События недели глазами островецкого журналиста

12:00 / 24.08.2012
5

У мінулую пятніцу была пастаўлена кропка ў справе скандальнай расійскай панк-групы “Pussy Riot”.
За арганізацыю акцыі ў храме Хрыста Збавіцеля яе удзельніцам прызначана пакаранне ў выглядзе 2-х гадоў пазбаўлення волі.


Справа з самага пачатку стала рэзананснай і прыцягнула да сябе ўвагу не толькі расійскіх сродкаў масавай інфармацыі і грамадскасці, а і некаторых зорак сусветнай велічыні. Да прыкладу, у падтрымку ўдзельніц групы выказаліся Пол Макартні і Мадонна.
А шэраг дзеячаў расійскай ліберальнай інтэлігенцыі адазваліся абуральным пісьмом у адрас расійскіх улад, у якім патрабавалі неадкладнага вызвалення нібыта бязвінных дзяўчат.
Што ж на самай справе здарылася? Чаму 40-секундная акцыя выклікала столькі спрэчак, а яе непасрэдныя выканаўцы на наступны дзень былі ўзяты пад варту і знаходзіліся пад ёй увесь час да суда, нібы зацятыя рэцыдывісты?
Чаму ў выпадках куды больш злоснага хуліганства суддзя звычайна абмяжоўваецца адміністрацыйным пакараннем, а ў выпадку з “Pussy Riot” быў прызначаны рэальны тэрмін? Дзяўчаты нікога не забілі, не абрабавалі, не пакалечылі. У выніку малебну не пацярпелі ні вернікі, якія ў гэты час знаходзіліся ў храме, ні сам храм.
Дык за што ж іх пакаралі так сурова?
Так, фармальна і юрыдычна дзеянні ўдзельніц “Pussy Riot”, што называецца, не “цягнуць” на крымінальны артыкул. Аднак далёка не ўсім учынкам можна даць ацэнку з дапамогай крымінальнага кодэкса. Існуюць межы, пераступаць якія не дазволена нікому, хоць фармальна гэта часам і не з’яўляецца парушэннем закону. Нармальнаму чалавеку, напрыклад, не прыйдзе ў галаву танцаваць на могілках, смажыць шашлыкі на вечным агні, абражаць зямлю, на якой нарадзіўся і вырас, апаганьваць Божы храм…
Сваёй акцыяй у Храме Хрыста Збавіцеля “Pussy Riot” свядома пераступілі такую мяжу – і тым самым зрабілі выклік грамадству.
Увогуле, выклік – гэта спосаб іх існавання. Пачынаючы ад назвы групы, у якім прысутнічае недрукаванае слова, і завяршаючы тымі акцыямі, якія здзяйснялі гэтыя нібыта нявінныя дзяўчаты.
Да пары да часу яны ажыццяўляліся проста ў людных месцах: на гарадскіх плошчах, у гандлёвых цэнтрах, метро... Аднак прага славы, скандальнай вядомасці патрабавала больш цынічных дзеянняў. Дзёрзкая, нахабная, правакацыйная акцыя, учыненая ў святым для кожнага праваслаўнага расіяніна месцы, абурыла ўсю краіну.
Яе можна было здейсніць дзе заўгодна – але арганізатарам патрэбен быў грамадскі рэзананс, скандал, і яны свядома замахнуліся на святыню, якая ў свядомасці многіх вернікаў з’яўляецца ўвасабленнем праваслаўнага хрысціянства.
Дарэчы, напярэдадні так званага “малебна” ў Храме Хрыста Збавіцеля ўдзельніцы групы ўчынілі нешта падобнае ў Богаяўленскім саборы. Тое ім сышло з рук. А вось акцыя ў галоўным храме краіны – не.
Рэакцыя на яе з боку грамадзянскай супольнасці і ўладных структур стала, па сутнасці, своеасаблівым тэстам на трываласць для абедзьвюх: знойдуць яны ў сабе сілы і сродкі на дастойны, але непапулярны адказ – ці моўчкі вытруць з твару плявок і тым самым выявяць поўную няздольнасць процістаяння радыкальным атакам звонку на векавыя нацыянальныя традыцыі і гістарычныя маральныя каштоўнасці?
Недаацэньваць небяспеку здзейсненага “Pussy Riot”, тым больш выдаваць гэта за нявіннае свавольства ці банальнае хуліганства, нельга.
Зрэшты, спадзявацца толькі на магчымасці дзяржаўнай рэпрэсіўнай машыны ў барацьбе з замахамі на асновы грамадства таксама не даводзіцца.
Дзякуючы сродкам масавай інфармацыі ў “Pussy Riot” ужо знайшліся сотні паслядоўнікаў. А іх украінскія прыхільніцы на мінулым тыдні спілавалі крыж, які быў устаноўлены ў цэнтры Кіева ў памяць аб ахвярах палітычных рэпрэсій 30-х гадоў.
Усё гэта Расія ўжо праходзіла ў пачатку мінулага стагоддзя. Толькі вось гістарычная памяць у некаторых аказалася надзвычай кароткай…



Эдуард СВІРЫД.