваліўся спаць.
Прачнуўся мужчына праз некалькі гадзін і высветліў, што ў доме ён застаўся адзін. Ксёндз зноў пайшоў у храм, а сябры яшчэ не вярнуліся. У гэты момант у замутнёную алкаголем свядомасць Казіміра і пракралася подлая думка праверыць, як на самой справе жыве ксёндз, правесці ў яго пакоі нешта кшталту вобыску. Навошта – ён не змог адказаць нават сам сабе, але стаў шнырыць у пакоі прыгрэўшага яго святара.
Нічога адметнага сярод рэчаў святара ён не знайшоў. Калі ўжо збіраўся пакінуць спальню, звярнуў увагу на карціну, што вісела над ложкам. Нехта невядомы нібыта зноў шапнуў на вуха, што варта зазірнуць за яе. Так і зрабіў. Ад таго, што ўбачыў за палатном, у Казіміра галава пайшла кругам: там знаходзіліся два скруткі з валютай.
Такіх грошай у мужыка зроду не было! І Казімір, не задумваючыся, схапіў адзін скрутак і тут жа адправіўся траціць украдзенае. Частку прагуляў у кафэ, частуючы ўсіх сустрэчных-папярэчных за грошы свайго дабрадзея, частку пакінуў у магазіне, бравіруючы сваім багаццем. Дарэчы, на пытанне прадаўшчыцы аб тым, адкуль у яго столькі грошай, злодзей фактычна не зманіў, адказаўшы, што ўкраў іх у бацькі.



ДАРАВАННЕ – І ПАКАРАННЕ

Нічога вечнага ў жыцці не бывае. Вось і Казімір, палічыўшы, што свята жыцця закончана, вярнуўся назад – туды, дзе напаскудзіў. Падкаціў да дома ксяндза шыкоўна, на таксі. На што спадзяваўся, сказаць цяжка, асабліва з улікам таго, што выкліканыя святаром супрацоўнікі міліцыі ўжо праводзілі следчыя мерапрыемствы на месцы злачынства. Убачыўшы ахоўнікаў правапарадку, злодзей спалохаўся і, жадаючы застацца беспакараным, схаваў рэшту нерастрачаных грошай. Аднак гэта яго не выратавала: для следчых не стала цяжкасцю “вылічыць” злодзея. У выніку Казіміру не заставалася нічога, акрамя як прызнацца ва ўчыненым і павініцца.
Даведаўшыся, што яго абакраў чалавек, якому ён давяраў, якога прытуліў у сваім доме, ксёндз тым не менш не толькі дараваў грэшніку, але і заявіў, што не будзе выступаць у судзе ў ролі ахвяры злачынства, бо гэта супярэчыць яго рэлігійным прынцыпам. Спрачацца з ім ніхто не стаў, аднак такая заява не цягне за сабой беспакаранасць злачынцы. У выніку злодзей паўстаў перад зямным правасуддзем. За ўчынены крадзеж суд прагаварыў яго да 1,5 года пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі строгага рэжыму. Пры гэтым было ўлічана, што злодзей чыстасардэчна раскаяўся ў сваім злачынстве. Але раскаянне і пакаянне – не адно і тое ж.
На жаль, даць адказ на пытанне, ці пакаяўся грэшнік, немагчыма – гэта вядома хіба што яму самому ды святару. Не выключана, што таму самаму, якога ён абакраў.


Сяргей ШАРШАНЕВІЧ.
Аляксандр МАРЦІНЧЫК, пракурор раёна.