Міліцыя паведамляе: справа аб цыгарэтах закрыта, а таксама аб тым, чым займаюцца вартаўнікі

09:03 / 07.09.2011
1
Справа закрыта

У папярэднім выпуску “Аператыўных зводак міліцыі” ў №64 за 24 жніўня 2011 года прайшла заметка “Запас цыгарэт”, якая выклікала абурэнне ў гаспадароў цыгарэт і ў грамадзяніна, у гаражы якога яны захоўваліся. І хоць прозвішчы ў заметцы не ўказваліся, “сарафаннае радыё” хутка іх “вылічыла”. У выніку жыхар вёскі Малі прыйшоў у рэдакцыю з патрабаваннем апублікаваць абвяржэнне. Мы звярнуліся ў раённы аддзел унутраных спраў з просьбай праясніць сітуацыю.
На запыт рэдакцыі Астравецкі РАУС даў наступны адказ:
“У адпаведнасці з патрабаваннямі артыкулаў 3.31 і 10.1 Працэсуальна-выканаўчага Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях па факту знаходжання і канфіскацыі 8 жніўня 19 тысяч пачак цыгарэт “Фэст” у весцы Малі і на падставе артыкула 10.27 Працэсуальна-выканаўчага Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях пастановай ад 18 жніўня 2011 года расследаванне па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні спынена на падставе п.1 ч. 1 арт. 9.6 Працэсуальна-выканаўчага Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (за адсутнасцю падзеі адміністрацыйнага правапарушэння). Цыгарэты вернуты ўладальнікам, жыхарам гарадскога пасёлка Астравец, нідзе непрацуючым А.В. Відута, А.В. Яновічу і індывідуальнаму прадпрымальніку В.В. Яновічу, якія набылі гэтыя цыгарэты для асабістага карыстання.”
Як бачна, справа закрыта з-за адсутнасці самога правапарушэння. Застаецца толькі парадавацца дабрабыту некаторых нашых грамадзян, якія за раз могуць вылажыць 26 мільёнаў рублёў, набыўшы 19 тысяч пачак цыгарэт для ўласнага карыстання. Калі кожны з траіх уладальнікаў тытунёвага запасу будзе выкурваць хоць бы па аднаму пачку, запасу хопіць больш чым на 17 гадоў… Не адсырэў бы толькі “стратэгічны запас” за гэты час, захоўваючыся ў нежылым памяшканні.
Гаспадар гаража, астраўчанін, дакументальна пацвердзіў, што ніякага дачынення да міні-склада тытунёвай фабрыкі не мае.



Пералётныя птушкі

Хутка восень уступіць у свае правы і пералётныя птушкі накіруюцца ў вырай. Напэўна, пад восень вырашылі замаскіраваць сваё злачынства вышукваемыя зараз злодзеі.
18 жніўня каля 18.20 з берага Лошы непадалёк ад вёскі Ізабеліна былі ўкрадзены 2 гусі. Па гэтым факце ўзбуджана крымінальная справа.
Ці не завёўся ў нас уласны спадар Панікоўскі?



І зноў мабільнікі…

Прыгожыя і “наварочаныя” мабільныя тэлефоны ўсё часцей прыцягваюць увагу злодзеяў. Хаця часам не грэбуюць яны і “мінулагоднімі” мадэлямі.
14 жніўня з 19.00 да 19.30 з партманэ ў куртцы, якая вісела каля ўваходу ў памяшканне кароўніка СВК “Гервяты” ў вёсцы Сакалойці ў жанчыны 1985 года нараджэння быў украдзены мабільны тэлефон “Нокіа”.
У ноч з 20 на 21 жніўня пры невысветленых пакуль абставінах знік мабільны тэлефон “Нокіа”, які належыць непрацуючай жыхарцы райцэнтра 1973 года нараджэння.



Што дрэнна ляжала...

“Нарыхтоўкі на зіму” ў злодзеяў набіраюць тэмп.
25 жніўня ў адносінах да жыхара Астраўца 1980 года нараджэння ўзбуджана крымінальная справа. Мужчына вырашыў “зарабіць” на крадзяжы з аўтамабіля “Рэно-Лагуна”, які належыць кантралёру ваеннай часці 2044. Залезшы праз акно ў машыну, злодзей украў барсетку, у якой знаходзілася 2700 літаў, 205 долараў, 40 тысяч рублёў, асабістыя дакументы, мабільны тэлефон “Нокіа”, лічбавы фотаапарат “Фуджы” і ключы. Але злодзей не паспеў далёка збегчы, і хутка ўсё ўкрадзенае было вернута гаспадару.
У ноч на 28 жніўня з бака аўтамашыны “ВАЗ”, які належыць астраўчаніну 1953 года нараджэння, невядомым злодзеем было зліта 30 літраў бензіну “Н-80”. Па гэтай справе вядзецца следства.
У перыяд з 10 па 28 жніўня з незамкнёнага хлява пенсіянера 1940 года нараджэння ў мястэчку Гудагай былі ўкрадзены ДВД-плэер “Полар” з пяццю акустычнымі калонкамі “Хундай”, зараднае прыстасаванне да мабільнага тэлефона і туалетная вада “Арыфлэйм”, якія належалі ўнуку гаспадара.
24 жніўня на злачынства вырашыў пайсці навучэнец Ільянскага аграрнага каледжа, жыхар вёскі Падольцы. Ён каля дзвюх гадзін ночы залез у аўтамабіль “Сеат-Ібіца”, які належыць жыхару Астраўца, што стаяў незачыненым каля АЗС ля вёскі Міхалішкі, і прыхапіў 300 тысяч рублёў.
30 жніўня была ўзбуджана крымінальная справа па факце крадзяжу чатарохсот долараў ЗША ў непрацуючай жыхаркі райцэнтра 1974 года нараджэння. Як паведаміла жанчына, крадзеж адбыўся, калі яна са знаёмымі распівала спіртныя напоі.
31 жніўня каля 16.30 непрацуючы, раней ужо судзімы астраўчанін 1987 года нараджэння, знаходзячыся ў доме пенсіянеркі па вуліцы Валадарскага, украў кашалёк, у якім былі 300 тысяч рублёў. Злачынства было хутка раскрыта па “гарачых” слядах. Частка ўкрадзенага вернута гаспадыні.



Чым займаюцца вартаўнікі?

Як паказала праверка, некаторыя начныя вартаўнікі на сваіх рабочых месцах любяць прылажыцца да бутэлькі.
Так, 26 жніўня каля 0.12 на на сваім працоўным месцы ў нецвярозым стане знаходзіўся астраўчанін 1982 года нараджэння, які вартуе маёмасць будаўніча-мантажнага трэста №41 горада Смаргоні.
Таксама ў алкагольным ап’яненні знаходзіўся і “ахоўнік маёмасці” мясцовага МПМК-158, астраўчанін 1957 года нараджэння, да якога праверка завітала ў гэты ж дзень у 0.30.
Па гэтых фактах складзены адміністрацыйныя пратаколы.



Цяжкі панядзелак

Напэўна, менавіта такі быў ранак першага працоўнага дня на мінулым тыдні ў жыхара вёскі Лугавыя 1964 года нараджэння.
Каб “аблегчыць” яго, мужчына зайшоў да супрацоўніцы фабрыкі “Альхоўка” 1964 года нараджэння, у якой набыў 2 літры самагону. З ім мужчына і быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі ў 11.16. Пазней у кватэры жанчыны было знойдзена яшчэ 2,5 літра “саматужнай” гарэлкі.
Супраць парушальнікаў складзены адміністрацыйныя пратаколы, а самагон канфіскаваны.


Антон Чык.