Криминальная хроника: "таланты" Островетчины и "залетные" гости

06:10 / 26.10.2012
НЕ ДАМОВІЛІСЯ…

Сустрэліся вечарам два мужчыны нападпітку… Пачатак анекдатычны, ды толькі развязка сумная: падчас размовы нечага не падзялілі, пасварыліся і адзін пнуў другога. У выніку ў пацярпеўшага быў выяўлены пералом сцегнавой косці.

Па факце цялеснага пашкоджання, якое адносіцца да катэгорыі цяжкіх, Астравецкім раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа, падчас расследвання якой будзе высветлена прычына, што пабудзіла абвінавачваемага высвятляць адносіны менавіта такім чынам, а таксама віна кожнага з мужчын.



НАВАРАЖЫЛІ…

На Астравеччыне зарэгістравана новая хваля крадзяжоў, якія здейснены асобамі цыганскай нацыянальнасці.


4 кастрычніка да адной з жыхарак вёскі Падваранцы падчас абедзенага перапынку ў хату завіталі цыганкі. Прычыну свайго візіту яны ахарактарызавалі жаданнем прадаць гаспадыні трыкатаж. І хоць яны ўвесь час былі ў полі зроку гаспадыні, пасля таго, як візіцёркі пакінулі дом, жанчына не знайшла 650 долараў ЗША, якія захоўвала ў шафе. Асобы цыганак на сённяшні дзень не высветлены.
За тыдзень да гэтага здарэння асобамі цыганскай нацыянальнасці было здзейснена яшчэ адно злачынства: у жыхаркі вёскі Газа пасля іх візіту знікла 3 мільёны беларускіх рублёў.
Астравецкі РАУС звяртаецца да грамадзян, якім што-небудзь вядома аб гэтых злачынствах, а таксама аб знаходжанні ў іх мясцовасці цыганоў, неадкладна паведамляць аб гэтым у дзяжурную часць. Таксама супрацоўнікі міліцыі заклікаюць жыхароў раёна не пакідаць незамкнёнымі дзверы сваіх дамоў і не ўпускаць да прыезду міліцыянераў такіх асоб у дамы і кватэры.



ДВОЙЧЫ ВІНАВАТАЯ

Цяжка перавыхаваць чалавека, які прыахвоціўся да “лёгкага хлеба” – такіх не палохаюць магчымыя наступствы і крымінальная адказнасць. Так, жанчына з Лазоўкі, якая і так з’яўлялася абавязанай асобай, надумала ўкрасці ў свайго знаёмага з пластыкавай карткі “круглую” суму.
Для гэтага жанчына распрацавала шматхадовы план.


Напярэдадні ажыццяўлення злачынства яна выпівала са сваім знаёмым і пасля эн-най бутэлькі “гаручага” вызвалася схадзіць да банкамата, каб зняць з карткі мужчыны пэўную суму на працяг “банкету”. Такім чынам яна даведалася пін-код банкаўскай карткі.
На наступны дзень святкаванне працягвалася ў лясным масіве каля вёскі Вавяраны. Скарыстаўшы момант, жанчына выцягнула з барсеткі свайго сабутэльніка пластыкавую картку, перадала яе двум сваім знаёмым, прадыктавала ім пін-код і папрасіла іх зняць з карткі два мільёны рублёў.
Мужчыны, не ведаючы аб тым, што картка крадзеная, зрабілі тое, аб чым іх папрасіла жанчына.
Толькі супрацоўнікі міліцыі хутка “раскруцілі” “інтрыгу” і знайшлі зладзейку. Зараз ёй давядзецца адказваць не толькі за здзейсненае злачынства, але яшчэ і за прагулы на працы.



УЗЯЛА… І ВЯРНУЛА

Астравецкім раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах да прадаўшчыцы аднаго з магазінаў Астравеччыны, якая прысвоіла з касы магазіна 3 мільёны рублёў.


Гэты факт быў выяўлены падчас няпланавай інвентарызацыі. Як напісала ў сваё апраўданне жанчына, гэтыя грошы яна патраціла на рэчы для дзяцей. Пасля размовы з супрацоўнікамі праваахоўных органаў прадаўшчыца цалкам вярнула суму ў касу і, па яе словах, раскайваецца ў сваім учынку.



П’ЮЦЬ І Б’ЮЦЬ

Час ад часу злачынствы на тэрыторыі нашага раёна здзяйсняюць ураджэнцы зусім іншых рэгіёнаў. Толькі Фемідзе няма розніцы, хто і адкуль – перад ёй усе роўныя. Так 8 кастрычніка на аўтастаянцы непадалёк ад прапускнога пункта “Катлоўка” жыхар горада Паставы вырашыў абрабаваць вадзіцеля фуры.


Вадзіцель, жыхар горада Віцебска, прыбыў на граніцу, каб пакінуць межы нашай краіны, а правесці час чакання ён вырашыў са сваім знаёмым у горадзе Паставы за забавамі і выпіўкай. Калі ж прыйшоў час вяртацца да свайго аўтамабіля, мясцовыя жыхары “прыязна” згадзіліся дапамагчы віцебчаніну ў гэтым – а заадно і аблегчыць яго кішэні. А на стаянцы пастаўчанін ударыў вадзіцеля. Ад удару апошні паваліўся і страціў прытомнасць. А яго знаёмы, скарыстаўшы момант, абшукаў вадзіцеля і забраў сабе 550 еўра.
Зараз па заяве пацярпеўшага ў Астравецкім РАСК узбуджана крымінальная справа.


-----------------------------
Сяргей КУМІШЧА.
Антон ЧЫК.


Фота з сайта lg.vgorode.ua