Астраўчанін абакраў ксяндза

11:17 / 27.04.2011
ПАЙШОЎ – І НЕ ВЯРНУЎСЯ

На мінулым тыдні ў лесе каля вёскі Барані быў знойдзены труп мужчыны.
За дзень да гэтага ў міліцыю паступіла заява ад мужчыны аб тым, што 15 красавіка каля 15 гадзін са свайго дома ў Баранях выйшаў яго родзіч 1959 года нараджэння, і да гэтага часу яго месцазнаходжанне невядома. На наступны ж дзень у ходзе пошуку супрацоўнікамі праваахоўных органаў і іншых грамадзян труп мужчыны быў знойдзены ў лесе каля вёскі.
Па факту смерці пракуратурай Астравецкага раёна праводзіцца праверка.



НЕЗАКОННАЯ ПЕРАВОЗКА

Працягваюць працаваць аматары “чорнага” бізнесу.
Раніцай 20 красавіка супрацоўнікамі аддзела барацьбы з эканамічнай злачыннасцю і Дзяржаўтаінспекцыі на дарозе каля вёскі Лоша была затрымана аўтамашына, за рулём якога знаходзіўся астраўчанін. У машыне было знойдзена 1400 кілаграмаў лому чорнага металу на агульную суму 924000 рублёў.
Па дадзенаму факту праводзіцца праверка.



ЗНАЙШЛІ ЗБРОЮ

У нашым раёне пражываюць як добрасумленныя грамадзяне, так і майстры ўтойваць незаконнае.
На працягу тыдня супрацоўнікамі міліцыі праводзіліся мерапрыемствы па ліквідацыі незаконнага абароту агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў. У выніку ў доме жыхара вёскі Шульнікі быў знойдзены самаробны пісталет і 3 патроны калібру 5,6 мм.
А 20 красавіка каля 17.20 пенсіянерка, жыхарка Смаргоні, якая наведалася ў нежылы, пакінуты ёй у спадчыну дом у вёсцы Свіршчызна Астравецкага раёна, добраахвотна аддала супрацоўнікам міліцыі паляўнічае ружжо, патроны і порах. Жанчына растлумачыла, што ўсё гэта належала яе мужу, былому паляўнічаму, які зараз з-за сталага ўзросту не можа самастойна здаць зброю.



НЕ ПАБАЯЎСЯ БОГА

У Вялікдзень, у той час, як большасць вернікаў наведвала святыні і радавалася светламу святу, хтосьці, наадварот, тварыў дрэнныя справы.
Так, 24 красавіка была ўзбуджана крымінальнай справа ў адносінах да непрацуючага жыхара Астраўца, 1982 года нараджэння. У гэты дзень ён з дома ксяндза ў Быстрыцы ўкраў 1000 долараў ЗША.



СПІС ПАПОЎНІЎСЯ

У спіс вадзіцеляў, якія знаходзіліся за рулём транспарту ў нецвярозым стане, дадаліся яшчэ трое.
21 красавіка ў 17.30 на аўтадарозе Задворнікі – Гудагай быў затрыманы жыхар Зэльвы, які кіраваў экскаватарам у стане алкагольнага ап’янення.
24 красавіка ў 18.35 у Варнянах супрацоўнікі ДАІ спынілі астраўчаніна, які знаходзіўся за рулём аўтамабіля “Таёта Карола” ў нецвярозым стане.
Вечарам гэтага ж дня па вуліцы Цэнтральнай у Кавалях быў затрыманы жыхар Астраўца, які таксама кіраваў сваім аўтамабілем “Фольксваген-Пасат” нападпітку.
У адносінах да гэтых грамадзян былі складзены пратаколы.


Марына БАРОК.