На Гродзеншчыне раскрыта схема дзейнасці наркадылераў

11:31 / 18.02.2011

Асуджаны два фігуранты сеткі наркадылераў, якая выкрыта ў мінулым годзе супрацоўнікамі ўпраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці. Яны займаліся пастаўкай і распаўсюджваннем у рэгіёне курыльных сумесяў, у склад якіх уваходзіла асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва JWH-250.


Раскрытая на Гродзеншчыне схема дзейнасці наркадылераў прывяла да выяўлення сеткі распаўсюджвання асабліва небяспечных рэчываў у іншых абласцях Беларусі. Крымінальныя справы ў адносінах да астатніх удзельнікаў злачыннай схемы, у тым ліку і да трох жыхароў Мінска, будуць перададзены ў суд у бліжэйшы час.
У прыватнасці, двое ўраджэнцаў і жыхароў Гродна – 33-гадовы С. Андрыянаў і 28-гадовы Н. Строганаў, раней неаднаразова судзімыя па розных артыкулах Крымінальнага кодэкса, папоўнілі сваю крымінальную біяграфію чарговай судзімасцю. Яны прызнаны вінаватымі ў незаконных дзеяннях: набыцці, захоўванні, перавозцы і збыце асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва. На падставе ч. 3 арт. 328 КК РБ (“незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў”) С. Андрыянаў прыгавораны да 8 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму, Н. Строганаў – да 6,5 гадоў.
У 2010 годзе ўпраўленнем КДБ па Гродзенскай вобласці па лініі барацьбы з наркабізнесам ліквідавана 5 міжнародных каналаў пастаўкі наркотыкаў у Рэспубліку Беларусь. З незаконнага абароту выключаны буйныя партыі наркатычных сродкаў, асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў і наркасыравіны.
Так, арганізатар аднаго з іх, грамадзянін Літвы Р. Скерла, асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі і адбывае пакаранне ў папраўчай установе нашай краіны. Літовец быў злоўлены на месцы злачынства пры рэалізацыі 200 грамаў метамфетаміну.
Акрамя таго, ліквідаваны каналы паставак наркотыкаў і ў невялікія населеныя пункты рэгіёна. Так, пры рэалізацыі буйной партыі амфетаміну быў затрыманы і пасля асуджаны да 8,5 года пазбаўлення волі 28-гадовы жыхар Астраўца С. Сянотаў.
Упраўленнем КДБ па Гродзенскай вобласці сумесна з іншымі зацікаўленымі ведамствамі ішла актыўная работа па выяўленню кантрабандных паставак наркатычных сродкаў у пунктах пропуску на Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь. За спробу ўвозу з-за мяжы буйных партый марыхуаны, з ліку апошніх асуджаных, прыцягнуты да адказнасці па арт. 228 КК РБ (“кантрабанда наркатычных сродкаў”) гродзенец Д. Чадаў – да 4 гадоў і мінчанін А. Ціханаў – да 4,5 года пазбаўлення волі.


Прэс-служба УКДБ Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці.