Па аператыўных зводках міліцыі: што крадуць на Астравеччыне?

11:31 / 24.08.2011
Запас цыгарэт

Звычайна “на чорны дзень” нашы грамадзяне запасаюць самае неабходнае, што хутка падаражае ці знікне з прылаўкаў магазінаў. А хаваюць яны гэтыя рэчы ў закінутых месцах, дзе рэдка бываюць людзі.
Прыкладна ў такім месцы 8 жніўня супрацоўнікі Астравецкага аддзела ўнутраных спраў сумесна з ваеннаслужачымі ваеннай часці 2044 у двары нежылога дома ў вёсцы Малі знайшлі 19 тысяч пачак цыгарэт “Фэст” на суму 2 мільёны 641 тысячу рублей. Будынак належыць астраўчаніну 1973 года нараджэння, які працуе ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльным забеспячэнні насельніцтва.



«Ухілісты» двух тыпаў

Злосныя парушальнікі літары закона працягваюць лічыць, што некаторыя рашэнні суда пісаныя не для іх.
Першы тып такіх грамадзян шкадуе адлічыць неабходныя сродкі на ўтрыманне сваіх дзяцей. Да іх адносяцца непрацуючы жыхар вёскі Палушы В. Баран і жыхарка райцэнтра А. Шафран, дворнік Астравецкага завода “Радыёдэталь”.
Другі тып – раней ужо судзімыя грамадзяне, якім прызанчаны выпраўленчыя работы, але працаваць яны не жадаюць і працягваюць “адпачываць”. Менавіта так і робіць жыхар Міцюн В. Кароль.
Супраць гэтых “ухілістаў” узбуджаны крымінальныя справы.



Сіла ёсць...

Не перавяліся яшчэ “волаты”, якія лічаць, што жонак трэба выхоўваць “пугай”.
Адзін з такіх “асілкаў” жыве ў вёсцы Вавяраны і працуе электраманцёрам у МПМК-158. Больш як паўгода цярпела яго “другая палова”, якая знаходзіцца ў адпачынку па догляду дзіцяці, сістэматычныя пабоі, а 3 жніўня звярнулася за дапамогай у міліцыю.
Другі прадстаўнік моцнага полу з вёскі Палушы, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, падчас сваркі з жонкай стаў пагражаць ёй нажом і забойствам. Супакоіць мужчыну змог толькі нарад міліцыі.
Па гэтых справах вядуцца следствы.



Здаў зброю

Захоўваць дома незарэгістраваную зброю – сабе даражэй.
Менавіта так вырашыў жыхар Міхалішак і добраахвотна здаў прадстаўнікам аддзела ўнутраных спраў 2 паляўнічыя стрэльбы “ТОЗ-16” і адзін абрэз. Як высветлілася, зброя належала яго бацьку, які памёр у мінулым годзе.



Усё, што дрэнна ляжыць…

Менавіта так можна адказаць на пытанне “Што крадуць на Астравеччыне?”
14 жніўня ў РАУС была ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах да непрацуючай жыхаркі вёскі Ігнацова 1972 года нараджэння, якая, знаходзячыся ў доме маці свайго мужа, пенсіянеркі 1939 года нараджэння, украла 5 пачак цыгарэт “Прыма”, батон і 460 тысяч рублёў.
18 жніўня ад будынка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Астравецкага райвыканкама ў сацыяльнага работніка гэтай арганізацыі спрытны злодзей украў дарожны веласіпед.
У гэты ж дзень каля 22.30 раней судзімы жыхар Астраўца 1983 года нараджэння з пад’езда дома №60 па вуліцы Валадарскага ўкраў з дзіцячай каляскі маладой маці 400 тысяч рублёў.



Нарыхтоўкі

Хутка закончыцца лета і прыйдзе час падлічваць запасы на зіму. А некаторыя незаконапаслухмяныя грамадзянне робяць свае “спецыялізаваныя” нарыхтоўкі.
Так, 11 жніўня ў лесе непадалёк ад вёскі Петраполь супрацоўнікі міліцыі знайшлі і ліквідавалі міні-спіртзавод. Каля ляснога бровара знаходзілася каля 700 літраў самагоннай брагі, якая была знішчана на месцы.



Гарэлка і хуткасць

Апошнім часам павялічылася колькасць аўтааматараў, якія сядаюць за руль у стане алкагольнага ап’янення. Не палохае іх нават нядаўняе паніжэнне нормы ўтрымання алкаголю ў арганізме да 0,3 праміле.
9 жніўня рызыкнуць не толькі сабой, а і жыццямі акружаючых вырашыў жыхар пасёлка Гудагай, якога ў 18.50 за рулём аўтамабіля “Нісан” каля райцэнтра спынілі супрацоўнікі ДАІ.
14 жніўня ў 14.45 на вуліцы Ленінскай у пасёлку Гудагай быў спынены аўтамабіль “Дэу-Нубіра”, якім кіраваў жыхар Астраўца 1982 года нараджэння ў стане алкагольнага ап’янення.
20 жніўня яшчэ адзін астраўчанін 1957 года нараджэння, знаходзячыся за рулём свайго “Нісан-Алмера-Ціна”, здзейсніў на плошчы Леніна ў райцэнтры дарожна-транспартнае здарэнне.
21 жніўня ў 20.17 на 216-м кіламетры аўтадарогі Полацк-Глыбокае супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі спынілі машыну “Сканія-113М”. Як паказала экспертыза, вадзіцель аўтамабіля 1975 года нараджэння быў п’яны.
Супраць усіх парушальнікаў складзены адміністрацыйныя пратаколы.


Антон ЧЫК.