Раскрыта гашышна-гераінавая справа

14:56 / 19.08.2011

Чарговы канал пастаўкі наркотыкаў і псіхатропных рэчываў з Еўропы і назад быў ліквідаваны стараннямі праваахоўных органаў. Часта асноўных дзеянняў адбывалася на тэрыторыі Астравецкага раёна.



Пошук

Інфармацыю аб тым, што цераз Гродзеншчыну “прарыты” глыбокі транзітны канал для пастаўкі амфетаміну і гашышу з Еўропы цераз Літву і Беларусь у Расію, а ў зваротным накірунку – гераіну, атрымалі аператыўнікі МУС Рэспублікі Беларусь. Ім удалося высветліць, што ў адным з лясных масіваў Ашмянскага раёна літоўскія наркакур’еры зрабілі схованку, якую начынілі гашышам. Для яго пошуку і далейшай работы па выяўленні і затрыманні наркадзяльцоў у курс спраў увялі змагароў з нарказлачыннасцю Лідскага райаддзела міліцыі і пагранічнікаў.
Падчас аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў удалося знайсці тайнік. У двух рукзаках сапраўды быў схаваны гашыш агульнай вагой больш за 15 кілаграмаў. На чорным рынку кошт такой партыі вагаецца ў раёне 50 тысяч еўра. Па гэтае смяротна небяспечнае “зелле” з Літвы павінен быў з’явіцца 41-гадовы расіянін Раман Капланаў, які меў від на жыхарства ў Літоўскай Рэспубліцы. Займаючы пасаду дырэктара адной з фірм у Вільнюсе, ён не грэбаваў бруднымі грашыма за наркатрафік. Пазней у ходзе следства высветлілася, што за дастаўку гашышу з Беларусі ў Санкт-Пецярбург яму абяцалі адну тысячу еўра.
Капланаў ужо быў на прыкмеце ў беларускіх міліцыянераў, пагэтаму ім заставалася толькі ўзмацніць на ім назіранне. Яму “селі на хвост” і высачылі. Наркакур’ер, папярэдне пакружыўшы па некалькіх раёнах і шматлікіх дарогах Гродзеншчыны, каб адарвацца ад магчымага праследавання, усё ж прыбыў на машыне да месца знаходжання тайніка. Аднак у апошні момант нешта яго ўсё ж насцярожыла, і мужчына не рашыўся браць “на борт” сваёй машыны небяспечны ва ўсіх адносінах груз. Ён развярнуў аўтамабіль і рушыў у бок Віцебшчыны.



Груз

Нягледзячы на такі паварот у справе, сышчыкі не сумняваліся, што злачынцы прытаіліся ненадоўга і ў хуткім часе сябе абавязкова праявяць. Так яно і атрымалася. Чаканне даўжынёй у месяц спыніла аператыўная інфармацыя, што па загаду ценявога “шэфа” Капланаў даставіў з Масквы “пасылку” ў выглядзе каністры з нейкай кіслатой. Ён пакінуў яе на часовае захоўванне свайму знаёмаму Віктару ў адной з вёсак Астравецкага раёна. Праз тыдзень Раман паехаў у Санкт-Пецярбург яшчэ па адну партыю наркотыкаў і цяпер вяртаўся адтуль на машыне. Акрамя таго, па дарозе ён спыніўся на трасе Полацк-Вільнюс каля возера Нарач, дзе правёў “дазапраўку” наркотыкамі, прыняўшы іх ад яшчэ аднаго літоўскага кур’ера. Канечнай кропкай маршруту Капланава з’яўлялася аўтазаправачная станцыя ля таго самага лесу, дзе быў тайнік з гашышам. Але папярэдне яму трэба было заехаць у Астравецкі раён і прыхапіць маскоўскую “пасылку”.
Як паказалі далейшыя падзеі, аператыўная інфармацыя была дакладнай. Капланаў сапраўды прывёз з Масквы 50-літровую каністру з хімічным прэпаратам, які сам па сабе не адносіўся да ліку забароненых, але з’яўляўся базавым для вытворчасці псіхатропнага рэчыва метамфетаміну. З аднаго літра гэтай “бадзягі” ў падпольных лабараторыях “выганяюць” кілаграм забойнай “дуры” альбо два-тры кілаграмы — з паслабленым эфектам. Краінай-заказчыкам небяспечнай хіміі з’яўлялася Галандыя. Каністру з гэтым прэпаратам Раман і пакінуў у свайго прыяцеля на Астравеччыне.
У горадзе над Нявой ён атрымаў ад сувязнога пакет з некалькімі ўпакоўкамі дзіцячага харчавання, якія былі начынены гераінам – больш чым тры кілаграмы. Калі Капланаў быў ужо на зваротным шляху яму прыйшло SMS-паведамленне ад гаспадара, які праінфармаваў, што ва ўмоўленым месцы ля возера Нарач яго будзе чакаць чалавек, які перадасць яшчэ адзін пакет з гераінам.
Так і адбылося. Прыбыўшым на сустрэчу наркакур’ерам аказаўся 40-гадовы літовец Арвідас Бяроніс, які згадзіўся вазіць наркотыкі, каб вярнуць салідны доўг кыргызскім бізнесменам, на грошы якіх ён набыў пад заказ некалькі машын, але не змог іх пераправіць з-за праблем на мытні. Каб кампенсаваць страты, кыргызы прапанавалі яму падзарабіць, звёўшы з наркадзяльцамі.
Гераін дастаўляўся цягніком з Масквы на Віцебшчыну наркакур’ерам-жанчынай. Ва ўмоўных месцах наркотыкі перадаваліся Арвідасу, які, у сваю чаргу, перавозіў іх у зараней абгавораныя месцы і перадаваў наступным кур’ерам. За кожную паездку кыргызы співалі з Бяроніса па адной тысячы доўгу.
У цэлым агульны кошт наркаты, якую загрузіў у сваю машыну Раман Капланаў, складаў, па самых сціплых падліках, больш за 100 тысяч еўра.



Зачыстка

Да такога павароту падзей аператыўнікі былі гатовы. Пагэтаму хутка спланавалі затрыманне абодвух наркакур’ераў. Першым пачуў шчаўчок наручнікаў на сваіх руках Арвідас Бяроніс – гэта адбылося адразу, як ён перадаў гераін Капланаву і пакінуў месца сустрэчы.
Паралельна другая група сышчыкаў і ваеннаслужачыя падраздзялення “Алмаз” рушылі на перахоп Рамана Капланава. Яго затрымалі ў Варнянах, у гаражы ў Віктара, дзе ён збіраўся забраць маскоўскую пасылку.
Такім чынам, беларуская частка транзітнага наркаканала была ліквідавана. Калегам з праваахоўных ведамстваў Літвы і Расіі засталося толькі давесці справу да канца, правёўшы чыстку ў шэрагах наркагандляроў на сваіх тэрыторыях. Для гэтага яны атрымалі ўсе неабходныя звесткі.



Вердыкт

Тэрмін расследавання гашышна-гераінавай справы і яе разгляду ў судзе расцягнуўся амаль на год. Як і варта было чакаць, прысуд вынесены суровы. За незаконныя дзеянні з наркатычнымі сродкамі суд прыгаварыў Рамана Капланава да 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Толькі праз 9 гадоў выйдзе на волю Арвідас Бяроніс. Да абодвух прыменена дадатковая мера пакарання ў выглядзе канфіскацыі маёмасці.


Сяргей ШАРШАНЕВІЧ.



P.S. Дадзеныя дзеючых асоб зменены.