Тыдзень postfactum: хто і за што?

11:33 / 19.04.2011
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

Усе падзеі, на якія быў багаты мінулы тыдзень, пабляклі, падаліся другараднымі, не вартымі ўвагі перад здарэннем на станцыі “Кастрычніцкая” Мінскага метрапалітэна. Хто гэта зрабіў і за што? – намагаліся зразумець людзі.

Адказ на першае пытанне быў атрыманы даволі хутка. І тут жа спарадзіў мноства скептычных водгукаў. Нягледзячы на тое, што ўласнае прызнанне ўжо даўно не з’яўляецца галоўным фактарам у вызначэнні вінаватага, а цэнтр Мінска, не кажучы пра метро, літаральна нашпігаваны відэакамерамі, дзякуючы якім пошук “бамбіста” ператварыўся ў справу тэхнікі, у народзе сталі шаптацца, што вінаватага “прызначылі”, а прызнанне “выбілі”. Апублікаваныя пазней кадры з камер назірання не развеялі сумненняў толькі самых зацятых скептыкаў.
А вось атрымаць адказ на другое пытанне – за што? – будзе куды больш складаным. Яго, рацыянальнага тлумачэння гэтых нечалавечых дзеянняў, не можа існаваць увогуле. Самае большае, аб чым мы зможам дазнацца з часам, дык гэта матыў, якім кіраваліся выканаўца і яго памагатыя. Сумняваюся, што ад гэтага нам стане лягчэй. Ды і загінуўшых да жыцця не верне...
За адзін тыдзень для пацярпеўшых у выніку выбуху было сабрана звыш 2-х мільярдаў рублёў. Зрэшты, зняць тэлефонную трубку, зрабіць званок і тым самым папоўніць спецыяльны дабрачынны рахунак на некалькі тысяч рублёў было самым простым і лёгкім. Куды большую каштоўнасць мелі тыя чалавечыя якасці, якія праявіліся ў дні трагедыі: здольнасць да спачування, міласэрнасці, суперажывання…
Адразу пасля выбуху не ўзнікла панікі, людзі дапамагалі адзін аднаму пакінуць месца трагедыі, выпадковыя прахожыя выносілі параненых, аўтааматары, таксісты бясплатна падвозілі пацярпеўшых да бальніцы, жыхары прылеглых дамоў прыносілі медыкаменты, бінты… Пункты пералівання крыві ледзь спраўляліся з патокам жадаючых здаць кроў.
Увесь тыдзень людзі неслі да “Кастрычніцкай” свечкі і кветкі, ціха маліліся на прыступках станцыі метро…
Усё гэта дарагога варта. Гэта тое, ад чаго сціскаецца сэрца і камяк падступае да горла…
На жаль, трагедыя агаліла і прыкрыя заганы, за якія сорамна і балюча…
Першыя хвіліны пасля трагедыі. Пакуль нехта выносіць на паверхню параненых і аказвае першую дапамогу, хтосьці паспешліва здымае ўсё, што адбываецца, на камеру мабільнага тэлефона. Рука “аператара” намагаецца выхапіць самыя крывавыя карцінкі. Нарэшце ў кадр трапляе параненая жанчына. Яна бездапаможна сядзіць ля ўваходу ў метро. Але для аўтара відэа куды важней: трэба хутчэй дабегчы да дому і “зліць” нечаканы эксклюзіў у інтэрнэт.
Ужо праз некалькі хвілін пасля трагедыі на інтэрнэт-сайтах з’явіліся першыя каментарыі наведвальнікаў. Абсалютная большасць — са словамі спагады і спачування. Аднак ёсць і такія, перадаць вар’яцкі, жахлівы ў сваёй цынічнасці змест якіх не паварочваецца язык. У іх – амаль што радасць, нейкая нечалавечая асалода ад таго, што адбылося. “Ура! “Кастрычніцкая” ўзарвалася!” Паглядзець у вочы гэтаму нелюдзю хацелася б не менш, чым у вочы самога тэрарыста.
На наступны дзень пасля выбуху з’явіліся і першыя каментарыі лідараў апазіцыі. Без ценю сумнення яны ўсклалі адказнаць за арганізацыю тэракта на спецслужбы, а затым увесь тыдзень гадалі, што ж цяпер будзе з апазіцыяй?! Нібы важней за гэтае пытанне сёння няма нічога ў свеце!
На жаль, гэткім жа лямантам з нагоды “закручаных гаек” і будучым лёсе апазіцыі азвалася Еўропа. І ні слова спачування! Ні аднаго гнутага еўра ў падтрымку пацярпелых.
Бог усім ім суддзя…
Крывавай трагедыі некаму падалося мала. Ужо ў аўторак па інтэрнэт-сайтах стала гуляць паведамленне аб ананімным тэлефонным званку на тэлебачанне, аўтар якога нібыта паабяцаў новыя выбухі. Неўзабаве паведамленне аб узарваным у Мінску аўтобусе павергла людзей у шок, магчыма, нават большы, чым выбух у метро. Бацькі абрывалі тэлефоны, каб дазваніцца да дзяцей, якія вучацца ў сталіцы, і ледзь не вар’яцелі, калі чулі ў трубцы толькі доўгія гудкі. Маці ў роспачы галасілі.
Каму ўсё гэта было патрэбна? Каму выгадна пасеяць у Беларусі страх?
Прыйдзе час – даведаемся…