На Астравеччыне затрыманы дзве партыі чорнага металу

08:44 / 06.04.2011
ПРЫЙШОЎ, А ГЕНЕРАТАРА НЕ ЗНАЙШОЎ

На жаль, не перавяліся яшчэ на зямлі астравецкай аматары сцягнуць тое, што дрэнна ляжыць.
Нядаўна ў праваахоўныя органы паступіла паведамленне ад супрацоўніка лясгаса аб тым, што ноччу 30 сакавіка ў вёсцы Каценавічы быў украдзены генератар, які пакінулі каля бытавога вагончыка.
Зараз невядомага злодзея шукае міліцыя.




“ЧОРНЫ” БІЗНЕС

На мінулым тыдні супрацоўнікамі аддзела па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю РАУС сумесна з Дзяржаўтаінспекцыяй былі затрыманы дзве партыі чорнага металу.
Так, 31 сакавіка ў 9.15 на аўтадарозе каля вёскі Філіпаны быў затрыманы грузавы аўтамабіль “Мерседэс-Бенц 601”, у якім былі знойдзены і канфіскаваны 800 кілаграмаў чорнага металу на агульную суму 448 000 рублёў. Усё гэта належала вадзіцелю, часова непрацуючаму мужчыне 1970 года нараджэння, які, нягледзячы на парушэнне дзеючага заканадаўства, збіраў, захоўваў і ажыццяўляў транспарціроўку гэтага металу.
На наступны дзень на вуліцы Лясной на станцыі Гудагай быў спынены трактар “МТЗ-80” з прычэпам, за рулём якога знаходзіўся жыхар Вароны 1988 года нараджэння. У прычэпе трактара было знойдзена і канфіскавана 1900 кілаграмаў чорнага металу на агульную суму 1 121 000 рублёў.
Па гэтых справах праводзіцца праверка.



КАМУ – ЗЕРНЕ…

Вясна – час земляных работ, калі трэба перакопваць, узворваць і сеяць…
Напэўна, менавіта аб апошнім занятку ўсур’ёз задумаўся невядомы злодзей, калі ўзламаў рашотку і прабраўся на дачу ў вёсцы Крыжоўка, якая належыць астраўчаніну. Пасля свайго візіту няпрошаны госць прыхапіў з сабой мяшок зерня і радыё.
Зараз яго шукаюць супрацоўнікі міліцыі.



…А КАМУ – РАШОТКІ

Яшчэ адзін крадзеж быў выяўлены ў вёсцы Крыжоўка.
У праваахоўныя органы звярнуўся мужчына з заявай аб тым, што ў перыяд з 28 сакавіка па 2 красавіка ў дом яго сына нехта пранік і ўкраў чыгунныя рашоткі, сячкарню і металічныя трубы.
Па дадзенаму факту праводзіцца праверка.



“БЕДНЫЯ” БАЦЬКІ

Папоўніліся рады бацькоў, якія не жадаюць выплачваць аліменты на ўтрыманне сваіх дзяцей.
Як паведаміў пракурор Астравецкага раёна А.І. Марцінчык, калі сітуацыя не зменіцца, супраць яшчэ чатырох такіх бацькоў – Г.Г. Якубцэвіча, С.Э. Казака, Т.М. Мілейшы і Д.С. Радзівонава – у хуткім часе будуць узбуджаны крымінальныя справы.



АМАТАРЫ САМАГОНУ

Канец сакавіка аказаўся для супрацоўнікаў праваахоўных органаў багатым на выяўленне самагону.
27 сакавіка ў 16.23 на вуліцы Савецкай Астраўца быў затрыманы непрацуючы грамадзянін 1987 года нараджэння, які пражывае ў вёсцы Ліпнішкі. У яго было знойдзена 0,5 літра “гаручай” вадкасці. Як паведаміў затрыманы, самагон ён купіў у невядомага мужчыны за 5000 рублёў.
29 сакавіка быў затрыманы астраўчанін 1972 года нараджэння, які купіў паўлітра самагону ў іншага жыхара райцэнтра за 3000 рублёў.
31 сакавіка ў Кярнянах у адным з дамоў, які належыць пенсіянеру 1934 года нараджэння, быў знойдзены самагонны апарат і 3 літры самагону. А літаральна праз гадзіну ў той жа вёсцы амаль па суседству быў выяўлены яшчэ адзін “чароўны” апарат.
Вечарам 2 красавіка на вуліцы Фізкультурнай райцэнтра быў затрыманы непрацуючы мужчына, які тым не менш знайшоў 6000 рублёў, за якія ён, як пасля паведаміў міліцыянерам, і купіў літр “барматухі” ў “незнаёмага” грамадзяніна.
У адносінах да ўсіх затрыманых быў складзены адміністрацыйны пратакол, знойдзены самагон знішчаны, а самагонныя апараты канфіскаваны.


Марына БАРОК.