Чым закончылася рыбалка для двух жыхароў Астравецкага раёна?

07:25 / 19.09.2011

Гэтая гісторыя адбылася летась нічым не адметным познім восеньскім вечарам, калі двое жыхароў вёскі Быстрыца Астравецкага раёна вырашылі парыбачыць на Віліі, якая працякае побач.


І сталі б яны аднымі са шматлікіх рыбаловаў, што бавяць вольны час на беразе з вудай і мараць аб добрай паклёўцы, калі б не цяга да хуткай нажывы. Вудаў рыбакам падалося мала, таму яны, сеўшы ў драўляную лодку, прыхапілі з сабой рыбалоўную сетку, якая з’яўляецца забароненай прыладай рыбалоўства. У парушэнне п. 140.2 Правіл вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства, якi забараняе аматарскае рыбалоўства прыладамі з сеткавых матэрыялаў і з плавальных сродкаў у цёмны час сутак, мужчыны ажыццявілі незаконную здабычу рачной рыбы.
Супрацоўнікі Астравецкага РАУС i раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якiя затрымалі браканьераў, налiчылi ў іх злоўленую 201рыбiну агульнай вагой 13 кілаграмаў 650 грамаў, сярод якой былі плотка рачная, лінь, шчупак, келба, ялец і акунь. Памер урону, прычыненага незаконнай здабычай рыбы, склаў 4 119 500 рублёў — 117,7 базавых велічынь.
Працяг гэтай гісторыі меў заканамерны, хоць і даволі нечаканы для браканьераў, вынік. Прыгаворам суда Астравецкага раёна ад 18 лютага 2011 года жыхары вёскi Быстрыца М. і С. прызнаныя вінаватымі ў здабычы рыбы ў забаронены час, забароненымі прыладамі лоўлі (незаконнай здабычы рыбы), што пацягнула прычыненне ўрону ў асабліва буйным памеры, і на падставе ч. 4 арт. 281 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь асуджаны да пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1 год 6 месяцаў з адбываннем пакарання ў выпраўленчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Неабходна ведаць, што прадугледжанай ч.4 арт.281 Крымінальнага кодэкса асабліва буйным прызнаецца урон, які ў сто і больш разоў перавышае памер базавай велічыні (на сённяшні дзень адна базавая велічыня складае 35000 рублёў). Памер урону вылічваецца, зыходзячы з устаноўленных Указам Прэзiдэнта Республiкi Беларусь ад 8 снежня 2005 г. №580 таксаў для пакрыцця прычыненага ўрону на дзень здзяйснення злачынства. Прычым таксы ўстанаўліваюцца ў залежнасці ад вiду рыбы ў памеры ад 0,05 да 5 базавых велічынь за 1 рыбiну незалежна ад яе вагі і памеру.
Нягледзячы на довады абвінавачваемых аб тым, што яны не ведалі пра забарону аматарскага рыбалоўства з выкарыстаннем сеткі, суд палічыў, што гэта з’яўляецца агульнавядомым i відавочным для абодвух браканьераў.
Важна ведаць, што ў адпаведнасці з заканадаўствам ухіленне вінаватымі асобамі наступстваў здзейсненага парушэння і прывядзенне прыроднага аб’екта ў першапачатковы стан (да прыкладу, вяртанне злоўленай рыбы назад у раку цi вадаём) не з’яўляецца падставай для вызвалення іх ад устаноўленай законам адказнасці.


Дзмiтрый ДАМАРАД, намеснiк пракурора Астравецкага раёна.