Криминальная хроника: травматизм на производстве, воровство колес и кусторезов и пьяное вождение

09:47 / 26.09.2012
ТРАЎМАТЫЗМ  НА ВЫТВОРЧАСЦІ

Апошнім часам на Астравеччыне павялічылася колькасць няшчасных выпадкаў на вытворчасці.


Па факце перакульвання седлавога цягача пры транспарціроўцы вежавага крана, у выніку чаго быў траўміраваны вадзіцель крана (пра гэтае здарэнне паведамлялася ў “АП” №64 18 жніўня), узбуджана крымінальная справа, і асобе, вінаватай у парушэнні правіл аховы працы, пагражае да 3-х гадоў пазбаўлення волі.
Акрамя таго, Астравецкім раённым аддзелам следчага камітэта праводзіцца праверка па яшчэ двух матэрыялах: атрыманне жывёлаводам СВК “Варняны” шматлікіх цялесных пашкоджанняў у выніку падзення з гужавой павозкі, і траўміраванне муляра БУ-142 “Гроднапрамбуд”, на якога падчас выканання ім бетонных работ звалілася апалубка.



“ПЕРААБУВАЕМСЯ”

Напярэдадні чакаемых першых маразоў і халоднага надвор’я аўтааматары актыўна пачынаюць шукаць для сваіх чатырохколых сяброў у магазінах і на рынках “абутак” больш якасны і танны. А некаторыя нядобрасумленныя асобы вырашылі пайсці іншым шляхам.


Так, у ноч на 14 верасня аўтамабіль жыхара райцэнтра невысветленныя пакуль асобы “разулі” на неахоўваемай стаянцы ў мікрараёне Валадарскага. Адбыўся крадзеж у той час, калі асвятленне ў мікрараёне адсутнічала і злодзеям ніхто не перашкаджаў.
Амаль за месяц да гэтага выпадку, у ноч на 1 жніўня ў вёсцы Міхалішкі невядомая асоба залезла ў гараж па вуліцы Лясной і ўкрала адтуль два колы з зімовай гумай маркі “Белшына” і металічныя дыскі агульным коштам 1 мільён 100 тысяч рублёў.
На сённяшні дзень па раёне ўжо зарэгістраваны крадзяжы колаў з трох аўтамабіляў у Міхалішках і аднаго – у Ліпнішках.



ДРЭННА СХАВАЛІ

Чарговы раз легкадумства работнікаў выліваецца ў “звонкую манету” для арганізацыі.


З 29 жніўня па 3 верасня работнікі Астравецкага лясгаса з дазволу майстра вырашылі не насіць з сабой кустарэзы, а схаваць іх у лесе. Ці варта дзівіцца, што пасля выхадных сваіх прылад працы ў схованцы яны не знайшлі?
Зараз Астравецкім РАСК узбуджана крымінальная справа па факце крадзяжу з ляснога масіву каля вёскі Гудагай трох кустарэзаў “Stihl FS400” агульным коштам звыш 16 мільёнаў рублёў.



НІ ГРОШАЙ,  НІ ПРАВОЎ, НІ ВОЛІ?

Апошнім часам павялічылася колькасць грамадзян, якія лічаць, што правы на ваджэнне аўтамабіля – не такая ўжо і патрэбная рэч, асабліва калі махнуць стопку-другую…


14 чэрвеня на 2-ім кіламетры дарогі Барані-Будраны ў 22.35 за рулём аўтамабіля “Нісан-Алмера” быў затрыманы нецвярозы жыхар вёскі Рытань. За гэтае правапарушэнне ён быў аштрафаваны на 25 базавых велічынь – 2,5 мільёна рублёў – і пазбаўлены правоў на кіраванне ўсіх відаў транспартных сродкаў на тры гады.
Аднак ужо 30 жніўня рытанец, зноў у стане алкагольнага ап’янення, вырашыў паўтарыць свае прыгоды – мабыць, спадзеючыся на лепшую канцоўку. Ды не атрымалася: у вёсцы Некрашуны яго “Нісан-Алмеру” спынілі супрацоўнікі дарожна-патрульнай службы.
Зараз правапарушальнік чакае судовага рашэння па сваёй крымінальнай справе – і на гэты раз яму пагражае не толькі штраф, а і пазбаўленне волі.


------------------------
Марэк СІНКЕВІЧ.
Антон ЧЫК.


Фота з сайта adzinstva.by