Міліцыя паведамляе...

16:36 / 19.07.2010
11995

А ну, дай патэлефанаваць!


У Астравецкі РАУС звярнуўся са скаргай жыхар Астраўца.
Як паведаміў мужчына, 5 ліпеня каля 15.00 на СТА філіяла аўтапарку да яго падышоў адзін яго “знаёмы” і нанёс некалькі ўдараў у грудзі і ў твар, пасля чаго забраў мабільны тэлефон. Міліцыяй па гэтай справе праводзіцца праверка.


Наступствы ночы…


Здаецца, усе ведаюць, што адпачываць спакойна можна толькі з надзейнымі сябрамі. Але часта адбываецца так, што збіраюцца не вельмі добра знаёмыя людзі, якіх, аднак, аб’ядноўвае адзіная любоў – да гарэлкі.
Пасля такіх пасядзелак і звярнуўся ў міліцыю жыхар вёскі Нідзяны, які паведаміў, што ў ноч з 24 на 25 чэрвеня ён піў з трыма знаёмымі яму грамадзянамі, сярод якіх трапіліся няблаганадзейныя, бо раніцай мужчына не змог знайсці свой кашалёк, у якім знаходзіліся пенсіённае пасведчанне, пашпарт і 500 тысяч рублёў.
Хто са знаёмых “сцягнуў” кашалёк, высвятляе міліцыя.


Еду, еду я…


Тыя, каму часта даводзіцца ездзіць на грамадскім транспарце ў вялікіх гарадах, у электрычках або на цягніках, добра ведаюць рэкламу “Грамадзяне, будзьце пільнымі…” На жаль, аднаму з такіх пасажыраў пільнасці не хапіла…
Як паведаміў жыхар горада Гомеля, 15 ліпеня ў заказным аўтобусе па дарозе з Гомеля ў Альгіняны невысветленная асоба выцягнула з яго барсеткі мабільны тэлефон і грошы на суму 120 тысяч рублёў.
Міліцыяй па гэтаму факту вядзе праверку.


Дробязь, а непрыемна...


Часам застаецца толькі здзіўляцца, якую драбязу могуць украсці людзі. Ці, можа, злодзеі спадзяюцца, што гаспадары не хутка агледзяцца, а яны за гэты час паспеюць знікнуць?
Як бы там ні было на самой справе, але адна жыхарка Астраўца не толькі пазначыла ў сваёй заяве, што іменна ў яе ўкралі ў ноч з 10 на 11 ліпеня ў Завельцах: кашалёк з дзвюма тысячамі рублёў і сім-картку, але, так бы мовіць, “тыцнула пальцам” у злодзея. Міліцыя вядзе следства.


Бутэлькі свісталі над галавой…


Што толькі людзі не выкідваюць у вокны! Можна колькі заўгодна скардзіцца на “палёты” пакетаў з вадой (што у святле спёкі апошніх тыдняў не настолькі непрыемна), але калі на галаву пачынаюць падаць бутэлькі – гэта ўжор іншая размова.
На шчасце, пакуль яшчэ ў бальніцу з траўмамі галавы бутэлькай ніхто не звяртаўся, але ж падобнае здараецца…
Як паведаміў жыхар вуліцы Валадарскага, 18 ліпеня прыблізна ў 12 гадзін ночы з акна невысветленнай кватэры дома №64 на гэтай жа вуліцы невядомы выкінуў бутэльку, якая трапіла якурат у яго аўтамабіль Аўдзі і пабіла лабавое шкло. Міліцыянерамі высвятляюцца абставіны гэтага здарэння.


Што захоўваем?..


Як паказвае статыстыка, не ўсе ведаюць, што можна захоўваць дома, а што трэба здаць у міліцыю, каб аблегчыць жыццё сабе і сваім блізкім.
Адным з такіх “няведаючых” стаў жыхар вуліцы Савецкай у Астраўцы 1983 года нараджэння, які нідзе не працуе, але змог здабыць 6 літраў самагонкі, якую і захоўваў у сваім доме. Міліцыянеры, што завіталі “ў госці” 13 ліпеня, канфіскавалі самагонку і склалі адміністрацыйны пратакол.


Антон ЧЫК.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений